Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы на танцы ходзяць


Алег Дашкевіч, Менск (эфір 25 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.

Тыя, хто ў свой час спрычыняўся да культурніцкай суполкі “Майстроўня”, кажуць, што менавіта беларускія нацыянальныя песьні й танцы натхнялі іх на адраджэньне мілай Бацькаўшчыны.

Я ж у свой час аддаваў перавагу футболу, але танцы не абмінулі й мяне. Урокаў рытмікі, то бок танцаў, у нашай школе №16, я чакаў зь велізарнай напругай. Ня тое каб я кепска ставіўся да такой навукі, але ў чаканьні тае полькі ці палянэзу кожнага разу прыходзілася гадаць, хто складзе мне пару. Партнэршы ў мяне было тры — бесславесная й пульхная Аня Акуліч, выдатніца Люда Раўнейка і Ксеня Ліпская. Калі да пары выпадала Ксеня, я ўздыхаў з палёгкай, але такое здаралася рэдка, бо Ксеня была дзяўчынкай хваравітай. Выдатніца Люда танчыла, як ледакол. Галоўнае было злавіць і падладзіцца пад ейны рытм, інакш існавала пагроза разьляцецца на часткі. Ціхуткая Анечка была маім жахлівым сном. Увесь час яна жавала нешта, ад чаго язык яе рабіўся жоўта-зялёным. Гэткі колер часткі ейнага арганізму выклікаў у мяне шалёную гідлівасьць і жывёльны страх. Анютка гэта адчувала й таму пры кожным па, калі ў часе танцу трэ было стаць твар да твару, яна адкрывала рот і высоўвала сваё жоўта-зялёнае джала. Мае вочы заплюшчваліся самі сабой.

Калі табе трынаццаць-чатырнаццаць гадоў, паход на танцы набывае зусім іншы флёр. У піянэрскім летніку “Лясная казка” мне дужа спадабалася дзяўчынка па імені Аліса. Танцы, што мусілі адбыцца ўвечары, разглядаліся як нагода для таго, каб прапанаваць руку на дружбу. Але пакуль я толькі плянаваў знаёмства і крадком пазіраў у бок дзяўчынкі, тая вырашыла дзейнічаць сама.

— Можна вас запрасіць на танец?

Пытаньне наўпрост разбурыла ўсе мае пляны. Я пачырванеў і ня мог зрабіць нават кроку насустрач, а калі мяне пачалі выпіхваць прыяцелі, не знайшоў нічога лепшага, як скразануць у адчыненыя дзьверы. Ох, якую цяжкую кару меў я за сваю сэкундную разгубленасьць. На працягу ўсяго астатняга піянэрскага адпачынку ня толькі Аліса, але ўсе дзяўчынкі глядзелі на мяне як на закончанага аўтсайдэра. З тае пары белы танец для мяне — сьвятая рэч.

Як сьведчылі сяброўкі мае маці, у ня дужа сытны хрушчоўска-кукурузны пэрыяд амэрыканскі джаз меў незвычайную папулярнасьць. Аднойчы аднакурсьніцу маёй маці дзяўчыну Яню запрасіў на вечар малады чалавек па імені Додзік. Додзік быў сынам дантыста і адчайным мажорам, насіў фрызуру “кок” і модныя аранжавыя штаны-дудкі. Ад закусак, замоўленых зухаватым ухажорам, у беднай дзяўчыны разьбегліся вочы, як раптам джаз-бэнд грымнуў “Бугі-вугі”. Але ў самы разгар неверагодных танцавальных выкрунтасаў на авансцэне зьявіўся камсамольскі патруль і пільным вокам выхапіў з натоўпу додзікавы “дудкі”. Пакуль у пастарунку Додзіку чыталі лекцыі пра маральны воблік ды паролі ягоную аранжавую маднату, Яня засталася адна перад шчодра накрытым сталом і ня здолела адужаць спакусы. Калі кавалер вярнуўся, то быў надта ўражаны ўбачаным. На стале застаўся адно абрус. Яню мучыла пякотка, ікотка, адрыжка, і зразумела, ні на якія танцы дзяўчына ўжо не прэтэндавала. Удома паненцы зблажэла.

— Толькі, дзеля Бога, дзевачкі, калі памру, нікому не кажыце ад чаго, — стагнала Яня, калі пад інтэрнат пад’ехала карэта “хуткай”. Але малады арганізм справіўся, і на наступны дзень дзяўчына была больш асьцярожная.

У сярэдзіне сямідзясятых песьні ў выкананьні Абадзінскага поўнілі ўсе менскія танцпляцоўкі, у модзе быў шалёны клёш і даўгія патлы, альбо, як казала мая бабка, — пэйсы. Памятаю, як зьбіраўся на танцы мой дзядзька Валерка. Гэта быў сапраўдны рытуал, нагавіцы прасаваліся зь неверагоднай пільнасьцю, кашуля мусіла быць сьвежай, чаравікі начышчаныя, прабор бездакорным, пры тым, што арэалам існаваньня кампаніі майго дзядзькі была “блатная” менская ўскраіна, так званы “дзясяты цагляны”, што ў раёне сёньняшняй Курасоўшчыны.

Зь якім захапленьнем наступным ранкам седзячы ў дзядзькавай галубятні слухаў я гісторыі тое, што адбывалася мінулым вечарам на танцпляцоўцы! Гэта быў сапраўдны эпас, са сваімі героямі, прыўкраснымі каралеўнамі, бітвамі й перамогамі. Асабліва запаў на памяць аповед пра бойку зь невядомым Альпонам. Прычына, вядома была самая актуальная: дама сэрца.

— Крыві адразу не было, — распавядаў дзядзька, — толькі адваліўся, адкрыўшы белую лобную костку, кавалак скуры.

Усе здранцьвелі, а калі кроў усё ж пырснула, байцы кінуліся ўцякаць, праўда, не ад выгляду чырвонае хвалі, што залівала Альпонаў твар, але ад міліцэйскага патруля, які прыімчаў на выклік.

На танцпляцоўцы трэба быць гатовым ня толькі да танцаў. Гэта аксіёма, інакш можна ня толькі патрапіць у складанае становішча, але й падмачыць рэпутацыю. Неяк на цэнтральнай менскай пляцоўцы, што ў парку Чалюскінцаў, якая мае неафіцыйную назву “Дошкі”, зьявіўся маладзён, які паводзіў сябе дужа разьняволена, каб не сказаць нахабна. Маладзёна звалі Юрка Іваноў. Юрка меў някепскія здольнасьці ў боксе і неўтаймаваны характар, за што пасьпеў адседзець. Канфлікт быў непазьбежны, бо галоўным аўтарытэтам на “Дошках” лічыўся адзін з пачынальнікаў айчыннай школы каратэ, Алег Кірыенка. Калі гуру зрабіў Юрку заўвагу, той даволі нахабна агрызнуўся. Танцпляцоўка застыла ў чаканьні паказальнай лупцоўкі хулігана. Але аўтарытэты каратэ не ідэнтыфікуюцца ў баксэрскім кантэксьце. Не чакаючы, левай-правай наўпрост Юрка зьбіў маэстра ўсходніх адзінаборстваў з катушак. Шакаваная танцпляцоўка ахнула ад неспадзяванай разьвязкі. Так нараджаюцца міты. Хоць мінула даволі гадоў, але гэтую “сагу” калі-нікалі можна пачуць на “Дошках” і сёньня.

Калі на танцах сутыкаюцца горад і вёска, гэта амаль заўжды канфлікт, са сваёй адмысловай калярыстыкай.

У сельскім клюбе адной зь вёсак Браслаўшчыны, дзе кватараваў будаўнічы атрад нашага інстытуту, пад музыку “Пінк Флойд” ды “Бі Джыз” студэнты й мясцовая моладзь зацікаўленымі позіркамі ацэньвалі адно аднаго. Тутэйшыя паненкі ў павольных кампазыцыях аддавалі перавагу студэнтам. Так што калі ў перапынку “гарадзкія” выйшлі на клюбны двор, ім адразу паступіла прапанова пакурыць. За клюбнай будовай ужо стаялі “курцы”, некаторыя з важкімі каламі. Выдзяляўся хлопец з нунчакамі, у паласатай дэсанцкай саколцы з блакітным барэтам на патыліцы. Дэсантнік, пакручваючы нунчакамі, зрабіў крок наперад, за ім рушыла яго каманда.

Барэц-вольнік Саша Клюта меў багаты досьвед падобных “танцаў з ваўкамі”. Спрактыкавана злавіўшы жалезную палку, ён таргануў яе да сябе, сьледам за сваёй зброяй у рукі да Сашы прыляцеў і парашутыст. На імгненьне ён завіс у паветры і тутака ж, разам з нунчакамі й блакітным барэтам, паляцеў у зарасьці крапівы. Усё выглядала настолькі камічна, што абедзьве каманды міжволі не стрымаліся ад сьмеху. Засьмяяўся і вылезшы з крапівы воін. На гэтым канфлікт быў вычарпаны. Ад міравой пляшкі Саша адмовіўся, таму што гарэлкі ня піў, з астатнімі ён чаркаўся шклянкай з сырадоем, і сырадой гэты стаўся ягонай ракавой памылкай.

Недзе праз паўгадзіны, падчас пранікнёнага танцу прыціскаючы да сябе найпрыгажэйшую мясцовую каралевічну, Саша адчуў, як падступны сырадой пачынае граць рэвалюцыйную ролю ў нетрах ягонага інтэлігентнага страўніка. Спартовец трываў, колькі мог, але зразумеўшы, што хутка рэвалюцыйныя масы перамогуць, прамармытаў: прабачце, рашуча адасобіў каралевічну і імкліва пакінуў клюб. Каралевічна сумавала нядоўга. Наступную кампазыцыю яна раставала ўжо ў іншых абдоймах.

Жанчыны, якога б веку яны ні былі, заўжды застаюцца крыніцай небясьпекі, тым больш, калі справа тычыцца іншай жанчыны.

Дванаццацігадовай дзяўчынкай мая бабуля выганяла пасьвіцца вясковы статак на пару зь юнаком. Як толькі каровы выходзілі на поплаў, юнак валіўся на траву і мроіў, як у часе лявоніхі ці мікіты далікатна кранецца гнуткага стану сваёй каханай. Статкам тым часам апекавалася адно ягоная памочніца. Такія абставіны будзілі ў ейнай падлеткавай душы агонь рэўнасьці, і напарніца замысьліла сваю дзіцячую помсту. Увечары, калі музыкі ўдарылі па смыках і хлопец ужо быў зрабіў прапанову на танец сваёй абраньніцы, маленькая рука адагнула каўнер юначае кашулі й кінула за яго халодную сьлізкую жабу. Хлопец закрычаў так, што музыкі кінулі граць. Калі з-пад кашулі кавалера выляцела брунатная барадаўчатая істота, каханьне сканала на месцы. Асьлеплены і разьятраны такою ганьбай, хлопец кінуўся за малой крыўдзіцелькай.

— Каб дагнаў мяне тады, то забіў бы, відаць, — сьмяялася, распавядаючы мне гэтую гісторыю, бабуля.

Эпоха, што мінула, зьмяніла да непазнавальнасьці нашу зямлю, нашых людзей ды нашы танцы. Цяпер модна танчыць у вязаных шапачках аднаскладовы афраамэрыканскі рэп, а ў дыскатэках і клюбах паўсталі новыя забавы — боўлінг, пігулкі “экстазі”, дармовыя прэзэрватывы. Альбо яшчэ адна асаблівасьць найноўшага часу — стрыптыз. Неяк знаёмая майстар спорту па мастацкай гімнастыцы апынулася ў часе адпачынку ў крымскай рэстарацыі. Спачатку недасканалыя рухі танцоркі на сцэне выклікалі ў былой “дзевачкі-трасьціначкі” кпіны й зьедлівыя ўхмылкі, але надта ж смакаваў марачны партвэйн, і спартовы азарт перамог. Узьбіўшыся на сцэну, майстар спорту выдала такую агнявую джыгу, што пад канец танцу распаленая рэстарацыя ва ўсё горла раўла “Belarus forever”, а гаспадар установы прапанаваў кантракт на любых умовах.

Беларускія жанчыны, як вядома, лепшыя ў сьвеце, а ў танцах — пагатоў. І ніякая глябалізацыя ня ў стане гэтаму перашкодзіць, бо танцы мяняюцца, а беларускі застаюцца.
XS
SM
MD
LG