Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дуліна ад Барадуліна"


RFE/RL У менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна “Дуліна ад Барадуліна”, выдадзеная беларускай службай Радыё Свабода. Яе аснову склалі показкі і эпіграмы Рыгора Барадуліна, якія прагучалі сёлета на Радыё Свабода ў цыклі “Лета з Барадуліным” з 1 чэрвеня па 31 жніўня. Прэзэнтацыя прымеркаваная да двух юбілейных датаў – 70-годзьдзя Рыгора Барадуліна (празь некалькі месяцаў ён будзе сьвяткаваць гэты юбілей), а таксама да 50-годзьдзя беларускай службы Радыё Свабода, якое адзначаецца сёлета.

Уступ Вельмi паветраныя пацалункi

Шаноўныя чытачкi й iншыя маральна няўстойлiвыя асобы! Праявiце ўстойлiвасьць i не чытайце ў гэтай кнiзе старонкi 178-189! Дарагiя бацькi непаўналетнiх! Хавайце гэтую кнiгу ў недаступным для дзяцей месцы да дасягненьня паўналецьця! Бедныя iнтэрнэт-залежныя! Не распаўсюджвайце ва ўсясьветным сецiве адно згаданыя дванаццаць старонак! Паважаныя астатнiя грамадзяне! Не чытайце гэтыя старонкi ўголас у грамадзкiм транспарце, са сцэны, падчас дажынак i iншых масавых гуляньняў! Непадкупныя пракуроры й судзьдзi! Не вырывайце вышэйзгаданыя старонкi з кантэксту й не судзiце сувора тых, хто ўсё ж будзе чытаць iх уголас! Вельмiшаноўныя чытачы старонак 5-254! Вiншуем вас з новай сустрэчай са свабодным паэтам i паэтам свабоды! Ранней Рыгор Барадулiн даваў «Свабодзе» сур’ёзныя iнтэрвiю, пасьля чытаў ля мiкрафона мiлагучныя вершы й пераклады, затым пачаў пiсаць эсэ на грамадзка значныя (с. 160-177) i агульначалавечыя тэмы (с. 178-189). Але за вясной прыйшло лета 2004 году, i дзядзька Рыгор штодня стаў круцiць дулiны ў эфiры старым i новым сябрам i знаёмцам, а пасьля агледзеўся й на адным дыханьнi паслаў яшчэ паўсотнi паветраных пацалункаў журналiстам i слухачам «Свабоды». Мы былi аслупянелi й вось выдалi кнiгу – а што рабiць? Паэты, як вядома, не даюць пацалункаў без узаемнай любовi, у якой мы распiсваемся – бяз дулi ў кiшэнi.

Аляксандар Лукашук, неаб''ектыўны пэрсанаж дулiны на с. 236

Выбраныя часткі з новай кнігі Рыгора Барадуліна "Дуліна ад Барадуліна", якія прагучалі ў эфіры Радыё Свабода:

Гл. таксама • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” (частка другая) • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” (частка трэцяя) • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” (частка чацьвёртая) • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” (частка пятая — апошняя) • “Дуліна ад Барадуліна” (Фатаграфіі з прэзэнтацыі) • Беларусь чакае рэвалюцыя дулін
XS
SM
MD
LG