Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cавет міністраў Беларусі пакуль не прыняў рашэньня накіраваць гуманітарную дапамогу ў краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі


Ганна Соусь, Менск У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі кажуць, што ў любы момант гатовыя накіраваць гуманітарныя грузы ў раён катастрофы, які пацярпеў ад цунамі

Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Савету міністраў Беларусі Яўген Мялешка, рашэньне аб накіраваньні дапамогі краінам, пацярпелым ад цунамі, пакуль не прынятае. У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў гавораць, што, калі будзе прынятае такое рашэньне, то літаральна празь некалькі дзён гуманітарныя грузы будуць дастаўленыя на ўзьбярэжжа Індыйскага акіяну. Гаворыць начальнік упраўленьня міністэрства Віктар Цішчанка:

(Цішчанка: ) “Пацярпелыя краіны далі пералік тавараў, — гэта харчаваньне, намёты, цёплая вопратка, лекі, устаноўкі для ачысткі вады, электрастанцыі. Але пакуль канкрэтна ня вызначаны груз, які туды будзе дастаўляцца. Мы цяпер шчыльна працуем зь Міністэрствам надзвычайных сытуацыяў Расеі, каб задзейнічаць іх цяжкія самалёты Іл-76. Бо, калі арандаваць самалёты ў авіякампаніяў, будуць вялікія транспартныя выдаткі. Пакуль заўчасна казаць пра тое, што заўтра альбо пасьлязаўтра мы накіруем туды груз. Вядзецца праца на ўзроўні ўраду. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў гатовае даставіць туды груз, як толькі будзе дадзена каманда”.

Варта адзначыць, што з моманту катастрофы ва Ўсходняй Азіі прайшло ўжо дзесяць дзён. Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір наступным чынам тлумачыць, чаму дагэтуль беларускі ўрад не даслаў дапамогі пацярпелым ад цунамі краінам:

(Чыгір: ) “Калі быў Чарнобыль, то мы таксама вельмі значна пацярпелі. А паколькі з тых азіяцкіх рэгіёнаў фактычна дапамогі не было (праўда, я дакладна ня ведаю), таму магчымае такое рашэньне, што дапамогі з боку Беларусі аказвацца ня будзе. Беларусь ёсьць сябрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў і робіць туды адпаведныя ўнёскі. А з боку ААН ідзе вялікая дапамога. Таму я тут вялікай праблемы ня бачу. Але ўлічваючы, што вельмі шмат ахвяраў, то маглі б нейкую дапамогу і аказаць”.

Варта адзначаць, што пасьля нядаўняй трагедыі ў Беслане Беларусь амаль адразу аказала дапамогу пацярпелым ад тэракту. Быў адкрыты рахунак для ахвяраваньняў “Дзецям Беслану”, у многіх калектывах зьбіралі сродкі для дапамогі пацярпелым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG