Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Праблема антысэмітызму ёсьць і ў Беларусі


Юры Дракахруст, Прага У краінах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, антысэмітызм застаецца сур’езнай праблемай. Такое меркаваньне выказана ў апублікаванай сёньня справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, прысьвечанай росту антысэмітызму ў сьвеце ў мінулым годзе.

У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, прыгадваюцца апаганьваньні габрэйскіх могілак, помнікаў ахвярам Галякосту і будынкаў габрэйскіх арганізацыяў у Менску, Лідзе, Гомелі, Бабруйску, Чэрвені і Берасьці. Адзначаецца, што мясцовыя ўлады не рэагуюць на гэткія інцыдэнты, і што ў шэрагу гарадоў краіны адкрыта дзейнічае антысэміцкая, шавіністычная арганізацыя “Русское национальное единство”.

Дзярждэпартамэнт ЗША спасылаецца на меркаваньне лідэраў беларускіх габрэйскіх арганізацыяў, паводле якіх колькасьць актаў вандалізму на габрэйскіх могілках год ад году ўзрастае, ў той час як за апошнія 15 гадоў не было ніводнага выпадку пакараньня за гэтыя злачынствы.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША падкрэсьліваецца, што працягваецца продаж антысэміцкай літаратуры крамай “Праваслаўная кніга”, ксэнафобскае выданьне “Русский вестник” легальна распаўсюджвалася дзяржаўным прадпрыемствам “Белсаюздрук”.

У справаздачы прыгадваюцца таксама публічныя антысэміцкія заявы дэпутата палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна і меркаваньне міністра інфармацыі Ўладзімера Рускевіча, што беларусы мусяць жыць з Расеяй, як браты, але гандлявацца, як жыды.

У дакумэнце, апублікаваным Дзярждэпартамэнтам ЗША адзначаецца, што на працягу году не рабілі ніякіх дзеяньняў супраць тых, хто зьдзяйсьняў антысэміцкія ўчынкі.
XS
SM
MD
LG