Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці адбываецца абяцанае скарачэньне беларускага войска?


Алесь Дашчынскі, Менск Пачалася адпраўка ў войска грамадзян, якія прызваныя на тэрміновую вайсковую службу. Сёлета на ўкамплектаваньне ўзброеных сілаў й іншых вайсковых фармаваньняў (часткі КГБ, памежныя, унутраныя войскі міністэрства ўнутраных справаў) будзе накіравана каля 12 тысяч чалавек. Усяго каля 9 тысяч навабранцаў папоўняць беларускае войска.

Штогод вайсковыя чыноўнікі цьвердзяць пра скарачэньне беларускага войска, якое павінна завяршыцца да 1 студзеня 2006. Аднак, калі параўнаць цяперашнюю колькасьць навабранцаў з тымі, якія былі ў часе летняй прызыўной кампаніі 2002 года, то мы маем прыкладна тыя ж самыя лічбы. Прычым параўнальна з тым пэрыядам колькасьць маладых людзей, якія цяпер патрапяць на службу ў войска, павялічыцца. Нагадаю, што заплянавана набраць каля 9 тысяч чалавек.

За камэнтаром мы зьвярнуліся да супрацоўніцы прэсавай службы міністэрства абароны Вольгі Жылінскай.

(Жылінская: ) “Вы можаце параўнаць лічбы, якія мы даём двойчы ў год, у часе прызыўных кампаній. Увогуле, яны практычна не мяняюцца, гэта значыць, агульная колькасьць дзесьці каля 12-13 тысяч, і плюс у нас адзін раз у год прызыў на службу ў рэзэрве. То бок, няма такога рэзкага скарачэньня”.

Як бачым, абяцаньне прэзыдэнта Лукашэнкі скараціць колькасьць салдат тэрміновай службы пакуль застаецца толькі абяцаньнем. Паводле спэцыялістаў міністэрства абароны да гэтага года не было праблем з камплектаваньнем войска, але ў бліжэйшай пэрспэктыве яны зьявяцца. Вайсковых чыноўнікаў турбуе так званая “дэмаграфічная яма”.

Як пачалася цяперашняя прызыўная кампанія? Учора, ў першы дзень, было адпраўлена ў войска каля адной тысячы чалавек. Паводле прэсавай службы міністэрства абароны, кампанія ідзе раўнамерна па ўсіх абласьцях і працягнецца да 14 студзеня. На 30 студзеня прызначана прысяга.

Навабранцаў зь Менску і Менскай вобласьці адпраўляюць ад Заводзкага райваенкамата. Тут, як заўсёды, шмат бацькоў і сяброў, якія праводзяць навабранцаў. Я прапаную інтэрвію з бацькамі, якія прыйшлі да ваенкамату а 8 гадзіне і прастаялі там ля брамы амаль цягам дня.

(Спадарыня: ) “Трэба неяк арганізаваць усё гэта мерапрыемства, таму што людзі стаяць на холадзе. Мы, як мамы, канешне, мы хвалюемся. Вельмі крыўдна, канешне, за нашых дзяцей, што мы адпраўляем і ня ведаем, куды мы адпраўляем, як мы адпраўляем. Калі нашы хлопцы, кампанія наша падняла пытаньне – выклікалі нарад міліцыянтаў. Шэсьць міліцыянтаў выйшла і сказалі: маўчыце, усё. Усім завязалі ірты, але ж гэта не парадак. Мы ж дзяцей сваіх адпраўляем. Кожная маці зразумее гэта ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Вы хвалюецеся за свайго сына?”

(Спадарыня: ) “Хвалююся, здароўе няважнае ў сына, але ідзе служыць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж чаму, была ж мэдычная камісія?”

(Спадарыня: ) “Дык вось нашая мэдкамісія такая, сказалі, што прыдатны. Не важна, што гастрыт страўніка”.

(Спадарыня: ) “А калі падняць – там цэлы букет хвароб. Ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі, і таму маці сёньня хвалююцца. Вось гляньце на гэту маці, яна сьлёзы лье, таму што гэта ўсё бяз толку, камісію ўсю трэба перакрэсьліць”.

У Беларускай грамадзкай арганізацыі салдацкіх мацярок паведамілі, што значная колькасьць скаргаў была зьвязана з прызывам, калі ў войска забіралі студэнтаў альбо хворых.

Дарэчы, прэзыдэнт Лукашэнка загадаў органам унутраных справаў ажыцьцяўляць пошук і прывод ў вайсковыя камісарыяты грамадзянаў, якія ўхіліліся ад службы. Вайсковыя камісары павінны накіроўваць у органы пракуратуры матэрыялы па прыцягненьні гэтых маладых людзей да адказнасьці. Да 20 сакавіка ўрад павінен прадставіць прэзыдэнту інфармацыю пра вынікі прызыву.
XS
SM
MD
LG