Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя чыноўнікі цікавяцца беларускімі ўдзельнікамі ўкраінскай рэвалюцыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Улады Жодзіна правяралі, ці не парушыў працоўнага заканадаўства супрацоўнік брыгады хуткай мэдычнай дапамогі Аляксандар Ваўчанін, які два дні правёў на кіеўскім Майдане. Яшчэ адзін удзельнік падзеяў у Кіеве, сябра “Маладой грамады” Зьміцер Чарткоў сьцьвярджае, што адміністрацыя Беларускай Акадэміі мастацтваў, дзе ён вучыцца, раіць яму забраць адтуль свае дакумэнты. Беларускія апазыцыянэры не выключаюць, што зьвернуцца ў гэтай справе па дапамогу да Віктара Юшчанкі.

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Ваўчанін у вольны час і за ўласны кошт паехаў у Кіеў, дзе 21 і 22 лістапада быў удзельнікам рэвалюцыйных падзеяў. І вось прыкладна празь месяц пасьля таго, як ён вярнуўся дадому, пачаліся праблемы. Апавядае Аляксандар Ваўчанін:

(Ваўчанін: ) “У мяне былі выхадныя дні, але ўсё роўна пачалі правяраць, дзе я быў і зь якой мэтай. Мяне правяралі з выканаўчай улады. Тэлефанавалі галоўнаму лекару шпіталю і рабілі запыт, дзе Ваўчанін быў гэтыя дні. Можа, ён працаваў, можа браў бальнічны лісток — і высьвятлялі, дзе я быў. Я працую добрасумленна, маю вышэйшую катэгорыю, гарэлкі ня п’ю, дысцыпліны працоўнай не парушаю. Так што да чаго яшчэ дачапіцца? Няма да чаго”.

А вось сябра Аляксандра Ваўчаніна, актывіст “Маладой грамады” Зьміцер Чарткоў, які правёў на кіеўскім Майдане тыдзень, гаворыць, што адміністрацыя Беларускай Акадэміі мастацтваў, дзе ён вучыцца на першым курсе, раіць яму забраць дакумэнты. Прарэктар акадэміі па арганізацыйна-выхаваўчай працы Валер Максімовіч жа сьцьвярджае, што ніхто Чарткову ня раіў і не змушаў яго забіраць дакумэнты. Паводле прарэктара, са студэнтам толькі была праведзеная прафіляктычная гутарка пасьля таго, як Зьміцер быў пакараны адміністрацыйным арыштам за ўдзел у вулічнай акцыі беларускай апазыцыі. Спадар Максімовіч гаворыць, што, калі Зьміцер Чарткоў забярэ дакумэнты з акадэміі, то гэта яго асабістая справа.

Аляксандар Ваўчанін і Зьміцер Чарткоў зьбіраюцца зьвярнуцца да Віктара Юшчанкі з просьбай заклікаць Аляксандра Лукашэнку спыніць ціск на ўдзельнікаў украінскай рэвалюцыі. Лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец, які таксама нямала часу правёў у рэвалюцыйным Кіеве, падтрымлівае гэты крок:

(Севярынец: ) “Безумоўна, зварот да Юшчанкі тут можа мець рацыю. Таму што гэта ўжо прэзыдэнт найбуйнейшай у Эўропе краіны. Гэта натуральны сусед Беларусі, зь якім Лукашэнка мусіць лічыцца. Таму я гэтую ідэю падтрымліваю, і, думаю, па лініі “Маладога фронту” мы паспрабуем выйсьці на Юшчанку”.
XS
SM
MD
LG