Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год у Менску прайшоў без надзвычайных здарэньняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Навагоднія сьвяты адзначыліся адсутнасьцю гучных крымінальных здарэньняў у сталіцы Беларусі. А вось ў некаторых рэгіёнах краіны абстаноўка была далёкай ад ідэалу.

Менская міліцыя адрапартавала пра значныя посьпехі ў падтрыманьні парадку на вуліцах сталіцы за часы навагодніх сьвятаў. У месцах масавых гуляньняў не адбылося ніводнага сур’ёзнага здарэньня, ня кажучы ўжо пра гібель людзей.

У міліцыі нагадалі, што сьвяткаваньне 2004 года каштавала жыцьця двум менчукам, якіх забілі падчас сьвяткаваньняў на вуліцах горада. Гэтым разам на вуліцах Менску было ўсталявана ўтрая больш елак, і гэта нібыта дало станоўчы вынік. “Людзей побач з адной елкай было менш, а ахоўнікаў парадку паболела, вось і стала лепей” – сьцьвярджае прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў падпалкоўнік Генадзь Клепча, які сустракаў Новы год на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Генадзь Клепча ня лічыць выбухі пэтардаў і фэервэркі перашкодай сьвяточнаму навагодняму настрою гараджанаў.

(Клепча: ) “ Тое, што там людзі страляюць, ладзяць фэервэркі, сьвяткуюць – і дзякуй Богу. Асабіста для мяне ўжо трыдыцыяй стала сустракаць Новы Год сярод людзей. За сталом мы пасядзець і наесьціся заўсёды пасьпеем”.

Варта сказаць, што не ўсе менчукі пагодзяцца з гэтым меркаваньнем. Вось што згадвае пра Новы год Алена Сакалова, якая жыве ў цэнтры на вуліцы Карла Маркса.

(Алена: ) “Было вельмі чуваць, як узрываюцца бясконца гэтыя пэтарды, гэтыя салюты. Настолькі гэта ўсё грымела. Мы ніякага задавальненьня ад гуляньня ў такім тлуме, сярод гэтых выбухаў, якія вельмі нагадвалі вайсковыя выбухі, не атрымалі б, і таму ў навагоднюю ноч мы нікуды не пайшлі”.

Збольшага Новы год у Менску сапраўды прайшоў без надзвычайных здарэньняў. Чаго не скажаш, прыкладам, пра Магілёў. Напярэдадні мясцовым уладам даслалі дыскету з патрабаваньнем заплаціць вялікія грошы, альбо ў горадзе ў месцах масавых гуляньняў ўзарвуцца некалькі бомбаў. Улады вымушаныя былі мабілізаваць усю гарадзкую міліцыю і нават выклікалі на дапамогу менскі ОМОН.

Ужо ў 2005 годзе высьветлілася, што трывога была дарэмнай. Шантажаваў горад чалавек, які папросту хацеў, каб ягоная дачка не сыходзіла ў навагоднюю ноч з дому ў кампанію аднагодкаў. Вынаходлівасьць раўнівага бацькі можа абысьціся яму ў пяць гадоў турмы – занадта вялікія ён нанёс выдаткі міліцыі.

І, канешне, крымінальная хроніка першых дзён 2005 года поўніцца пабытовымі злачынствамі: п’янымі бойкамі, крадзяжамі і нават забойствамі з-за таго, што не хапіла грошай, каб падоўжыць застольле. Толькі адзін прыклад: у Шклоўскім раёне два падлеткі распаленым прасам вымагалі грошы ў старога чалавека. Дзякуй Богу, пацярпелы застаўся жывы. З апёкамі яго зьмясьцілі ў Шклоўскі шпіталь, а маладых злачынцаў затрымалі.

І яшчэ адна важкая падзея ў міліцэйскіх рапартах. Першым загадам, які падпісаў міністар унутраных справаў у 2005 годзе, быў загад пра ветлівае і ўважлівае стаўленьне міліцыянтаў да грамадзянаў. Я спытаў у прэсавага сакратара міністра, ці азначае гэта, што цяпер будуць караць міліцыянтаў, якія зьбіваюць людзей падчас разгонаў мітынгаў ці пікетаў апазыцыі. Вось што адказаў Генадзь Клепча:

(Клепча: ) “Закон аб міліцыі прадугледжвае як выкарыстаньне зброі, гэтак выкарыстаньне адмысловых сродкаў і фізычнай сілы. Калі, што, дзе і як можна выкарыстоўваць. Паводле кожнага факту, калі ёсьць нэгатыўныя моманты, праводзяцца праверкі і вінаватых караюць, але…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG