Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы рыхтуюцца да Калядаў?


Альгерд Невяроўскі, Менск Заўтра праваслаўныя грамадзяне Беларусі пачынаюць сьвяткаваць Хрыстовае Раство паводле старога, юліянскага календара. Як рыхтуюцца беларусы да Калядаў, ці трымаюць яны пост? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Хутка Каляды. Скажыце, як вы рыхтуецеся да Раства? Ці трымаеце вы пост?”

(Студэнтка: ) “Не трымаю і ніяк не рыхтуюся. Працую і спрабую здаць сэсію”.

(Дзяўчына: ) “Я не трымаю, бо атэістка”.

(Яе сяброўка: ) “І я таксама”.

(Студэнт: ) “Пост трымаю абавязкова. Я вучуся ў Інстытуце тэалёгіі, таму пост для мяне абавязковы. Наагул я думаю, што Раство — самае цудоўнае сьвята. Цяпер яго адзначаюць значна менш, чым Новы год. Я думаю, што гэта няправільна. Раство нашае галоўнае сьвята, а ня Новы год”.

(Спадар: ) “Я прыехаў з Украіны, з Кіева. Мне вельмі падабаюцца народныя звычаі Беларусі. Я да гэтага стаўлюся зь вялікай павагай. Гэты народны дух працінае ўсе сьвяты. Сьвята Калядаў духоўна ўзьдзейнічае на кожнага чалавека, і на мяне таксама”.

(Хлопец: ) “Я каталік і ў мяне сьвята ўжо было. Але я віншую ўсіх праваслаўных. Я думаю, што нягледзячы на тое, што ў нас частка беларусаў праваслаўныя, некаторыя каталікі — гэта не замінае адзінству. Я сьвяткую таксама і праваслаўныя Каляды, але, зразумела, не з такім імпэтам, як каталіцкія”.

(Пэнсіянэрка: ) “Заўсёды робім такія стравы, якія рыхтуюць на Каляды. Варым кашу, бліны пячэм, кілбаску робім. Зьбіраемся сваёй сям’ёй”.

(Карэспандэнт: ) “А ці трымаеце вы пост?”

(Пэнсіянэрка: ) “Не, здароўе не дазваляе”.

(Дзяўчына: ) “Вось у царкву схадзілі, паспавядаліся. Заўтра стол зробім. А вось посту, на жаль, не трымалі. На Новы год яго цяжка трымаць”.

(Дзяўчына: ) “Я зь сястрой іду з царквы. Заўтра падрыхтуем стол, будзем сьвяткаваць. Посту я не трымала”.

(Студэнтка: ) “Я цяпер здаю іспыты, і ў мяне няма часу”.

(Спадар: ) “Адсьвяткавалі ўжо 25-га. Але паколькі ў нашай краіне жыве многа і праваслаўных, то звычайна мы і праваслаўнае Раство таксама сьвяткуем. Зьбіраемся як заўжды, бабулю паклічам, цётак. Дома будзем сьвяткаваць”.

(Спадарыня: ) “Вельмі добра, таму што людзі, беларусы — яны добрыя. З разуменьнем адзін да аднаго ставяцца. Хочацца пажадаць усяго самага добрага беларускаму народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG