Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Манаеў: прычына ціску на НІСЭПД – абнародаваньне вынікаў дасьледаваньняў, зьвязаных з выбарамі і рэфэрэндумам


Алесь Дашчынскі, Менск Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) атрымаў чарговы, дзевяты ліст ад міністэрства юстыцыі. На гэты раз чыноўнікі незадаволеныя тым, што ў сродках масавай інфармацыі – у прыватнасьці, у газэце “Народная воля” – не ўказваецца, што НІСЭПД зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй. Мін’юст запатрабаваў ад кіраўніцтва інстытута разьмясьціць у газэце адпаведнае абвяржэньне. Дырэкцыя Інстытута заяўляе, што органы дзяржаўнай улады, фактычна, разьвязалі вайну супраць грамадзянскай супольнасьці. Ці могуць падобныя дзеяньні ўладаў прывесьці да закрыцьця Інстытута, як гэта было зь дзесяткамі іншых грамадзкіх арганізацый?

Трэба адзначыць, што чарговы ліст зь міністэрства юстыцыі прыйшоў у Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў пасьля таго, як у сьнежні яго наведалі паслы Эўрапейскага зьвязу і ЗША.

У прэс-рэлізе мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу гаворыцца, што НІСЭПД “зьяўляецца цэнтрам, прызнаным на міжнародным узроўні, які сыграў важную ролю ў прадастаўленьні незалежных дадзеных, зьвязаных з нядаўнімі парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам”. Прадстаўнікі Эўразьвязу асуджаюць любыя дзеяньні, накіраваныя на далейшыя абмежаваньні дзейнасьці Інстытута, якія “кінуць трывожны цень на ажыцьцяўленьне права на свабоду меркаваньняў і палітычную сытуацыю ў Беларусі, могуць прывесьці да нэгатыўных наступстваў у стасунках Беларусі з Эўрапейскім зьвязам”.

Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў мяркуе, што мін’юст невыпадкова абраў тактыку бамбардаваньня Інстытута з розных бакоў.

(Манаеў: ) “Яны даціснуць, але хутчэй за ўсё абяруць такі варыянт юрыдычны, ці што. Мэтадам гэтых бясконцых лістоў яны ўрэшце вынесуць там чарговае, трэцяе папярэджаньне, перададуць у Вярхоўны суд, які нас тут жа афіцыйна зачыніць. Я думаю, гэта толькі пытаньне часу”.

Перад рэфэрэндумам Алега Манаева запрасіў для гутаркі міністар юстыцыі і азнаёміў з гатовым ужо заключэньнем для Вярхоўнага суда аб ліквідацыі Інстытута за “многія парушэньні”. Цяперашнюю сытуацыю прадстаўнік упраўленьня грамадзкіх арганізацый мін’юста камэнтаваць адмовіўся, спасылаючыся на адсутнасьць дазволу з боку міністра.

У сваю чаргу, Інстытут падаў скаргу на дзеяньні міністэрства юстыцыі ў Вярхоўны суд, але адказу не атрымаў. Паводле спадара Манаева, пасьля навагодніх сьвятаў сытуацыя будзе больш менш яснай.

Нагадаю, што 13 сьнежня супрацоўнікі КГБ правялі ператрус на кватэры намесьніка дырэктара інстытута, Аляксандра Саснова. Пазьней на гэтую ж кватэру наведаліся міліцыянты – быццам бы па скарзе суседзяў. Прафэсара Манаева выклікалі таксама ў рэспубліканскую пракуратуру і запатрабавалі тлумачэньні наконт апытаньняў грамадзкай думкі, праведзеных пад час выбараў і рэфэрэндуму інстытутам Гэлапа.

Допыты, выклікі, вобыскі – вось у такой атмасфэры вымушаны цяпер працаваць інстытут. Прафэсар Алег Манаеў зьвяртае ўвагу на тое, што фактычна цягам апошніх двух месяцаў дзейнасьцю НІСЭПД зацікавіліся міністэрства юстыцыі, КГБ, міністэрства ўнутраных справаў, Рэспубліканская пракуратура. Такая скаардынаваная цікавасьць санкцыянаваная рашэньнем зьверху. Паводле Манаева, Інстытут праводзіў нямала сацыялягічных дасьледаваньняў, якія тычыліся рэйтынгу прэзыдэнта, стаўленьня грамадзянаў да цяперашняй дзяржаўнай палітыкі. Аднак апошняй кропляй стала якраз інфармацыя, зьвязаная з нядаўнімі палітычнымі кампаніямі.

(Манаеў: ) “Дасьледаваньні й абнародаваньне вынікаў дасьледаваньняў, зьвязаных з выбарамі і рэфэрэндумам, і тое, што на самой справе “за” прагаласавала менш паловы, а ня 80 працэнтаў. Гэтыя вынікі сталі вядомыя ва ўсім сьвеце, і гэта быў адзін з фактараў, на падставе якога міжнародныя інстытуты не прызналі ні выбары, ні рэфэрэндум свабоднымі і справядлівымі”.

Гл. таксама • НІСЭПД: за зьмены ў Канстытуцыю 17 кастрычніка прагаласавала 49% беларусаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG