Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Heritage foundation” і “Wall Street Journal”: Беларуская эканоміка на 143-м месцы ў сьвеце паводле індэксу эканамічнай свабоды


Юры Дракахруст, Прага У рэйтынгу эканамічнай свабоды, падрыхтаваным амэрыканскім дасьледчым фондам “Heritage foundation” і газэтай “Wall Street Journal”, Беларусь займае 143-е месца і замыкае групу краінаў з “у асноўным несвабоднай эканомікай”.

У параўнаньні з папярэднімі гадамі паводле ацэнкі сытуацыя ў краіне ў сэнсе эканамічнай свабоды крыху палепшылася, у 2002 годзе Беларусь была на 151-м месцы, летась – на 145-м і знаходзілася ў групе краінаў з “цалкам несвабоднай эканомікай”.

Найвышэйшы індэкс эканамічнай свабоды ужо адзінаццаты год запар прысвойваецца Ганконгу. У 1997 годзе пасьля амаль 100-гадовага каляніяльнага панаваньня Вялікая Брытанія перадала Ганконг пад уладу Кітаю, аднак Ганконг захаваў пэўную ступень аўтаноміі. Самая Кітайская Народная Рэспубліка паводле ступені эканамічнай свабоды ў параўнаньні з 2003 годам узьнялася з 128-га на 112-е месца.

Другое і трэцяе месцы ў рэйтынгу эканамічнай свабоды занялі Сынгапур і Люксэмбург. На чацьвёртым месцы апынулася Эстонія.

У першую дзясятку ўвайшлі таксама Ірляндыя, Новая Зэляндыя, Вялікая Брытанія, Данія, Ісьляндыя і Аўстралія.

Упершыню за 11 гадоў, на працягу якіх вылічаўся рэйтынг эканамічнай свабоды, у дзясятку лідэраў не патрапілі Злучаныя Штаты. Яны занялі толькі занялі толькі 12-е месца. Японія займае 39-е месца.

Рэйтынг эканамічнай свабоды Расеі ў параўнаньні з 2003 годам зьменшыўся, са 114-га мейсца яна пасунулася на 124-е.

Сьпіс завяршаюць Куба, Лаос, Туркмэнія, Зымбабвэ, Лівія, М’янма (Бірма) і Паўночная Карэя, якая заняла апошняе, 155-е месца.

Агулам у сьвеце узровень эканамічнай свабоды летась узрос у 86-ці краінах, у 57-мі – паменшыўся, у 12-ці – захаваўся на тым жа узроўні.

Рэйтынг амэрыканскага дасьледнага цэнтру “Heritage foundation” і газэты “Wall Street Journal” ацэньвае узровень эканамічнай свабоды ў 155-ці краінах сьвету. Такія дасьледаваньні праводзяцца з 1995 года. Пры складаньні экспэрты вывучаюцца гандлёвая палітыка, падатковы цяжар, манэтарная палітыка, патокі капіталу, умяшаньне дзяржавы ў эканоміку, узровень заробкаў і цэнаў, правы уласнасьці й наяўнасьць “чорнага рынку”.
XS
SM
MD
LG