Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 студзеня 1896 году Рэнтген правёў першую публічную дэманстрацыю сваіх прамянёў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 5 студзеня

5 студзеня 1775 году ў Маскве адбываецца пакараньне сьмерцю Емяльяна Пугачова, які выдаваў сябе за імпэратара Пятра ІІІ. За савецкім часам Пугачова выстаўлялі ледзьве ня першым рэвалюцыянэрам. Але насамрэч гэта быў зусім дзікі бунт – забойствы, рабаўніцтвы, бязьмежная прага нажывы, вызваленьне ў чалавеку самых цёмных інстынктаў. Урэшце, і каралі пугачоўцаў бязь літасьці.

5 студзеня 1876 году прыйшоў на сьвет Конрад Адэнаўэр, першы канцлер пасьляваеннай Нямеччыны. Паводле адукацыі Адэнаўэр быў адначасова адвакатам, эканамістам і каталіцкім сьвятаром. Менавіта за Адэнаўэрам разбураная гітлераўцамі і вайной краіна ператварылася ў адну з найбольш багатых дзяржаваў сьвету.

5 студзеня 1896 году нямецкі фізык Рэнтген праводзіць першую публічную дэманстрацыю сваіх прамянёў, безь якіх сёньня не абыходзіцца ніводная паліклініка.

І яшчэ адна нямецкая дата. Менавіта 5 студзеня ў 1919 годзе ў Мюнхене была заснаваная Нацыянал-сацыялістычная партыя Нямеччыны – НСДАП. Мабыць, тады ніхто і ўявіць сабе ня мог, якая трагедыя вынікне з гэтае зьнешне не асабліва прыкметнае падзеі.

5 студзеня 1938 году сакратар тройкі НКВД у Смаленску Антонаў падпісвае наступную паперку: “Гарэцкага Максіма Іванавіча – расстраляць. Ягоную асабістую маёмасьць – канфіскаваць”. Неўзабаве, празь пяць дзён, гэты прысуд клясыку беларускай літаратуры будзе выкананы. Зразумець гэтага расстрэлу немагчыма. Затое не перастаеш зьдзіўляцца, як шмат зрабіў Максім Гарэцкі, не дажыўшы да сваіх сарака пяці гадоў. Раманы “Камароўская хроніка”, “На імпэрыялістычнай вайне”, “Віленскія камунары”, мноства апавяданьняў і артыкулаў, “Гісторыя літаратуры”, кнігі фальклёрных запісаў і слоўнікі.

5 студзеня 1976 году францускі прэм’ер Жыскар Д’эстэн публікуе закон, які забараняе выкарыстоўваць у рэкляме розныя мовы, апроч францускай. Вось жа нават у такой, здавалася б, разьвітай у моўным сэнсе краіне як Францыя робяцца захады дзеля абароны роднае мовы ад націску іншаземных, найперш – ангельскай.
XS
SM
MD
LG