Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З шостага паверху віцяблянка зьпікіравала ў адкрыты калодзеж


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Сёньняшні нумар газэты “Курьер из Борисова” – першы ў новым годзе, а таму шмат матэрыялаў прысьвячае вынікам навагодніх сьвяткаваньняў. У тым ліку паведамляецца пра адну барысаўскую сям’ю, якая новы год сустракае без традыцыйных прэзыдэнцкіх віншаваньняў. Бацькі двух дзяцей-школьнікаў заяўляюць, што адмыслова не трымаюць у хаце тэлевізара, каб не загружаць дзіцячую сьвядомасьць рэклямай і палітыкай. У публікацыі паведамляюцца вынікі цікавых дасьледаваньняў, якія сьведчаць пра адмоўны ўплыў тэлевізіі на псыхіку людзей. А таксама прыводзіцца цытата аднаго італьянскага выданьня, што “тэлебачаньне пагражае дэмакратыі, бо кучка людзей, якія трымаюць яго ў сваіх руках, атрымоўваюць неабмежаваную магчымасьць уплываць на сьвядомасьць грамадзтва”.

У працяг палітычнай тэмы “Курьер из Борисова” друкуе інтэрвію з чальцом праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Барысаве Марынай Статкевіч, якая была назіральніцай за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Спадарыня Статкевіч распавядае падрабязнасьці свайго затрыманьня менскай міліцыяй перад ад’ездам у Кіеў, а таксама паведамляе пра хаду галасаваньня. Яна прыводзіць прыклады, калі паводле напісаных назіральнікамі пратаколаў аб парушэньнях на асобных участках вынікі выбараў былі прызнаныя несапраўднымі. У параўнаньні зь беларускай сытуацыяй, калі айчынныя й міжнародныя назіральнікі фіксавалі тысячы такіх выпадкаў і ніякага выніку гэта ня мела, украінскі прыклад падаецца неверагодным фактам – піша газэта.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” ў сёньняшнім нумары друкуе матэрыял прысьвечаны трагедыі на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну. У артыкуле “На сувязь не выходзяць толькі два беларусы” паведамляецца, што Міністэрству замежных справаў краіны вядомыя імёны гэтых людзей, але іхны пошук ня меў ніякага выніку. Таму як склаўся іхны лёс пасьля катастрофы застаецца невядомым. Газэта падае таксама інтэрвію зь вядомым беларускім мадэльерам Аляксандрам Варламавым, які стаўся сьведкам трагічных падзеяў.

Пра яшчэ адно надзвычайнае здарэньне, якое адбылося вечарам першага дня новага году ў Беларусі паведамляецца ў артыкуле “З шостага паверху віцяблянка зьпікіравала ў адкрыты калодзеж”. Гэта быў адзіны каналізацыйны люк вакол усяго 9-павярховага дому, які заставаўся адчыненым і амаль зь верхам быў запоўнены сьмецьцем. Гэта й выратавала жыцьцё 29-гадовай Вольгі: яна атрымала страсеньне мозгу й пашкодзіла пазванок, але ратавальнікі назвалі гэта дробязямі ў параўнаньні з тым, што магло адбыцца. Дый мэдыкі вызначаюць стан Вольгі як “сярэдняй цяжкасьці”.

Падборку незвычайных здарэньняў “Камсамолка” завяршае інтэрвію з генэрал-лейтэнантам Валерыем Астапавым, які пакінуў пасаду кіраўніка Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі. Міністрам МНС спадар Астапаў заставаўся з 1999 году, што ў беларускіх рэаліях зьява амаль неверагодная. Паводле газэты, сярод прычыны адстаўкі – стан здароўя міністра-доўгажыхара.
XS
SM
MD
LG