Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Доме літаратара пройдзе творчая вечарына Вольгі Іпатавай


Валянціна Аксак, Менск “Мая сёньняшняя вечарына – гэта не ўлагоджваньне свайго эгаізму, а скарыстаньне мажлівасьці яшчэ раз паказаць публіцы хараство нашай літаратуры і людзей, якія яе ствараюць”. Так сказала вядомая пісьменьніца Вольга Іпатава ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы з нагоды творчае вечарыны, якая адбудзецца 5 студзеня ў менскім Доме літаратара.

Вечарына прымеркаваная да круглае даты ў біяграфіі Вольгі Іпатавай. Яна нарадзілася ў першы дзень году, і мажліва, таму глядзіць у будучыню з аптымізмам, якім хоча шчодра падзяліцца.

(Іпатава: ) “Я б хацела паслаць усім тым, хто там будзе, нейкі сьветлы пасыл надзеі. Я аптымістка па жыцьці, нягледзячы ні на што, і я думаю, што нашыя людзі павінны ісьці, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, з аптымізмам і верай у будучыню. Таму што я ўзгадваю, як на магіле Захаркі сказаў Кіпель: ну што вы кажаце, калі мы пачыналі, дык было некалькі дзесяткаў людзей, якія гатовыя былі аддаць жыцьцё за беларускасьць. Сёньня іх ужо сотні, а то вось прагаласавалі каля 2 мільёнаў. Так што нам трэба радавацца – я сыходжу з гэтага”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы думаеце, што гэтая вечарына – нагода для таго, каб усім разам парадавацца, што ёсьць людзі, якія вераць у беларускае слова, у беларускую будучыню...”

(Іпатава: ) “Якія любяць яго. І парадавацца з таго, што мы разам. Паглядзіце – і зьезды апошнія – што засьведчылі? Яны засьведчылі грамадзянскую пазыцыю Саюза пісьменьнікаў. Гэтая грамадзянская пазыцыя нараджаецца, крышталізуецца ў вельмі цяжкіх і неспрыяльных умовах. Але гэты працэс адбываецца. Я гэта бачу па вучнях, па студэнтах. І я ў гэтым сэнсе радуюся. Я той аптыміст, які гаворыць, што шклянка хутчэй напалову поўная, чым напалову пустая, і нават ужо падымаецца ўзровень. Вось таму для мяне гэта самае галоўнае.

Там павінны быць Марыя Захарэвіч, Галіна Дзягілева, павінна быць Сьвятлана Зелянкоўская – гэта людзі зь ярка ўжо выказанай грамадзянскай пазыцыяй, зь беларускасьцю. І вось для таго, каб яшчэ раз паказаць іх, мне і хочацца зрабіць такую вечарыну”.

Творчая вечарына знанае пісьменьніцы Вольгі Іпатавай адбудзецца сёньня, 5 студзеня, у менскім Доме літаратара. Пачатак а 18:30.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG