Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 студзеня 1952 году нарадзіўся Юры Захаранка


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 4 студзеня

4 студзеня 1643 году нарадзіўся Ісак Ньютан – заснавальнік сучаснай фізыкі. Усё сваё жыцьцё Ньютан пражыў у роднай Ангельшчыне, і легендарны яблык, які ўпаў яму на галаву зь яблыні і паспрыяў геніяльнаму адкрыцьцю, таксама быў ангельскі. Ньютан сфармуляваў асноўныя законы мэханікі, адкрыў закон гравітацыі, растлумачыў, як рухаюцца плянэты, ад чаго адбываюцца прылівы ды шмат чаго іншага. За навуковыя дасягненьні ён атрымаў тытул лорда і мусіў ажно 26 гадоў хадзіць на паседжаньні палаты лордаў ангельскага парлямэнту. Кажуць, за ўвесь гэты час Ньютан толькі аднойчы папрасіў слова, чым моцна зьдзівіў усіх прысутных. “Мілорды”, урачыста зьвярнуўся ён да высокага сходу, “калі вы ня супраць, я папрасіў бы зачыніць вакно“. Болей ніякіх прамоваў лорд Ньютан не казаў.

4 студзеня ў розныя гады нарадзіліся італьянскі кампазытар Джавані Батыста Пэргалезі, старэйшы зь нямецкіх казачнікаў братоў Грым – Якаб, францускі вынаходнік шрыфта для сьляпых Луі Брайль.

4 студзеня 1952 году нарадзіўся Юры Захаранка, генэрал, былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін са зьніклых бязь вестак апазыцыйных беларускіх палітыкаў.

4 студзеня 1960 году гіне ў аўтамабільнай катастрофе францускі пісьменьнік Альбэр Камю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1957 году. У літаратуразнаўчых артыкулах гэты выпадак апісваюць звычайна наступным чынам: “Легкавая машына спартыўнага тыпу неслася па шашы. Парыж быў ужо блiзка. За рулём сядзеў Мiшэль Галiмар, вядомы парыскi выдавец. Калядныя вакацыi закончылiся. У той дзень – 4 студзеня 1960 г. – дарога была пустая, iшоў дождж. Раптам аўтамабiль вылецеў на ўзбочыну i з грукатам урэзаўся ў платан. Кiроўца быў цяжка паранены. Пасажыр, якi сядзеў побач зь iм, – забiты. Калi на месца катастрофы прыбылi жандары, дык каля разьбiтай машыны знайшлi запырсканы гразёю партфэль. У iм быў пашпарт памерлага: Альбэр Камю, пiсьменьнiк... i рукапiс незавершанага раману “Першы чалавек”.

4 студзеня 1970 году “Бітлз“ апошні раз разам працуюць у студыі гуказапісу. І сярод іх няма ўжо Джона Ленана і Рынга Стара. Макартні і Гарысан запісваюць песьню Let It Be для аднайменнага альбому. Усю астатнюю працу па зьвядзеньні гэтага альбому далей будуць выконваць ужо толькі гукарэжысэры. Славуты на ўвесь сьвет музычны калектыў – “Бітлз” – спыніў сваё існаваньне.
XS
SM
MD
LG