Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму з мапы Менску зьнікла вуліца Курапацкая?


Ганна Соусь, Менск Менгарвыканкам перайменаваў 30 вуліцаў, завулкаў і праездаў у Менску. У выніку вуліца Курапацкая, што знаходзіцца недалёка ад урочышча Курапаты ў былой вёсцы Цна, стала Вінаграднай. У Менгарвыканкаме гэта тлумачаць тым, што жыхары не захацелі жыць на вуліцы, назва якой нагадвае трагічныя падзеі ў беларускай гісторыі. Актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” маюць на гэты конт іншы пункт гледжаньня.

Сакратар камісіі Менгарвыканкаму ў справе перайменаваньня вуліц Марыя Станкевіч распавяла Радыё Свабода, чаму з мапы Менску зьнікла вуліца Курапацкая:

(Станкевіч: ) “Раней яна была Бэзавая, але паколькі ў Менску ўжо была такая вуліца, мы яе перайменавалі ў Курапацкую. Жыхары сабралі подпісы і заявілі, што ня хочуць жыць на такой вуліцы. Але калі мы надавалі гэтую назву, неяк не падумалі пра гэта. Жыхары вёскі Цна пішуць: “Мы разумеем неабходнасьць перайменаваньня… Безумоўна, памяць пра трагічныя падзеі, якія там адбыліся, павінна быць захаваная ў мэмарыяльным комплексе. Але ў наш час нікому і ў галаву не прыходзіла думка называць вуліцы імем гэтых трагічных мясьцінаў”.

Пасьля таго, як сёлета ў ліпені адбылося перайменаваньне вуліцы Бэзавай у вуліцу Курапацкую, актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з прапановай усталяваць на адным з дамоў на гэтай вуліцы шыльду, якая б тлумачыла, чым ёсьць для Беларусі ўрочышча Курапаты — месца, дзе ў сталінскі час карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Гаворыць актывістка грамадзкай ініцыятывы Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Аднак, наколькі я ведаю, тую вуліцу меліся назваць Курапацкай не з прычыны Курапатаў, як гістарычнай мясьціны, а з прычыны Курапатаў, як урочышча, у якім растуць вось гэтыя веснавыя кветачкі. На нас, дарэчы, гэтая камісія была страшэнна пакрыўджаная, бо мы надалі вуліцы іншую трактоўку ў іх разуменьні. Я мяркую, што заява жыхароў была пэўным чынам ініцыяваная. Там усе вуліцы носяць назвы расьлінаў. Бачыце, перайменавалі ў Вінаградную, значыцца, трымаюцца гэтага расьліннага прынцыпу. Для іх Курапаты была не гістарычная назва. І шыльды не павесілі, і вуліцу перайменавалі”.

Перайменаваньне 30 вуліцаў, завулкаў і праездаў адбылося ў сувязі з далучэньнем да тэрыторыі Менску шэрагу паселішчаў Менскага раёну, і адбывалася гэта ў тых выпадках, калі назвы вуліц у гэтых мясьцінах супадалі з назвамі менскіх вуліц. Напрыклад у той жа былой вёсцы Цна вуліца Вясковая стала Верасковай, вуліца Дубаўлянская — Сасновым Борам.
XS
SM
MD
LG