Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар фінансаў Мікалай Корбут атрымае ад газэты “Прессбол” і рэдактара Ўладзімера Беражкова 40 мільёнаў рублёў


Ігар Карней, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску задаволіў пазоў міністра фінансаў, кіраўніка Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Мікалая Корбута да спартовай газэты “Прессбол” і галоўнага рэдактара Ўладзімера Беражкова. Рашэньнем суду ўнітарнае прадпрыемства “Прессбол-плюс” і Беражкоў мусяць выплаціць Корбуту 30 і 10 мільёнаў рублёў адпаведна. Што сталася падставай да такіх матэрыяльных прэтэнзіяў?

Дзеля абароны “гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі” міністар фінансаў, ён жа старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Мікалай Корбут у суд зьявіўся асабіста. Аспрэчваўся зьмест публікацыі ў “Прессболе”, прысьвечанай атачэньню Корбута ў асацыяцыі гімнастыкі. Паводле выданьня, намесьніка кіраўніка фэдэрацыі, Андрэя Іманалі, шукае Інтэрпол за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. У судовай заяве Корбут, у сваю чаргу, напісаў: “абвінавачаньні намесьнікаў міністра фінансаў ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы — неаб’ектыўная, непраўдзівая інфармацыя”.

Галоўны рэдактар “Прессбола” Ўладзімер Беражкоў згодны, што падчас напісаньня артыкулу сапраўды была дапушчаная прыкрая памылка: з загалоўка вынікае, што Іманалі — ня віцэ-прэзыдэнт асацыяцыі, а намесьнік міністра фінансаў. Тым ня меней, хуткасьць прынятага рашэньня Беражкова ўразіла.

(Беражкоў: ) “Я ў шоку ад падобнага рашэньня. Натуральна, мы будзем падаваць апэляцыю, бо я гэта нават судом назваць не магу: цягам гадзіны вынесенае рашэньне. Пры гэтым не разгледзелі нічога, не задаволілі ніводнага хадайніцтва. У мяне нават не запыталі, колькі я зарабляю, але прысудзілі 10 мільёнаў. Прычым, мяне запрашалі не на суд, а на размову. Затэлефанаваў адвакат і сказаў, што судзьдзя запрашае пагаварыць — ці задаволіць нашыя хадайніцтвы, што рабіць з дакумэнтамі, як рыхтавацца да працэсу. Я ня быў падрыхтаваны да працэсу, я прыйшоў на размову. І раптам за гадзіну ўсё хуценька зрабілі”.

У 2000 годзе да “Прессбола” меў аналягічныя прэтэнзіі экс-міністар авіяцыі і кіраўнік фэдэрацыі футболу Рыгор Фёдараў. Тады выданьню ўдалося супрацьстаяць чыноўніку, але цяпер, на думку Ўладзімера Беражкова, ёсьць загад на ліквідацыю газэты.

(Беражкоў: ) “Асноўная задача суду — устанавіць ісьціну. Але ён нават не зрабіў такой спробы. Судзьдзя высьветліў толькі тое, што я не гатовы раскрыць сваю крыніцу інфармацыі. Нашыя запыты адхіліў і ўсе хадайніцтвы выкінуў у кошык. Мы пойдзем да канца, іншага выйсьця няма, бо прысуджаныя сумы раўназначныя прыпыненьню газэты. А ў дадзеным выпадку мы ўвогуле не вінаватыя, таму што інфармацыя праўдзівая. І калі сёньня задавальняць такія пазовы, заўтра любы чалавек можа зрабіць з газэтай усё, што захоча. Можна элемэнтарна распраўляцца з журналістамі. Міністар фінансаў скардзіўся, што яму на мэдыкамэнты не хапае (у лечкамісіі, пэўна, усё цяпер вельмі дорага); сказаў, што яму лячыцца трэба ў санаторыях, таму патрэбныя такія грошы. Ён забыў пра калгас, пра дапамогу калгасу ўжо і ня згадваў. Сказаў, што гэта яму на лекі”.

У найбліжэйшыя дні Ўладзімер Беражкоў мае намер падаць на рашэньне Цэнтральнага суду Менску касацыйную скаргу.

Летась судовыя справы з удзелам ці супраць сродкаў масавай інфармацыі былі рэгулярныя. Супраць “Народнай волі” пададзеныя два пазовы на 100 мільёнаў рублёў. “БДГ” прысуджана выплаціць 3 мільёны рублёў артысту Яўгену Крыжаноўскаму. Штотыднёвік “Свободные новости” абавязаны выплаціць былому супрацоўніку міліцыі болей за тры мільёны рублёў. На патрабаваньне суду апісаная маёмасьць журналісткі “Газеты для вас” Тамары Шчапёткінай і супрацоўніцы “БДГ” Ірыны Макавецкай. Нягледзячы на арышт старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, працягнутая судовая справа Рыбакова супраць “Народнай волі”. З гэтай жа газэты спагнана 15 мільёнаў рублёў на карысьць бізнэсоўца Сяргея Атрошчанкі. Апроч таго, Міністэрства інфармацыі з розных прычынаў прыпыніла выхад газэтаў “Рабочая солидарность”, “Криминальное обозрение”, “Неделя”, на тры месяцы спыняліся газэты “Время”, “Местная газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG