Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа быць распачатая крымінальная справа супраць аднаго зь лепшых футбалістаў Беларусі і нямецкай Бундэслігі Аляксандра Глеба?


Ігар Карней, Менск Змрочнымі аказаліся навагоднія вакацыі для аднаго зь лепшых футбалістаў Беларусі й нямецкага клюбу “Штутгарт” Аляксандра Глеба. Якраз напярэдадні Новага году 24-гадовы спартовец спрычыніўся да дарожна-транспартнага здарэньня. Уначы 29 сьнежня ў цэнтры Менску Глеб на машыне “Аўдзі” сутыкнуўся з сустрэчным аўтамабілем “БМВ”.

Паводле сьведак, Глеб парушыў правілы дарожнага руху, павярнуўшы ў недазволеным месцы. Аднак у гарадзкой Дзяржаўтаінспэкцыі кажуць, што канчаткова пра ступень вінаватасьці Глеба можна казаць толькі пасьля заканчэньня сьледзтва.

(Супрацоўнік ДАІ: ) “Ідзе сьледзтва, сьледчы высьвятляе прычыны здарэньня. І пакуль ідзе справа, ніякіх камэнтароў мы рабіць, адпаведна, ня можам”.

На тое, што Аляксандар Глеб пакуль ні ў чым не абвінавачаны, сьведчыць і тое, што адразу пасьля навагодніх сьвятаў ён адляцеў у Нямеччыну, дзе пачаў трэніроўкі ў складзе клюбу “Штутгарт”. На 12 студзеня заплянаваны ад’езд каманды на зборы ў Гішпанію. Аднак 3 студзеня пасажыр “пратараненай” Глебам машыны памёр у шпіталі ад чэрапна-мазгавой траўмы.

Якія наступствы для Глеба можа мець такое надзвычайнае здарэньне? І што можа яго выратаваць ад крымінальнага артыкулу? Камэнтар юрыста Аляксея Кіпелава:

(Кіпелаў: ) “Гэта 317 артыкул, “Парушэньне правілаў дарожнага руху”, і далей, у частцы другой, “…якія пацягнулі па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека, альбо нанясеньне цяжкога цялеснага пашкоджаньня”. Караецца альбо выпраўленчымі працамі тэрмінам да двух гадоў, альбо абмежаваньнем волі да пяці гадоў. Гэта ўжо ў залежнасьці, ці меў дагэтуль судзімасьць, як характарызуецца, якія абставіны і г.д. І па гэтым злачынстве трэба абавязкова ўстанавіць, што мела месца парушэньне правілаў дарожнага руху, і яно было ў прычыннай сувязі са сьмерцю чалавека. Іншымі словамі, калі б ён не парушаў, значыць, гэтага не адбылося б. А так здарылася менавіта з прычыны таго, што парушыў”.

У выпадку пачатку слуханьняў справы адмыслоўцы не выключаюць, што запатрабуецца прысутнасьць Аляксандра Глеба ў Менску на час усяго працэсу.

Гл. таксама • Пасажыр "BMW", што сутыкнулася з “Audi” зоркі беларускага футбола Аляксандра Глеба, памёр у шпіталі
XS
SM
MD
LG