Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка прыхільна выказаўся наконт Юшчанкі і вельмі незадаволена на адрас Расеі?


Юры Дракахруст, Прага (Эфір 4 студзеня). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

У размове з журналістамі 31 сьнежня Аляксандар Лукашэнка вельмі прыхільна выказваўся наконт Віктара Юшчанкі і вельмі незадаволена ды патрабавальна – наконт пазыцыі Расеі. Якія мэты гэтых заяваў? Чым адрозьніваецца цяперашняе стаўленьне Лукашэнкі й Пуціна адносна новага кіраўніцтва Ўкраіны? Якой будзе палітыка новага Кіева ў дачыненьні да Беларусі?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Экспэртызе Свабоды” кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і супрацоўнік украінскага “Пятага каналу” Данііл Янеўскі. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) “Напрыканцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі цікавых заяваў наконт беларуска-ўкраінскіх і беларуска-расейскіх адносінаў. Вось некалькі цытатаў: “Я не драматызую падзеі ў сувязі з выбраньнем Віктара Юшчанкі на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны... І зь Віктарам Юшчанкам я супрацоўнічаў, ён у мяне пакінуў вельмі добрыя ўражаньні... ня трэба крычаць пра тое, што празаходні Юшчанка прыйшоў да ўлады... там выбралі праўкраінскага прэзыдэнта”.

Былі "элегантна" забытыя і прапагандысцкі візыт, разам з прэзыдэнтамі Расеі і Азэрбайджану, на сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны ад нацысцкай акупацыі, і віншаваньні Віктару Януковічу зь перамогай.

Варта сказаць, што і Ўладзімер Пуцін, зразумеўшы непазьбежнасьці Віктара Юшчанкі, пачаў "адыгрываць", казаць, што Масква гатовая мець справы і зь Юшчанкам.

Сп-р Класкоўскі, цытаваныя заявы Аляксандра Лукашэнкі – гэта такое "адыгрываньне", добрая міна пры кепкай гульні, як у Пуціна, ці нешта іншае? Або нешта большае?”

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што гэта нешта большае. Найперш дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што спадару Лукашэнку, адрозна ад Пуціна, надта і ня трэба "адкручваць" сытуацыю што да ўкраінскай выбарчай калізіі. Тут ён наламаў няшмат дроваў. Адзіны бадай пракол – гэта віншаваньні на адрас Януковіча, але я думаю, што шырокая публіка пра гэта даўно забылася. За цяперашнімі камплімэнтамі на адрас Юшчанкі стаіць больш далёкі разьлік. Нават у беларускіх незалежных мэдыях зьявілася тэза, маўляў, Лукашэнка зьбіраецца сябраваць зь Юшчанкам супраць Расеі. Я думаю, што гэта гіпэрбала, але рацыянальнае зерне ў ёй ёсьць. Беларускі лідэр накіроўвае такім чынам Маскве пэўны сыгнал: калі што, то такі антыкрамлёўскі хаўрус цалкам магчымы. Досьвед паказвае, што такія эківокі нязьменна палохаюць Крэмль.

Я мяркую, што ў беларускага кіраўніка ёсьць і шэраг дадатковых інтарэсаў. Вось гэтыя рэвэрансы могуць быць разьлічаныя на тое, што Ўкраіна зойме нейкую лагодную пазыцыю ў беларускім пытаньні на міжнароднай арэне. Акрамя таго, калі будуць адносна нармалёвыя стасункі з украінскім калегам, то гэта крыху аслабіць амаль поўную міжнародную ізаляцыю афіцыйнага Менску.

Нарэшце, ёсьць і чыста эканамічныя матывы. Трэба гандляваць, вырашаць пытаньні ўкраінскага доўгу. Зразумела, усё гэта лепей рабіць, калі дачыненьні больш-менш нармалёвыя”.

(Дракахруст: ) “Спадар Янеўскі, Вам ня так часта, як нам даводзіцца слухаць і чытаць прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Што з гэтых ягоных заяваў 31 сьнежня Вас найбольш уразіла?”

(Янеўскі: ) “Натуральна, я менш чытаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, але тым больш атрымліваю задавальненьня ад таго, што ён гаворыць. І я павінен сказаць, што ці ў яго амнэзія, ці ён шызафрэнік. Наконт украінскіх выбараў ён сказаў: "Я адразу зрабіў выснову, што будзе вельмі складаны працэс, і я меркаваў, што гэта можа скончыцца тым, чым і скончылася". Калі ён гэта разумеў, то чаму ён разам з Кітаем і Масквою прызнаў Януковіча прэзыдэнтам? Гэта рытарычнае пытаньне.

Я б хацеў адзначыць два моманты ў ягоным выступе. Вось цытата: "Разам перажыць цяжкія часы прасьцей, мы мужныя людзі, мы перажывем". Ён тройчы сказаў гэта – "мы перажывем". Гэта азначае, што ён ня ведае, што рабіць, што ягоная палітыка стратэгічна вычарпалася. Я цалкам згодны з калегам Аляксандрам, што Лукашэнка і надалей будзе разводзіць Маскву на яе страхах, геапалітычных страхах.

І яшчэ, што кінулася ў вочы. Ён сказаў: "У нас дзяржава сацыяльнай скіраванасьці і таму ўсё будзе захаванае". Гэта хлусьня. Дзяржавы сацыяльнай скіраванасьці – такія як Данія, Швэцыя, Нямеччына – іх эканомікі грунтуюцца на актыўнасьці вольных вытворцаў. Роўнасьць ў іх азначае роўнасьць перад Богам і перад законам плюс празрыстасьць правілаў гульні. Ці ёсьць гэта ў Беларусі? Адказ відавочны. Таксама відавочны адказ на пытаньне, што чакае рэжым Лукашэнкі. Ён асуджаны. Гэта пытаньне часу”.

(Дракахруст: ) “Адразу пасьля трэцяга туру прэзыдэнцкіх выбараў Юлія Цімашэнка заявіла: "Мы будзем экспартаваць "памаранчавую" рэвалюцыю ў Беларусь". Дакладна была названая краіна. Зь іншага боку пазьней зьявілася паведамленьне пра намер Юшчанкі наведаць Менск з афіцыяльным візытам. Дык якім жа будзе стаўленьне новай украінскай ўлады да Беларусі: мэтай будзе распаўсюд рэвалюцыі ці падтрыманьне стасункаў з той уладай, якая ў Беларусі ёсьць цяпер?”

(Янеўскі: ) “Дзякуй за пытаньне, відавочна, яго трэба было б адрасаваць прадстаўнікам новай ўлады. Я магу выказаць толькі свой пункт гледжаньня як назіральніка і ў пэўнай ступені ўдзельніка тых падзеяў, якія былі ў Кіеве. Па-першае, яны нічога экспартаваць нікуды ня могуць, бо яны ня ведаюць, што экспартаваць, як і пры дапамозе якіх мэханізмаў. Я хачу падкрэсьліць, што аранжавая ідэалёгія – гэта не ідэалёгія Юшчанкі, Цімашэнкі ці каго іншага зь лідэраў яшчэ не сфармаванай ўлады. Гэта ідэалёгія новай ўкраінскай грамадзянскай нацыі, а калі ўжо зусім дакладна – ідэалёгія новай украінскай сярэдняй клясы, якой патрэбны дзьве рэчы, пра якія я казаў раней – роўнасьць усіх перад Богам і законам і празрыстасьць правілаў гульні. Гэтай сярэдняй клясе, нават калі яна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, ёй гэта абыякава. Для яе гэта праблема саміх беларусаў.

Але гэтая сярэдняя кляса мае сваё палітычнае прадстаўніцтва, якое ўзьнялася на хвалі гэтых падзеяў ва Ўкраіне. І вось гэтым людзям як раз вельмі цікава, што адбываецца ў Беларусі, ў Расеі, у Казахстане і Ўзбэкістане. Бо ім для палітычнага выжываньня трэба пашыраць пляцдарм свабоды, які яны тут заваявалі, ва ўсіх напрамках. Яны – новыя пасіянарыі, і яны будуць гэта экспартаваць, а не Юшчанка, Цімашэнка ці хто іншы. Яны не аддадуць сваю манаполію на аранжавы колер. І я больш вам скажу – яны будуць рабіць гэта насуперак Юшчанку, Цімашэнцы і новай уладзе, якая абавязаная перамогай ім, а зусім не сваім высілкам”.

(Дракахруст: ) “Пяройдзем зараз да ацэнак беларуска-расейскіх адносінаў, якія прагучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі 31 сьнежня. Ізноў некалькі цытатаў. “Я лічу, што Расея кардынальна ў будучым годзе павінна перагледзець сваю пазыцыю ў саюзе Беларусі і Расеі... Ужо набралі, напэўна, моцы тыя палітычныя сілы, якія ня хочуць нармальных адносінаў зь Беларусьсю. Пад націскам ЗША, іншых дзяржаваў... Кіраўніцтва Расеі павінна зразумець, што так бясконца працягвацца ня можа. Ім трэба карэкціраваць палітыку і больш уважліва ставіцца да беларусаў... Расейскае кіраўніцтва павінна падумаць, каго яны хочуць мець тут у асобе Беларусі і беларусаў”.

Варта адзначыць, што гэтыя жорсткія, патрабавальныя заявы прагучалі літаральна на наступны дзень пасьля таго, як было падпісанае беларуска-расейскае пагадненьне пра пастаўкі і транзыт газу ў 2005 годзе. Беларускі бок быў ім незадаволены.

Спадар Класкоўскі, ці толькі ў гэтым прычына рэзкасьці заяваў кіраўніка Беларусі?

(Класкоўскі: ) “Мяркую, што сутнасьць тут ня толькі ў кошце газу для Беларусі, хаця гэта таксама важны чыньнік, бо трэба ж дацягваць сярэдні заробак да 250 даляраў. І безумоўна, калі газ будзе каштаваць (а гэта ўжо дакладна вядома) 46.68 даляраў за 1000 кубамэтраў, гэта адчувальна б’е па разьліках беларускага кіраўніцтва. Аднак паўтаруся, Лукашэнку ў дадзеным выпадку хвалюе ня толькі газавае пытаньне. Уся гэтая рыторыка наконт узмацненьня антыбеларускіх сілаў у Маскве – гэта піяраўскае клішэ – трэба акрэсьліць нейкіх ворагаў. А насамрэч беларускі кіраўнік страхуецца ад новага наступу Масквы на эканамічным фронце. Дамоклавым мячом над ім вісіць шэраг даўніх нявырашаных праблемаў: гэта і прыватызацыя "Белтрансгазу", і прыватызацыя гігантаў нашай нафтахіміі, гэта нарэшце пытаньне адзінай валюты. Я думаю, што Аляксандар Лукашэнка рыхтуе глебу для зацяжнога супрацьстаяньня менавіта ў гэтых пытаньнях. Фармальна 1 студзеня 2006 году застаецца тэрмінам увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі. Разам з тым відавочна, што на такі крок беларускае кіраўніцтва ісьці ня хоча. І мы яшчэ пачуем увесь звыклы набор тэзаў: і пра тое, што нельга агульны дом будаваць з даху, і што нават у апазыцыі ёсьць пару разумных галоваў, кшталту прафэсара Багданкевіча, які катэгарычна супраць адзінага рубля.

А пакуль з вуснаў Лукашэнкі дырэктыўна прагучала: Расея ў 2005 годзе павінна кардынальна перагледзіць сваю пазыцыю ў зьвязе Беларусі і Расеі". Зразумела, што такога кардынальнага перагляду з боку Крамля быць ня можа. Масква з аднаго боку ня хоча кідаць грошы, як у прорву, але зь іншага боку натуральна і страчваць Беларусь. Таму, калі рэзюмаваць, то мы і далей бачыць гэты вялікі тэатар пад назвай "саюзная дзяржава" і працяг таго самага спэктаклю, дзе інтэграцыйная рыторыка чаргуецца з элемэнтамі нават узаемнага шантажу, а клятвы ў любові да суседняга народу чаргуюцца з пытаньнямі "Якія ж гэта саюзьнікі?".”

(Дракахруст: ) “Спадар Янеўскі, некаторыя беларускія аналітыкі яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі ва Ўкраіне выказвалі парадаксальную думку, што Лукашэнку ў пэўнай ступені выгадная перамога Юшчанкі.

У гэтай сытуацыі ў Масквы абудзяцца ўсе яе комплексы непаўнавартасьці, страх ізаляцыі, страты геапалітычных пазіцыяў. Маўляў, застаўся адзіны саюзьнік – Беларусь, і каб яго ўтрымаць, трэба плаціць Аляксандру Рыгоравічу па патрэбах. Як Вы лічыце, ці атрымае Лукашэнка тое, што ён, гледзячы па гэтым пераднавагоднім інтэрвію, ужо проста патрабуе ад Масквы?”

(Янеўскі: ) “Я хацеў бы цалкам пагадзіцца з калегам. Вы ўжылі ключавое слова – гэта слова страх. Аляксандар Рыгоравіч – гэта маньяк пры ўладзе. Ён як прыроджаны шулер будзе разводзіць усіх, каго можна разьвесьці. Ён гуляе на страху спадара Пуціна, які паказаў сябе палітыкам разбуральнага стылю ад "Курска" да велізарнага ўкраінскага правалу праз Чачэнію і Бэслан. Таму Аляксандар Рыгоравіч дзеля захаваньня ўлады будзе палохаць Пуціна пагрозай НАТО, пагрозай аранжавай рэвалюцыі, яе экспарту ці імпарту, пагрозамі геапалітычнымі – уяўнымі ці рэальнымі. Ён будзе рабіць усё тое, што расейскія паліттэхнолягі кшталту Паўлоўскага і Гельмана, якіх ва Ўкраіне называюць “піратэхнікамі”, рабілі тут.

Дамінантная рыса Аляксандра Рыгоравіча – гэта страх. Ён будзе разыгрываць страх усіх тых людзей, зь якімі ён будзе сутыкацца ў жыцьці – ці то Пуцін, ці то Вы, ці то я, ці то беларускія журналісты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG