Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza” пра беларускі Ліцэй: “Заняткі па тайнай мове. Беларусь”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Заняткі па тайнай мове. Беларусь” – такі загаловак мае вялізны артыкул, зьмешчаны ў штотыднёвым дадатку да найбольш масавага штодзёньніка цэнтральнай і ўсходняй Эўропы “Gazeta Wyborcza” “Вялікі фармат”. У матэрыяле падрабязна распавядаецца пра гісторыю і цяперашні стан Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які быў зачынены ўладамі.

Артыкул “Заняткі па тайнай мове. Беларусь” падзелены на некалькі кавалкаў, у адпаведнасьці з заняткамі, якія цяпер падпольна наведваюць ліцэісты. У дадатак да аповеду, прыкладам, пра заняткі па геаграфіі, аўтары апісваюць свае ўражаньні з прагулкі па Менску, дзе іх, сярод іншага ўразілі назвы вуліцаў – Дзяржынскага, Леніна, Камуністычная.

Газэта падрабязна распавядае пра гісторыю стварэньня, дзейнасьці, а таксама пра цяперашняе змаганьне і працу ў падпольлі адзінага ў краіне ліцэю, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску.

Увогуле коратка пераказаць зьмест артыкулу даволі цяжка – ён вельмі вялікі і складаецца са шматлікіх маналёгаў ліцэістаў, іхных бацькоў ды настаўнікаў. Вось, прыкладам, такі радок пра адную зь ліцэістак:

“Яна мае валасы як беларускі лён, 16 гадоў і тэчку ў КГБ, як ўсе ліцэісты і іхныя бацькі”.

“Gazeta Wyborcza” тлумачыць, што ліцэісты ў прынцыпе нічога ад уладаў не патрабуюць, акрамя каб тыя не перашкаджалі ім вучыцца на роднай мове, як, прыкладам, па-польску вучыцца польская моладзь.

“Пры гэтым Ліцэй мае выбітных выкладчыкаў: прафэсараў, літаратараў, актораў, аўтараў падручнікаў, былых амбасадараў і нават рок-музыкаў!”, – піша штодзёньнік.

На інтэрнэт-старонцы газэты, у дадатак да тэксту, зьмешчаная таксама песьня “Боль” з альбому ліцэістаў “Веру ў цябе”, якую можна спампаваць разам з польскім перакладам.

Адметна, што зусім нядаўна на гэтай жа вэб-старонцы быў зьмешчаны гімн “памаранчавай рэвалюцыі” песьня “Разом нас богато”.
XS
SM
MD
LG