Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія вытворцы гарэлкі лічаць, што мясцовыя ўлады мусяць бараніць іх ад канкурэнтаў


Казімір Яноўскі, Гомель У апошнія тыдні Гомельскі лікёра-гарэлачны завод зьведваў вялікія цяжкасьці з продажам сваёй прадукцыі. Справа заўважна зрушылася перад Новым годам, калі завод стаў дадаткова прадаваць 15 тысяч дэкалітраў гарачых напояў – на чвэрць больш звычайнага.

Значнае падвышэньне продажу гомельскай гарэлкі неяк зьвязана з навагоднімі ды каляднымі сьвятамі. Традыцыя сустракаць сьвяты з гарачымі напоямі ўсё яшчэ застаецца. Аднак ня толькі гэтым тлумачыцца значны рост продажу гарэлкі. Гаворыць начальніца аддзелу збыту лікёра-гарэлачнага заводу Іна Палхоўская:

(Палхоўская: ) “Калі б рэалізацыя нашай прадукцыі была такая, як у сьнежні напярэдадні Новага году, калі менскі завод “Крышталь” прыпыніў завоз сваёй гарэлкі ў рэгіён, мы б выкараскаліся са сваіх эканамічных праблемаў, мы б гора ня ведалі”.

Паводле суразмоўцы, паколькі менскі гарэлачны завод “Крышталь” перад Новым годам зьменшыў завоз сваёй прадукцыі на многія тысячы літраў, то прыкладна на столькі ж падвысілася рэалізацыя ў рэгіёне гомельскай гарэлкі.

Чаму ж менскі завод зьменшыў прывоз сваёй прадукцыі ў Гомель? Гомельскія вытворцы сьцьвярджаюць, што напярэдадні калядных сьвятаў менскі завод засяродзіўся на забесьпячэньні гарэлкай сталіцы і Менскай вобласьці. Таму і меней стаў прывозіць ў Гомель сваіх напояў.

Гомельскія вытворцы наогул лічаць, што трэба мясцовым уладам забараніць менчукам ды ўсім іншым прывозіць сваю гарэлку ў рэгіён. Такія негалосныя забароны існуюць у іншых абласьцях.

(Палхоўская: ) “Гэта не галаслоўна. Вусная забарона існуе ўсюды”.

Гандлёвыя прадпрыемствы з Магілёўскай, Менскай ды іншых абласьцей наадрэз адмаўляюцца браць гомельскую гарэлку на рэалізацыю ў сваіх крамах. Бяруць толькі дзеля асартымэнту лікёры, кактэйлі, пуншы, бальзамы, але не гарэлку – абараняюць мясцовых вытворцаў.

У Гомельскім жа рэгіёне – у прыватнасьці, у Жлобіне – улады не зважаюць, што таварыства “Садружнасьць” проста-такі завальвае гандаль прывазной гарэлкаю з Гарадзеншчыны. У выніку, гомельская гарэлачная прамысловасьць пачувае сябе ня лепшым чынам, хаця ў рэгіёне меней піць не сталі.

Я апытваў гамельчукоў, чаму, на іхнюю думку, людзі спажываюць алькаголь? І чуў такія адказы:

(Жанчына:) “А для бадзёрасьці. Бедна жывуць, дык нап’юцца, паваляцца – і нічога ім ня трэба”.

(Мужчына:) “П’юць гарэлку, бо гультайнічаюць, ня хочуць працаваць. Той, хто хоча працаваць, гарэлку яму няма калі піць, бо трэба карміць сям’ю”.

(Жанчына:) “Я лічу, што калі дзяржава дасьць заробак добры, забясьпечыць працай і жытлом, людзі перастануць піць. Гэта ад безвыходнасьці п’юць людзі”.

Так лічаць тыя, хто назірае, як гарэлачныя звычкі ўсё глыбей пускаюць свае карэньне ў грамадзтве. Вытворцы ж, у сваю чаргу, зацікаўлены, каб даць грамадзтву як мага болей гэтай гарэлкі. Прычым без усялякіх канкурэнтаў.
XS
SM
MD
LG