Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Віцебскі кур’ер” апытаў чытачоў, якую падзею мінулага году яны хацелі б выкрасьліць са свайго жыцьця


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Незалежныя рэгіянальныя выданьні Беларусі працягваюць друкаваць матэрыялы, прысьвечаныя тэматыцы навагодніх і калядных сьвятаў. Гэтак, газэта “Віцебскі кур’ер” зьвярнулася да сваіх чытачоў з пытаньнем: якую падзею мінулага году яны хацелі б выкрасьліць са свайго жыцьця? Найчасьцей людзі паведамлялі пра малапрыемныя здарэньні свайго асабістага жыцьця. Але таксама часта казалі, што хацелі бы ня бачыць росту коштаў на тавары й паслугі, хацелі бы адмяніць мінулагоднія выбары й рэфэрэндум. Вось цытата з аднаго такога адказу: “У першую чаргу я б выкрасьліў так званы ўсенародны рэфэрэндум. Я б ня толькі не хацеў яго, але лічу, што гэта насьмешка над Канстытуцыяй, беларускім народам. Яшчэ вельмі хацелася б, каб у гэтым годзе мы не паміналі Быкава, а каб ён жыў.”

У артыкуле “Калі дзеці баяцца Дзеда Мароза”, цікавыя й сьмешныя жыцьцёвыя гісторыі распавядаюць людзі, спрактыкаваныя ў ролях Сьнягуркі й Дзеда Мароза. Адна зь іх – Надзея Лысенка – да прыкладу, узгадала выпадкі, калі ўгледзеўшы барадатага Дзеда Мароза малыя залазілі пад стол альбо пад ложак і адтуль дэклямавалі вершы й адгадвалі загадкі. Некаторыя – наадварот, дамаўляліся сьпярша атрымаць падарунак, а затым хуценька зьбягалі. Некаторыя ж малыя самі намагаліся падараваць незвычайным гасьцям свой прэзэнт. Адна дзяўчынка нават прынесла Дзеду марозу пакунак з гарэлкай ды каньяком.

“Брестская газета” паведамляе пра падзею, якая ў горадзе яшчэ толькі чакаецца. Гаворка вядзецца пра Міжнародны фэстываль клясычнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”. Сьвята музыкі адбудзецца ў Берасьці сямнаццаты раз, але сёлета ўпершыню тут выступяць сьпевакі й музыкі з Малдовы, Італіі, Кітаю. Паводле “Брестской газеты”, для горада гэта вялікая мастацкае сьвята, якое карыстаецца ў аматараў музыкі вялікай папулярнасьцю.

Краязнаўчая газэта “Гоман Барысаўшчыны” распавядае гісторыю мясцовай вёскі Запашавічы. Паселішча вядомае з 1518 году як уладаньне князёў Вялікага княства Літоўскага. Тут яшчэ нават застаюцца ацалелымі некаторыя пабудовы маёнтку й парэшткі парку. Цікавымі ёсьць таксама некаторыя лічбы ў разьвіцьці месца: у 1800 годзе тут было 42 двары й 271 жыхар, у 1917 годзе 113 двароў і 765 жыхароў. Зараз колькасьць сядзібаў павялічылася ячшэ ўдвая, а колькасьць насельнікаў зьменшылася на сотню чалавек.

“Гоман Барысаўшчыны” таксама знаёміць сваіх чытачоў з сэрыяй матэрыялаў пра беларускія месцы ў Вільні. Паводле аўтараў, іх яшчэ застаецца вельмі шмат, але памяць пра беларушчыну там хутка сьціраецца ў зьвязку зь вялікімі пераменамі й перабудовамі ў Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG