Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая Юлія Цімашэнка?


Юры Дракахруст, Прага Постаць Юліі Цімашэнкі не пакідаць абыякавым ва Ўкраіне амаль нікога. У адных яна выклікае гарачыя сымпатыі і падтрымку, у іншых – настолькі гарачую нянавісьць. Зараз яна разглядаецца як найбольш верагодны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны. Пра постаць палітыка, якую ва Ўкраіне называюць “аранжавай прынцэсай” – у матэрыяле нашага карэспандэнта.

Цяперашні вобраз Юліі Цімашэнка – правадыр народных масаў, носьбіт місіі зьнішчэньня карупцыі, жорсткая нацыяналістка, нават прычоска, якую носіць цяпер Цімашэнка, нагадвае вобраз клясыка Лэсі Ўкраінкі.

Між тым яшчэ 10 гадоў таму Юлія Цімашэнка была іншай.

Ураджэнка Днепрапятроўска, выпускніца эканамічнага факультэту тамтэйшага ўнівэрсытэту яна тады зусім не размаўляла па-ўкраінску і ня надта цікавілася палітыкай. Яе інтарэсы палягалі ў іншай сфэры.

Пачатак 90-х гадоў быў сапраўдным Кландайкам для дзелавых і энэргічных людзей на ўсёй постсавецкай прасторы, і Цімашэнка была адной з самых пасьпяховых зь іх. Паводле некаторых ацэнак у 1996 годзе кіраваная ёй сетка кампаніяў “Аб’яднаныя энэргасыстэмы Ўкраіны” кантралявалі чвэрць эканомікі краіны.

Яна была самай багатай жанчынай Украіны, адным з найбуйнейшых алігархаў. Як і на ўсёй постсавецкай прасторы яе дзелавы ўзьлёт у значнай ступені базаваўся на шчыльных сувязях з тагачасным прэм’ер-міністрам Украіны Паўлам Лазарэнкам.

Пазьней Павал Лазарэнка быў вымушаны зьбегчы з краіны, пасьля таго, як ён быў абвінавачаны ў шматлікіх парушэньнях закону, і цяпер знаходзіцца ў турме ў Злучаных Штатах.

Кар’ера Юліі Цімашэнкі разьвівалася больш цікава. У 1999 годзе яна стала віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Віктара Юшчанкі. Усё свае веданьне чорных і шэрых схемаў постсавецкага бізнэсу яна выкарыстала на гэтай пасадзе як раз дзеля змаганьня з карупцыяй і супрацьдзеяньня яе былым дзелавым партнэрам. Паводле некаторых ацэнак, яна здолела прымусіць энэргетычны сэктар краіны заплаціць у казну дадаткова два мільярды даляраў.

Пасьля адстаўкі ўраду Віктара Юшчанкі Юлія Цімашэнка сама сталася аб’ектам абвінавачваньняў у карупцыі, крадзяжы і злоўжываньнях. Яна нават часова патрапіла ў турму, дзе правяла некалькі тыдняў. Яе бізнэс-імпэрыя была дашчэнту разбураная.

І тады Цімашэнка пайшла ў палітыку. У 2002 годзе блёк, які носіць яе імя, паказаў неблагі вынік падчас парлямэнцкіх выбараў. Цімашэнка стала адным з самых рэзкіх і радыкальных крытыкаў прэзыдэнта Кучмы.

Некаторыя экспэрты выказваюць сумневы ў шчырасьці гэтых яе жыцьцёвых трансфармацыяў, але ўсе высака ацэньваюць яе энэргію і кампэтэнтнасьць ва ўсіх сфэрах, якімі яна займалася – і ў зарабленьні грошай, і ў барацьбе з карупцыяй, і ў змаганьні з уладай і за ўладу.

На думку адмыслоўцаў, прызначэньне Цімашэнкі на пасаду кіраўніка ўраду будзе адказным рашэньнем прэзыдэнта Юшчанкі – гэтае прызначэньне ўскладніць дасягненьне згоды з ранейшымі элітамі. Зь іншага боку ўкраінская эканоміка патрабуе кардынальных і жорсткіх рэформаў, якія па сілах, мабыць, адно Цімашэнцы, якую злыя языкі называюць адзіным мужчынам ва ўкраінскай палітыцы.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што палітычная рэформа, рэалізацыя якой адбудзецца ў 2006 годзе, прывядзе да пераразьмеркаваньня ўлады ад прэзыдэнта на карысьць парлямэнту і ўраду. І калі на той час Юлія Цімашэнка будзе займаць пасаду кіраўніка ўраду, яна можа стаць самай моцнай фігурай украінскай палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG