Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьмяніўся беларускі FM-эфір у новым годзе?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ад пачатку новага году ў беларускім эфіры мусіць гучаць ня менш за 75 адсоткаў музыкі, якая мае беларускае паходжаньне. Ці адбіліся новыя правілы на эфірнай палітыцы FM-станцыяў? Ці адчулі беларускія музыканты зьмену сытуацыі?

Як і перад новым годам радыёстанцыі час ад часу круцяць песьні з праекту “Крамбамбуля”, старыя запісы “Песьняроў”, а таксама расейскіх выканаўцаў, якія маюць дачыненьне да Беларусі – напрыклад, Юрыя Антонава ці Алёну Сьвірыдаву. Што да менш вядомых выканаўцаў, вельмі зрэдку можна зразумець ці паходзіць музыкант зь Беларусі.

Эфір застаецца пераважна расейскамоўным. І калі ў песьні згадваецца напрыклад Менск, тады разумееш, што выканаўца зь Беларусі. Таму цалкам верагодна, што беларускіх паводле паходжаньня музычных твораў паболела, але ці да 75 адсоткаў, цяжка вызначыць.

На думку некаторых музыкантаў, падобная сытуацыя захаваецца ў бліжэйшы час. Так мяркуюць лідэр гурту “НРМ” і некалькіх супольных праектаў Лявон Вольскі, і лідэр гурту “Нэйра – дзюбель” Аляксандар Кулінковіч і лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка. Названыя музыканты граюць досыць розную музыку, але іх яднае тое, што дагэтуль існуе негалосная забарона на гучаньне іхных гуртоў у дзяржаўным эфіры.

Забарона была зробленая пасьля ўдзелу калектываў у канцэрце, прымеркаваным да 10 кіраваньня А.Лукашэнкі, калі прысутныя казалі “не” гэтаму прэзыдэнту. Алег Хаменка спадзяецца, што хаця б здымуць забарону, а на магчымасьць нармалізацыі беларускага эфіру ў бліжэйшы час глядзіць пэсымістычна.

Тым часам, галоўнае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА цьвердзіць, што FM-станцыі не парушаюць заканадаўства і трымаюцца вызначаных 75 адсоткаў.

Якое выйсьце з сытуацыі бачаць музыканты? Напрыклад, Аляксандар Кулінковіч зьвязвае надзеі на нармалізацыю беларускага FM-эфіру са зьменай улады. А ўдзельнік гурту “Джэй Морс” Раман Арлоў гаворыць пра адсутнасьць прадусарскага бізнэсу ў Беларусі. Ён кажа пра тое, што бізнэсоўцы засьцерагаюцца дэманстраваць свае грошы, якія можна ўкласьці ў музыку.

Лявон Вольскі мяркуе, што дзяржава будзе ствараць штучных лідэраў эстрады паводле прынцыпу расейскай “Фабрыкі зорак”. І ўсе згодныя з думкай, што адміністратыўнымі захадамі немагчыма зрабіць удалы шоў-бізнэс.
XS
SM
MD
LG