Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйным гербам Магілёва зацьверджаны старажытны сымбаль з выявай Пагоні


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Усе сельскія раёны і гарады Магілёўскай вобласьці цяпер маюць гербы і сьцягі. Пасьля зацьверджаньня праектаў мясцовымі саветамі дэпутатаў і геральдычным саветам у Менску, 3 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб заснаваньні афіцыйных геральдычных сымбаляў рэгіёну, у тым ліку сьцяга і герба Магілёўскай вобласьці. Што ўяўляюць сабой гэтыя сымбалі?

Новы герб Магілёўскай вобласьці — гэта творча пераапрацаваны мастаком Паўлам Дзьмітрыядзі сымбаль Магілёўскай губэрні, які ў 1878 годзе ёй падараваў расейскі імпэратар Аляксандар ІІ. Да трох зялёных пагоркаў, трох каласоў, андрэеўскай стужкі сучасьнікі дадалі ляўровы вянок і абраз Брацкай Божай маці. Сьцяг Магілёўскай вобласьці чырвонага колеру, у цэнтры — герб.

З новымі сымбалямі вобласьці яшчэ на стадыі праекту пагаджаліся ня ўсе гісторыкі і геральдысты. Яны крытыкавалі як асобныя часткі герба Магілёўшчыны, так і ўвогуле саму ідэю пераапрацоўкі старога сымбалю. Некаторыя геральдысты прапаноўвалі альбо пакінуць старажытны герб безь зьмяненьняў, альбо стварыць прынцыпова новы. Гаворыць супрацоўнік абласной управы культуры Аляксандар Ліпскі:

(Ліпскі: ) “Нанова адзіны герб ствараўся толькі ў Асіповічах. Там з улікам асаблівасьцяў гістарычнага разьвіцьця быў прапанаваны варыянт з паравозам у цэнтры герба. Астатнія ў асноўным былі гістарычныя”.

Новы герб спрабавалі стварыць і для Магілёва. Такая была ініцыятыва вэртыкалі, і, паводле яе, быў распрацаваны новы варыянт герба з выявай льва. Гаворыць гісторык і дэпутат гарадзкога савету Аляксандар Агееў:

(Агееў: ) “Безумоўна, што тут гісторыкі выступілі адзіным фронтам супраць гэтага, журналісты падтрымалі, грамадзкасьць. У нас ёсьць гістарычная традыцыя і ёсьць выдатны герб”.

Спадар Агееў гаворыць пра вядомы герб Магілёва 1661 году: у блакітным полі тры срэбраныя вежы, у адчыненых варотах рыцар і ны шыльдзе над варотамі — узброены коньнік, Пагоня.

(Агееў: ) “Зразумела, пэўныя сымбалі, наяўнасьць Пагоні пужалі мясцовыя ўлады. Я думаю, што гэта быў нібыта ўнутраны цэнзар: ня столькі рэальная неабходнасьць нешта мяняць, колькі “наверсе не зразумеюць”.

Тым ня менш у Менску, у геральдычным савеце старажытны герб Магілёва зацьвердзілі. Цяпер гэты сымбаль, як і гербы і сьцягі ўсіх адміністрацыйна-тэрыторыяльных адзінак Магілёўскай вобласьці, будуць выкарыстоўвацца на афіцыйных, урачыстых і сьвяточных мерапрыемствах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG