Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезная заслона для беларускіх дзяцей


Ганна Сурмач, Прага (07.12.2004) Новая перадачы сэрыі “Беларусы ў замежжы”. Удзельнікі: Марыя Міцкевіч (Беларусь), Івонка Сурвілла (Канада), Аляксандар Гушча (Беларусь), Ірэна Каляда (ЗША), Крысьціна (Беларусь).

Як вядома, Аляксандар Лукашэнка нядаўна выказаў намер перапыніць выезд беларускіх дзяцей у замежжа на аздараўленьне і лячэньне, а таксама адаптацыю замежнымі сем’ямі беларускіх сіротаў. Пра тое, як рэагуюць на гэту чарговую забарону беларусы замежжа слухайце ў сёньняшнім выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”, які для вас падрыхтавала Ганна Сурмач.

Пад час нядаўняй онлайнавай канфэрэнцыі на нашым сайце заснавальнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы на пытаньне аднаго са слухачоў пра тое, як ён ацэньвае ўдзел беларускай дыяспары ў дапамозе беларускім дзецям адказаў, што вельмі высока, што, фактычна, зь беларускай дыяспары і пачыналася гэтая дабрачынная дзейнасьць у Беларусі. І гэта сапраўды так. Пачынальнікамі ў гэтай справе былі айцец Аляксандар Надсан з Лёндану, Івонка Сурвіла з Канады, іх падтрымалі беларусы ў Амэрыцы, Аўстраліі, Нямеччыне. Яны далучылі да гэтага руху шмат людзей іншых нацыянальнасьцяў, якія да сёньня працягваюць сваю дабрачынную дапамогу ў лячэньні і аздараўленьні беларускіх дзяцей.

Ці думалі калі гэтыя людзі, што замест падзякі яны пачуюць ад цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы, што: “Этот процесс нужно сьвести не просто к минимуму, а практически к нулю”.

Аляксандар Лукашэнка ўсур’ёз зьбіраецца паставіць жалезную заслону паміж беларускімі дзецьмі і астатнім сьветам.

Як ёсьць у рэальнасьці, ці патрабуюць замежнай дапамогі маленькія жыхары Беларусі і што думаюць на гэты конт тыя, хто дапамагае?

На гэтае пытаньне адказвае Марыя Міцкевіч – старшыня Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэньня "Сакавік", які пасьпяхова займаецца пытаньнямі аздараўленьня і гуманітарнай дапамогі дзецям больш за 11 гадоў.

(Міцкевіч: ) “Людзі часта звоняць і просяць, каб была магчымасьць некуды адправіць дзіця на аздараўленьне. Многія ў інтэрнатах кажуць, што калі б не было гуманітарнай дапамогі, то наогул было б цяжка выжыць. А сем''і, асабліва шматдзетныя, яны толькі на дапамогу і спадзяюцца. Звоняць мне і пытаюцца, калі будзе дапамога.

Апошні тыдзень было шмат званкоў ад дабрачынных арганізацыяў з Ангельшчыны і Ірляндыі, усе вельмі ўсхваляваныя, што ня будзе магчымасьці дапамагчы дзецям.

Учора да мяне прыехалі ў госьці ангельцы, якія кажуць, што ў Ангельшчыне многія вядомыя газэты зьмясьцілі артыкулы, прысьвечаныя Беларусі й пісалі якраз пра тое, што дзецям будзе забаронена прыяжджаць у іх краіну.

На гэтую тэму было нават выступленьне міністра замежных справаў Ірляндыі ў парлямэнце. Некалі ў ягонай сям''і жыла дзяўчынка Юля з Мазыра, якую пасылаў тады наш Фонд, калі ён яшчэ ня быў міністрам. Гэтая справа ўскалыхнула многія замежныя краіны.

Зьдзіўляе, што гэтая сытуацыя абмяркоўваецца ў іншых краінах, а ў нас усё ціха. Сёньня я сустракалася з Марыяй Аліевай, якая працуе ў арганізацыі працоўных жанчын, яна сказала, што неабходна пачаць кампанію і ў Беларусі. Падключыць да гэтага жанчын і ўсіх зацікаўленых, каб былі водгукі і ў нашай прэсе, бо тут усе маўчаць”.

(Сурмач: ) “Сапраўды, не чуваць пратэсту і з боку бацькоў тых дзяцей, якія патрабуюць аздараўленьня, лячэньня?”

(Міцкевіч: ) “Мы аздараўляем і лечым ня толькі тых дзяцей, якія маюць бацькоў, а найбольш інтэрнатаўскіх дзяцей, да якіх усе абыякавыя, якія ня могуць атрымаць патрэбнага лячэньня і аздараўленьня. Вось, напрыклад, дзеці з Чэрвенскага дома-інтэрнату ўжо два гады ня могуць выехаць ў Ірляндыю. Два гады міністэрства не дае згоды на вываз дзяцей гэтага дзіцячага дому-інтэрнату. Кажуць, што ня ведаюць, у якіх яны там будуць умовах, які будзе кантроль.

У мяне ёсьць фотаздымкі – дзеці з інтэрнату да паездкі і пасьля аздараўленьня. Зьмены да лепшага відавочныя. Дзяцей бяруць у сем''і, з імі размаўляюць, яны адразу пачынаюць маральна ажываць. У інтэрнатах, асабліва для разумова адсталых дзяцей, адна выхавацелька не пасьпявае з двума дзесяткамі дзяцей весьці размовы, яе галоўны клопат, каб іх накарміць. Бачна, што дзеці інтэлектуальна вельмі адстаюць”.

(Сурмач: ) “А тым часам беларускі прэзыдэнт заяўляе аб тым, што дзеці могуць атрымаць усю неабходную дапамогу і на Радзіме. Ці гэта сапраўды так, спадарыня Марыя? Ці маеце Вы са сваёй практыкі нейкі прыклад, калі дзіцяці здолелі дапамагчы толькі ў замежжы?”

(Міцкевіч: ) “Безумоўна, вось, напрыклад, у нас дзяўчынка, якую ангельцы забралі з Навінак, дзе інтэрнат для разумова адсталых дзяцей. Яны пабачылі, што ў ейных вачах ёсьць разуменьне, хаця дыягназ быў – сымбіцыльнасьць. Яны забралі дзяўчынку ў Ангельшчыну, там зрабілі ёй апэрацыю, дзіця ўстала на ногі, стала хадзіць. Вывучыла ангельскую мову, сама сябе абслугоўвае. Раней у Навінках яна толькі поўзала і амаль што не размаўляла. У нас былі пасьля складанасьці з тым, каб аддаць яе вучыцца, бо ў Навінках школы няма. Вельмі добра, што яе пагадзіўся ўзяць Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат, дзе ёсьць школа”.

(Сурмач: ) “А чаму ў Беларусі гэтай дзяўчынцы не рабілі апэрацыю?”

(Міцкевіч: ) “Не, не рабілі, тут такіх дзяцей сотні. Напрыклад, толькі ў Чэрвенскім доме-інтэрнаце недзе 250 чалавек. Вельмі цяжка ня толькі зрабіць апэрацыю, але выхадзіць дзіця пасьля апэрацыі. Калі гэта дзіця – сірата, то хто яго дагледзіць. Ніхто ў гэтым не зацікаўлены. Прадстаўнікі замежных фондаў, якія прыяжджаюць, кажуць, што спэцыялісты ў Беларусі можа і добрыя, але гэты пэрыяд пасьляапэрацыйны, каб быў добры дагляд, то ў нас гэтага няма”.

(Сурмач: ) “У адной з нашых перадачаў мы распавядалі пра лёс Аляксандры Гушчы, якая ў дзяцінстве пацярпела ад пажару, у дзяўчынкі быў моцна абпалены твар. Цяпер Аляксандры ўжо 18 гадоў, яна перанесла цэлю сэрыю касмэтычных апэрацыяў у Амэрыцы і патрабуе далейшага лячэньня менавіта ў тым жа амэрыканскім шпіталі ў Портлэндзе. Бацька дзяўчыны Аляксандар спадзяецца, што гэтая забарона на выезд не перапыніць лячэньне іхнай дачкі”.

(Гушча: ) “Міністэрства адукацыі ня думаю, што будзе пярэчыць, тым больш, што дзяўчынка ўжо ў амэрыканскай праграме, ёсьць спэцыяльнае запрашэньне шпіталю”.

(Сурмач: ) “А раптам не дазволяць, шпіталь жа амэрыканскі?”

(Гушча: ) “Ну, што ж, не, так не. Будзем намагацца, мы ніколі не апускалі рук, будзем спрабаваць нешта тут рабіць”.

(Сурмач: ) “У той час, калі Аляксандра Гушча знаходзілася ў амэрыканскім шпіталі, фінансава ёй дапамагала беларуска Ірэна Каляда з амэрыканскага Кліўлянда. Пра яе дабрачынную дзейнасьць на карысьць беларускіх дзяцей, пацярпелых ад Чарнобылю, мы таксама распавядалі ў нашых перадачах. Яна сёньня атрымлівае сотні лістоў удзячнасьці ад тых дзяцей зь Беларусі, каму дапамагла паправіць здароўе і паглядзець іншыя краіны. Доўгі час дабрачынны фонд сп. Ірэны аплачваў адпачынак і аздараўленьне беларускіх дзяцей у Славеніі, сёлета ўлетку дзеці – сіроты адпачывалі ў Малдове.

Спадарыня Ірэна таксама ня можа паверыць у тое, што, магчыма, больш ня зможа вывозіць дзяцей на аздараўленьне”.

(Каляда: ) “Яны мне далі ці дадуць грамату ад міністэрства. Так што выглядае, што я змагу вывозіць. Думаю, што я буду вывозіць”.

(Сурмач: ) “Аднак спадарыня Ірэна ўжо мае сумны вопыт, як складана стала апошнім часам працаваць зь Беларусьсю. Грошы, якія даслаў ейны фонд на дабрачынныя мэты ў Беларусь, адрасат так і ня змог атрымаць”.

(Каляда: ) “Цяпер гэта праблема. Яны былі затрымалі грошы, трымалі доўга іх, тады я ліст паслала, і яны мусілі мне іх назад вярнуць. Я ня ведаю, як мы будзем працаваць з Бацькаўшчынаю, гэта вялікая праблема”.

(Сурмач: ) “Вядома, што беларускі прэзыдэнт загадаў цяпер узяць пад татальны кантроль усе грашовыя перасылкі ў краіну. Так што нават калі сп. Ірэна пажадае даслаць на лекі, ці можа на кніжкі некаму з беларускіх дзяцей, напрыклад, 100 ці нават 5 даляраў, гэтыя грошы дзіця хутчэй за ўсё не атрымае”.

(Каляда: ) “Так, як ён гэтага хоча, я гэта выконваць ня буду. Ён хоча, каб усё праходзіла празь яго. Я гэтага рабіць не буду. Я ніколі не рабіла, я ж не пайду пад гэтым сьцягам ніколі. Я цяжка працую, і я не хачу аддаваць грошы, каб ён сабе забіраў”.

(Сурмач: ) “А зараз паслухаем саміх дзяцей.

Крысьціна, 13 гадоў, жыве ў Жыткавічах на Гомельшчыне. Яе родныя мясьціны накрыў некалі чарнобыльскі попел і сама яна пацярпела ад радыяцыі. Дзякуючы дапамозе Фонду “Сакавік” дзяўчынку з групаю іншых дзяцей прымалі на аздараўленьне ў Ірляндыі2.

(Крысьціна: ) “Я ў сем гадоў упершыню паехала ў Ірляндыю. Я езьдзіла ў адну сям''ю, яны мяне часта запрашалі. Яны жывуць каля Дубліна. Мне вельмі там спадабалася. Гэтая сям''я заўсёды вазіла мяне куды-небудзь. Вельмі добра да мяне ставіліся. Яны знаёмілі мяне са сваёю краінаю, паказвалі гістарычныя мясьціны, помнікі.

Мне ў Ірляндыі вельмі дапамаглі з ангельскай моваю, цяпер я добра размаўляю па-ангельску.

Маё здароўе паправілася. У мяне было радыеактыўнае апраменьваньне, былі праблемы са шчытападобнай залозаю. Былі таксама дрэнныя аналізы крыві. Цяпер лепш, пасьля таго, як я некалькі гадоў туды езьдзіла”.

(Сурмач: ) “А ў гэтым годзе цябе гэтая сям’я ізноў запрашае?”

(Крысьціна: ) “У гэтым годзе яны званілі і сказалі, што ніхто з нашай групы дзяцей, якія туды выяжджалі, ніхто ня едзе, дзеці ня ведаюць, ці можна будзе ехаць цяпер на аздараўленьне”.

(Сурмач: ) “А сама ты хочаш паехаць?”

(Крысьціна: ) “Хачу, там вельмі добра для мяне – адпачынак, чыстае паветра, чыстая ежа”.

(Сурмач: ) “Але пабачыцца са сваімі сябрамі ў Ірляндыі Крысьціне сёлета бадай што не давядзецца. Ні яна сама, ні ейныя бацькі цяпер не могуць выбіраць па ўласным жаданьні, куды паслаць на адпачынак і аздараўленьне ўласнае дзіця, бо за ўсіх бацькоў у Беларусі вырашае адзін чалавек – Аляксандар Лукашэнка.

Фонд “Сакавік”, пра які тут гаварылася, апошнім часам пашырыў сваю дзейнасьць у замежжы. Зараз ягоная прадстаўніца спадарыня Марына Язьневіч стала жыве ў Валіі (Уэльсе) і прымае там дзяцей зь Беларусі на аздараўленьне з дапамогаю мясцовай дабрачыннай арганізацыі. Аднак, відавочна, што разгарнуць дзейнасьць ня ўдасца.

Давядзецца скасоўваць дабрачынныя праграмы і ўсім беларускім арганізацыям у замежжы.

Старшыня Фонду “Сакавік” спадарыня Марыя Міцкевіч лічыць, што ўсё менш дапамогі будзе аказвацца і з боку гуманітарных фондаў у розных краінах, якія раней працавалі зь Беларусьсю”.

(Міцкевіч: ) “Многія ўжо будуць адмаўляцца. Яны кажуць, што ёсьць іншыя краіны, дзе трэба дапамога і будуць ужо арыентавацца не на Беларусь”.

(Сурмач: ) “А вось як выказала пра новую ініцыятыву Лукашэнкі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая сама шмат гадоў займалася справамі дабрачыннай дапамогі пацярпелым ад радыяцыі дзецям Беларусі”.

(Сурвілла: ) “З гэтага боку акіяну, а менавіта ў Канадзе, людзі, якія ад 1991 году робяць усё, каб дапамагчы ахвярам Чарнобылю ў Беларусі папросту яшчэ ня вераць, што беларускія ўлады могуць ім забараніць працягваць сваю дабрачынную дзейнасьць. Яны яшчэ ўсё спадзяюцца, што гэта няпраўда. Звычайнаму заходняму чалавеку папросту немагчыма сабе ўявіць, каб прэзыдэнт краіны да такой ступені зьдзекаваўся са свайго народу.

На маю думку, Аляксандар Лукашэнка гэтым крокам яшчэ раз паказаў да якіх скрайнасьцяў ён здольны пайсьці, каб асягнуць свае асабістыя мэты, зь якіх найважнейшаю ў гэтым моманце ёсьць застацца пры ўладзе.

Зласьлівая прапаганда, хлусьня, ізаляцыя краіны, зьнішчэньне беларускай культуры і беларускага школьніцтва выглядае яго больш не задавольваюць.

Ён пачынае падазраваць усіх ва ўсім, нават бедных чарнобыльскіх дзетак, якія, маўляў, могуць прывезьці ў Беларусь разам зь лепшым здароўем сьветапогляды, якія будуць пярэчыць ягонай прапагандзе.

Хацелася б верыць, што нашыя людзі нарэшце зразумеюць. што нешта ня так, нешта не ў парадку ў прэзыдэнцкім думаньні.

Спадзяюся, што наш народ гэтым разам зрэагуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG