Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Давядзецца і мне ўсьлед за журналістам Сілічам шукаць палітычнага прытулку ў Бэльгіі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Наша пошта апошняга тыдня адметная тым, што ў ёй шмат маляўнічых навагодніх і калядных паштовак зь цёплымі віншаваньнямі і сардэчнымі пажаданьнямі. Мы шчыра ўдзячныя ўсім сваім слухачам, якія ў гэтыя сьвяточныя дні нагадалі пра сябе як пра даўніх і адданых сяброў Беларускай Свабоды. Але ёсьць у пошце і іншыя лісты. Напрыклад, Міхаіл Кандыба з латвійскага гораду Даўгаўпілсу абмяркоўвае адно з найбольш актуальных пытаньняў апошняга часу — ці паўплывае перамога “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне на грамадзкія настроі ў Беларусі.

“У Беларусі аранжавай рэвалюцыі ня будзе — для мяне гэта відавочна, — упэўнены Міхаіл Кандыба. — Па-першае, у дзяржаве чвэрць насельніцтва — пэнсіянэры, а гэта самыя цёмныя, непісьменныя людзі, якія далей свайго носа ня бачаць. Падкіне ім бацька пару тысяч да пэнсіі — і яны гэта лічаць вялікім клопатам пра сябе. А тыя, хто разумеюць сапраўднае становішча спраў у дзяржаве, баяцца выступіць з пратэстамі, бо могуць страціць кавалак хлеба. Па-другое, у Беларусі жывуць паўтара мільёна расейцаў. Яны апанаваныя настальгіяй па вялікай Расеі й ня хочуць бачыць Беларусь незалежнай дзяржавай. Яны ўсяляк перашкаджаюць разьвіцьцю нацыянальнай культуры, адраджэньню мовы, нацыянальнай самасьвядомасьці, ствараюць штучны комплекс непаўнавартаснасьці нацыі.

Апроч таго, у Беларусі жывуць больш як 300 тысяч украінцаў ды іншых нацменшасьцяў, якія, як і расейцы, зацікаўленыя ў няпэўнай дзяржаве, якая дыскрымінуе беларускую нацыю. Складзіце гэтыя лічбы — атрымліваецца больш за чатыры мільёны. Гэта і ёсьць надзейны электарат Лукашэнкі, які аддасьць за яго свае галасы, бо ён абараняе мігрантаў. Каб зьмяніць становішча, патрэбны магутныя прапагандысцкія і агітацыйныя сродкі інфармацыі, якія б дзейсна ўплывалі на сьвядомасьць людзей. А такіх сродкаў у беларускай апазыцыі няма”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Кандыба з Даўгаўпілсу, з Латвіі.

Ва Ўкраіне, спадар Кандыба, прыблізна такая ж, як і ў Беларусі, дэмаграфічная структура насельніцтва — таксама шмат людзей сталага веку, пэнсіянэраў. Але ж там гэта не перашкодзіла аранжавай рэвалюцыі? Чаму, вы лічыце, перашкодзіць у Беларусі? Што да нацыянальных меншасьцяў. Ня думаю, што вашы аргумэнты наконт іхных антыбеларускіх настрояў слушныя. Асабіста ведаю многіх расейцаў, украінцаў, палякаў, татараў, якія нарадзіліся ў Беларусі, выдатна ведаюць беларускую мову і робяць дзеля беларускай справы значна болей, чым многія беларусы.

Увогуле, гэта вельмі спрошчаны і несправядлівы падыход — шукаць карані дыскрымінацыі беларускай мовы і культуры ў нейкіх мітычных змовах і падкопах людзей іншых нацыянальнасьцяў. Зьвярніце ўвагу: усе дакумэнты, накіраваныя на выцясьненьне беларускай мовы з грамадзкага ўжытку, прынятыя і падпісаныя міністрамі, кіраўнікамі ўраду і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, якія паводле пашпартнай адзнакі лічацца беларусамі. У той час як, напрыклад, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які шмат гадоў бескарысьліва і апантана спрабуе абараніць мову беларусаў — этнічны расеец.

Ліст ад Ніны Лідзкай з Горадні. Летась слухачка ўдзельнічала ў конкурсе “Мая Свабода” і атрымала ад нашага радыё ў якасьці прызу кампакт-дыск “Быкаў на Свабодзе”. Распарадзілася яна гэтым падарункам своеасабліва. Цытую ліст:

“У газэце “Біржа інфармацыі” я прачытала, што ветэраны-энтузіясты пачалі ствараць у Горадні музей вялікага пісьменьніка. Я асабіста ведала Васіля Ўладзімеравіча, калі ён працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, а я рабіла першыя спробы пяра. Працуючы бібліятэкаркай у вайсковай частцы, я неаднойчы запрашала яго на сустрэчы з воінамі-чытачамі. Таму адразу вырашыла падараваць кампакт-дыск стваральнікам музэю.

І вось я прыйшла ў гэты невялічкі — усяго адзінаццаць з паловай квадратных мэтраў — пакойчык. Убачыла, зь якой любоўю і пяшчотай гэтыя сівыя, хворыя, але такія прывабныя людзі па драбніцах зьбіраюць экспазыцыю, і не змагла застацца раўнадушнай, бо і сама такая ж няўрымсьлівая душа. Цяпер узначальваю грамадзкую бібліятэку “Спадчына”, што таксама туліцца ў гэтым жа пакойчыку, і дапамагаю ствараць музэй. Сабралі каштоўныя матэрыялы, кнігі. Асабістыя рэчы, рукапісы, фатаздымкі перадалі ў наш музэй жонка Васіля Быкава, яго сыны, сябры і калегі. Душой музэю, яго стваральнікам зьяўляецца былы дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў. Ён ходзіць па прадпрыемствах, просіць матэрыяльнай дапамогі. Сёй-той адклікаецца, дапамагае. Замовілі нават бюст пісьменьніка.

Да нас прыходзяць настаўнікі, студэнты, вэтэраны, школьнікі. На Дзяды мы запалілі сьвечку яго памяці. Музэю — быць, бо жывуць людзі асаблівага складу, такія, як наш Мельнікаў. Толькі шкада, што расправіць крылы не хапае месца і сродкаў. Але ёсьць яшчэ сілы. Калі твой узрост усё больш набліжае да схілу, асабліва прыемна заставацца ў страі, прыносіць карысьць і не здавацца”, — напісала ў сваім лісьце на Свабоду Ніна Лідзкая з Горадні.

Настане час, спадарыня Лідзкая, калі помнік Васілю Ўладзімеравічу Быкаву будзе ўпрыгожваць адну з цэнтральных плошчаў Горадні, а створаны вамі музэй разьмесьціцца ў гістарычным цэнтры, у дыхтоўным будынку, і атрымае дзяржаўнае фінансаваньне. Час гэты не такі ўжо далёкі, і я веру, што мы разам з вамі яго дачакаемся. Што да дыску “Быкаў на Свабодзе”, то мы ўсё ж ня хочам, каб вы заставаліся без заслужанага падарунка, і таму дасылаем яшчэ адзін такі дыск разам зь іншымі сувэнірамі нашага радыё.

Вялікі ліст даслаў нам Юры Качан з Асіповічаў. Слухач падрабязна на шаснаццаці старонках апісвае свой досьвед палітычнай барацьбы ва ўмовах невялікага гарадка. Ён удзельнічаў у выбарчых кампаніях дэмакратычных актывістаў, сам ствараў і ўзначальваў суполку Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А цяпер вось вырашыў падацца ў эміграцыю. Вось што, у прыватнасьці, піша Юры Качан:

“Цяпер кожны з нас застаўся са сваімі праблемамі сам-насам. Народ хоча быць сытым рабом, хоць насамрэч — які ён сыты? Проста запалоханы. Рэжым Лукашэнкі можа быць зьвергнуты толькі з дапамогай сілы звонку. Іншы варыянт — чакаць, пакуль лідэр сам не адыдзе ад улады зь нейкай прычыны. Але дзе гарантыя, што ў выніку ня прыйдзе Лукашэнка нумар два? Пакуль жа, калі мяне сустракае на вуліцы начальнік мясцовага райаддзелу міліцыі, дык зьдзіўляецца: “Як, ты яшчэ ня зьехаў?”

Тэлефон праслухоўваецца, так што зь сябрамі па партыі мы сустракаемся ў нашым гарадзкім парку. А ўвогуле, наўкол — страх. Пішучы гэты ліст, я ня ўпэўнены, што ня буду мець непрыемных наступстваў. А як мы жывём? Асабіста я выжываю толькі дзякуючы таму, што бацька і маці атрымліваюць неблагія (па беларускіх мерках) пэнсіі, бо ўсё жыцьцё працавалі на чыгунцы. Ужо два гады я ў іх на ўтрыманьні.

Увогуле, многія з нас у значна горшых умовах, чым, напрыклад, Людміла Карпенка альбо намесьнік рэдактара “Народнай волі” Алесь Сіліч, які папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі. Людзі бескарысьліва робяць сваю справу, ня маючы ніякіх прывілеяў і ні капейкі грошай ад партыйных структураў. Напрыклад, у 2001 годзе штаб Ганчарыка не разьлічыўся нават за бэнзін, які людзі выкарысталі на паездкі па выбарчых участках. Ну, што ж, давядзецца і мне ўсьлед за Сілічам падацца ў Бэльгію. Падставаў дастаткова: гэта і падслухоўваньні, і пагрозы начальніка раённай міліцыі, і адсутнасьць працы…”

Кожны чалавек, спадар Качан, мае права самастойна вырашаць, дзе яму жыць, чым займацца, у што верыць. Калі меркаваць па тым, што вы яшчэ ў 2001 годзе спрабавалі атрымаць дазвол на жыхарства ў Злучаных Штатах, жаданьне эміграваць у вас даўно высьпела, і свайго вы, верагодна, рана ці позна даможацеся. Іншая рэч, ці прызнаюць вас палітычным уцекачом. Гэта будуць вырашаць міграцыйныя службы той краіны, дзе вы папросіце палітычнага прытулку. І вам трэба быць гатовым да сур’ёзнай і аб’ектыўнай праверкі і да ня надта камфортнага жыцьця ў лягеры ўцекачоў.

Цяжка сказаць, наколькі сур’ёзныя вашы падозраньні адносна праслухоўваньня тэлефону і пагрозаў мясцовых міліцыянтаў. Адно можна сказаць пэўна: 40-гадовы працаздольны мужчына ня мае маральнага права жыць на пэнсію сваіх старых бацькоў. У гэтай справе, на маю думку, ніякі палітычны ўціск ня можа служыць апраўданьнем.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты з навагоднімі й каляднымі віншаваньнямі Ўладзімер Гайдукевіч зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, Галіна Сутула з Глыбокага, Уладзіслаў Хархардзін зь Верхнядзьвінску, Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году! Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG