Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзены невядомы дагэтуль ліст Васіля Быкава


Уладзімер Глод, Менск Знойдзены яшчэ адзін невядомы раней ліст Васіля Быкава. Ён адрасаваны сябру Васіля Ўладзіміравіча – вядомаму публіцысту, а за часоў перабудовы галоўнаму рэдактару часопіса “Огонёк” Віталю Кароцічу. Ліст датаваны 31-м траўня 1994 года. У гэты час спадар Кароціч ужо выкладаў расейскую літаратуру ва ўнівэрсытэце амэрыканскага гораду Бостан. Васіль Быкаў просіць Віталя Кароціча дапамагчы свайму земляку, гарадзенскаму прафэсару Барысу Клейну, зь якім, як ён піша, “мы калісьці ў Горадні дысыдэнцтвавалі”. Якім чынам удалося знайсьці гэты ліст і дзе знаходзіцца цяпер ягоны арыгінал?

Зараз перада мною ляжаць ксэракопіі двух дакумэнтаў – ліста Васіля Быкава і камэнтара да яго Віталя Кароціча. У сваім лісьце Васіль Быкаў характарызуе спадара Клейна як “чалавека надзвычай прыстойнага”, піша, што той эміграваў у Злучаныя Штаты Амэрыкі й патрапіў у Бостан, дзе нікога ня ведае. Віталь Кароціч піша, што падчас ягонага знаходжаньня ў Амэрыцы да яго зьвярталася шмат людзей, якія прывозілі лісты-рэкамэндацыі ад ягоных старых сяброў: “Аднойчы да мяне прыйшоў чалавек зь лістом ад Васіля Быкава...”

І яшчэ мне падаецца вельмі важным адзін фрагмэнт зь ліста Васіля Быкава, у якім даецца наступная характарыстыка тагачасных падзеяў у Беларусі: “У нас тут ідзе масавае дэзэртырства зь лягеру дэмакратычнага ў камуністычную зону. Бяз зоны мы ня можам...”

Арыгіналы ўзгаданых дакумэнтаў знаходзяцца ў былога міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі. Менавіта ён прывёз іх з Масквы напрыканцы 2004 году. Як яны патрапілі да экс-міністра?

(Краўчанка: ) “Так здарылася, што мяне запрасілі на 70-годзьдзе майго даўняга сябра, былога першага намесьніка міністра замежных справаў Расеі Адамішына. Сярод гасьцей я сустрэў чалавека, якога добра ведаю ўжо амаль 15 гадоў і паважаю. Гэта – Віталь Кароціч. Пазнаёміліся мы зь ім у Нью-Ёрку, потым нашы шляхі разышліся. І вось нечаканая сустрэча. І, канешне, адразу і ў мяне, і ў яго ўзьнікла многа пытаньняў.

Я вельмі цікавіўся падзеямі ва Ўкраіне, ён распытваў пра Беларусь, і, зразумела, пра Васіля Быкава. І нечакана для мяне Віталь сказаў: “Мне здаецца, у маім асабістым архіве захаваўся ліст Васіля Быкава, здаецца, ён пісаў яго гадоў 8-10 таму назад”. Я ад нечаканасьці проста аслупянеў, а потым так эмацыйна кажу: “Ня можа быць! Вы добра разумееце, што такое сёньня для нас Васіль Быкаў, тым больш, ліст невядомы для нас. Можа, гэта, няхай невялічкае, але адкрыцьцё?!” Кароціч сказаў: “Не, гэта прыватны ліст, вельмі такі сьціплы па памерах. Ён прысьвечаны аднаму чалавеку. Але ў гэтым лісьце ўвесь Быкаў – зь яго павагай да тых людзей, каго ён называў аднадумцамі, са спробай дапамагчы ім у цяжкай сытуацыі...”

Барыс Клейн – вядомы беларускі гісторык. У сфэры ягоных навуковых інтарэсаў, перадусім, быў лёс паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, гісторыя Заходняй Беларусі. Ён надрукаваў некалькі навуковых кніжак. Спадар Клейн сябраваў з гарадзенскімі пісьменьнікамі Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком.

У лісьце да Кароціча Быкаў, дарэчы, піша пра Клейна: “па вядомай гарадзенскай справе мы праходзілі з Барысам разам, тады ён істотна пацярпеў”.

Прапаную паслухаць цяпер Аляксандра Фядуту, які ў той час жыў у Горадні й сябраваў з малодшым сынам прафэсара Яўгенам – цяпер вядомым адвакатам. Вось што Фядута гаворыць пра прафэсара Клейна:

(Фядута: ) “Яго жыцьцё ў Гародні было вельмі цяжкім, таму што час яго выкладаньня супаў з ганеньнямі на нон-канфармісцкую частку беларускай інтэлігенцыі. Была заведзеная справа на так званую “гарадзенскую групу”, у якую ўваходзілі пісьменьнікі Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў, гісторык Барыс Клейн і студэнт Алег Малашанка, на якога яны нібыта дрэнна ўплывалі. Справа была настолькі сур’ёзнай, што ёю займаўся асабіста тагачасны старшыня КГБ СССР Юры Андропаў. У 1991 годзе ў “Комсомольской правде” журналіст Бабіч надрукаваў запіску з подпісам Андропава, якая прысьвячалася гэтай справе”.

А дзе цяпер Барыс Клейн і чым ён займаецца? Улетку я запісваў яго для нашага радыё – адмыслова для алімпійскай праграмы. Прафэсар распавядаў тады пра лёс Зыгмунда Мінэйкі, барацьбіта за незалежнасьць ад царскай Расеі, які эміграваў у Грэцыю й будаваў афінскія стадыёны для першых алімпійскіх гульняў сучаснасьці. Прафэсар жыве й працуе ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Дарэчы, Аляксандар Фядута падтрымлівае зь ім сталую сувязь.

(Фядута: ) “Барыс Клейн, наколькі я ведаю, працягвае думаць пра Беларусь. Па маёй просьбе ён пачаў пісаць успаміны пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Але заўжды, калі чалавек пачынае пісаць успаміны, гэта атрымліваецца шырэй, чым тое, што плянавалася. Вельмі цікавыя мэмуары Клейна, дзе сярод дзеючых асобаў і Карпюк, і Быкаў, і разам зь імі – і Машэраў, і Кузьмін, і Кляцкоў, і шмат хто яшчэ з вядомых у Беларусі людзей. Цяпер яны рыхтуюцца да друку ў Беларускім біяграфічным альманаху, адным са складальнікаў якога я зьяўляюся”.
XS
SM
MD
LG