Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае паляваньне на вядомых гаспадарнікаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы дырэктар Менскага падшыпнікавага заводу Валер Пенза папоўніў сьпіс вядомых гаспадарнікаў, якія патрапілі пад сьледзтва. У чым яго падазраюць ? Чым тлумачыцца чарговы ўсплёск барацьбы са злачыннасьцю сярод топ-мэнэджэраў беларускай эканомікі?

4 студзеня калектыву Менскага падшыпнікавага заводу быў прадстаўлены новы генэральны дырэктар. Ім стаў Віктар Можджэр, які раней кіраваў Гарадзенскім аўтаагрэгатным заводам. Для калектыву зьяўленьне новага дырэктара азначае, што справы былога кіраўніка Валера Пензы дрэнныя, і ён найхутчэй паўстане перад судом. На заводзе паведамілі, што Валер Пенза нібыта арыштаваны. Але некаторыя працаўнікі заводу адмаўляюцца верыць у вінаватасьць былога дырэктара.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, мы ўсе яго шкадуем. Ён вельмі добры чалавек, вельмі добры”.

Між тым, у Камітэце дзяжкантролю лічаць, што Валер Пенза злоўжываў службовым становішчам у карысьлівых мэтах. Таксама яго падазраюць у тым, што ён нанёс вялікую шкоду прадпрыемству, заключыўшы нявыгадны кантракт з камэрцыйнай фірмай. Дзяржаўныя кантралёры падазраюць, што рабілася гэта за пэўную кампэнсацыю. Больш ніякіх падрабязнасьцяў справы Валера Пензы не паведамляюць. Аднак стала вядома, што яшчэ некалькі адказных кіраўнікоў заводу далі падпіску аб нявыезьдзе і рэгулярна ходзяць на допыты да сьледчых.

Цяпер падобнае назіраецца шмат на якіх буйных прадпрыемствах Беларусі. Сьледчыя дапытваюць адказных супрацоўнікаў аб’яднаньня “Нафтан” і прадпрыемстваў Дзяржкамітэту авіяцыі, чые кіраўнікі — Канстанцін Часнавіцкі і Фёдар Іваноў падазраюцца ў эканамічных злачынствах. Крымінальныя справы супраць іх былі заведзеныя цягам двух мінулых месяцаў. У ізалятары КГБ утрымліваюць і нядаўна арыштаванага былога дэпутата Нацыянальнага сходу Мікалая Скутава, таксама вядомага гаспадарніка. Чым тлумачыцца гэтая ўвага праваахоўчых органаў да прадстаўнікоў эканамічнага сэктару?

Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір ня схільны разглядаць нейкую адну прычыну ў якасьці галоўнай. Ён адзначае, што эканамічнае заканадаўства ў Беларусі вельмі заблытанае, у выніку “нічога не парушаючы, працаваць немагчыма”. Таксама былы прэм’ер не выключае фактаў сапраўднай карумпаванасьці дырэктарскага корпусу. Адзначае Міхаіл Чыгір і наяўнасьць у Беларусі своесаблівага спаборніцтва паміж кантрольнымі структурамі.

(Чыгір: ) “У нас то сьледчы камітэт хоча паказаць, што ён існуе, то фінансавая міліцыя, якая займаецца фінансавымі расьсьледаваньнямі. Мяркую, у пэўнай ступені ёсьць спаборніцтва паміж кантрольнымі структурамі, якіх у нас створана зашмат”.

30 сьнежня ў крадзяжы маёмасьці прызналі вінаватым і былога міністра замежнаэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча. Яго засудзілі на 5 гадоў зьняволеньня. Марыніч, аднак, лічыць, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычынаў. 5 студзеня адвакаты Міхаіла Марыніча накіравалі ў Менскі раённы суд касацыйную скаргу на вынесены яму прысуд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG