Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Смольскі, якога выключылі з Сувораўскай вучэльні: “Хачу атрымаць сапраўдную адукацыю”


Любоў Лунёва, Менск Курсанта Менскай сувораўскай вучэльні Алеся Смольскага выключылі з навучальнай установы за сяброўства ў “Маладым фронце” і за збор подпісаў пад патрабаваньнем надаць вучэльні імя Тадэвуша Касьцюшкі. Радыё Свабода паведамляла пры канцы году пра тое, што адміністрацыя вучэльні прасіла бацькоў Алеся добраахвотна напісаць заяву і забраць сына.

У часе вакацыяў адміністрацыя вучэльні падрыхтавала загад аб адлічэньні Алеся Смольскага, нягледзячы на ягоную пасьпяховую вучобу.

Пасьля таго, як камандзір узводу, у якім вучыўся Алесь, палкоўнік Пуцятаў ператрусіў асабістыя рэчы курсанта і знайшоў там пасьведчаньне аб сяброўстве ў “Маладым фронце”, пытаньне аб далейшай вучобе было вырашана.

Сам Алесь лічыць, што нават калі б яго і пакінулі ў вучэльні, то спакою б не далі:

(Смольскі: ) “Тое, што мяне выключылі, я ня бачу ў гэтым трагедыі. Насіць імя Суворава — гэта зусім ня гонар, асабліва для беларуса, які ведае гісторыю сваёй краіны. Падаўленьне паўстаньня Касьцюшкі — гэта нацыянальная катастрофа. Пасьля таго, як Сувораў патапіў паўстаньне ў крыві, звацца сувораўцам — ганьба для сапраўднага беларуса. Дый парадкі ў вучэльні не такія і добрыя. Галоўная мэта — зьнішчыць асобу. Згвалціць уласнае “я” чалавека”.

Алесь распавёў пра парадкі ў вучэльні:

(Смольскі: ) “Найбольш увагі надаецца фізычнай падрыхтоўцы. Самае непрыемнае для мяне — ператрусы. Афіцэры праглядалі нашы рэчы, сачылі за тым, што мы робім, пра што думаем”.

(Карэспандэнтка: ) “Выклікалі вас на размовы?”

(Смольскі: ) “Выклікалі. Заўсёды выклікалі. Са мной размаўлялі пра гісторыю. Казалі, што я ня правы, што Касьцюшка — гэта герой Польшчы, але не Беларусі. Я спрабаваў, канечне, спасылацца на гістарычныя крыніцы. Гаварыў, што Касьцюшка нарадзіўся на Марачоўшчыне ў беларускай сям’і. Але гэта нічога не дае — афіцэры атрымлівалі адукацыю па савецкіх падручніках, а там іншая трактоўка”.

Нягледзячы на парадкі ў вучэльні, многія курсанты падтрымліваюць Алеся.

(Смольскі: ) “Усё ж такі я меў падтрымку ў вучэльні. Там ёсьць хлопцы, якія са мной салідарныя, яны таксама прытрымліваюцца маіх думак. Але я не магу назваць іх прозьвішчаў, бо я ведаю, якія для іх будуць наступствы”.

Алесь Смольскі кажа, што марыць вучыцца ў гуманітарным ліцэі:

(Смольскі: ) “Нават калі мяне праз суд адновяць у вучэльні, мне не дадуць там спакою. Я б з большым задавальненьнем вучыўся б у падпольным ліцэі. Хачу атрымаць сапраўдную адукацыю — зь веданьнем літаратуры, гісторыі і іншых прадметаў”.

Бацькі Алеся лічаць загад адміністрацыі сувораўскай вучэльні аб адлічэньні сына незаконным і будуць абскарджваць яго ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG