Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці паспрыяе моладзь стварэньню адзінага й моцнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі?


Валер Каліноўскі, Менск Дзьве беларускія моладзевыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі вырашылі аб’яднацца: арганізацыі “Маладая грамада” й “Маладыя сацыял-дэмакраты” ўжо ўхвалілі супольную дэклярацыю на гэты конт і пачалі падрыхтоўку аб’яднаўчага зьезду летам ці восеньню гэтага году. Ці стане гэты працэс штуршком для аб’яднаньня і двух існуючых у Беларусі сацыял-дэмакратычных партыяў?

Паводле лідэра “Маладой грамады” Валянціна Аскіркі, “Маладая грамада” і “Маладыя сацыял-дэмакраты” да аб’яднаўчага зьезда будуць праводзіць сумесную працу і паседжаньні на мясцовым і цэнтральным узроўнях. Моладзь распачынае аб’яднаўчы працэс, каб зрабіць падказку сваім старэйшым таварышам, якія часам ня могуць знайсьці згоду як паміж двума існуючымі сацыял-дэмакратычнымі партыямі (БСДГ і БСДП “Народная грамада”), гэтак і ўнутры гэтых партыяў дазваляюць сабе расколы. Гаворыць Валянцін Аскірка:

(Аскірка: ) “Асноўны лейтматыў – што мы хочам мець у Беларусі і хочам быць рухавікамі адзінага моцнага сацыял-дэмакратычнага руху. Вось, ні многа ні мала – такія амбітныя мэты”.

Сацыял-дэмакратычная моладзь будуе сваю аб’яднаўчую палітыку на жорсткай крытыцы старэйшых таварышаў. Найбольш ад іх дасталася партыйным лідэрам БСДГ і Народнай грамады Станіславу Шушкевічу ды Міколу Статкевічу, якія, маўляў, абстрагаваліся ад партыйных справаў і ня хочуць весьці мову пра аб’яднаньне. Мікола Статкевіч ўспрымае і гэтую крытыку, і імкненьне маладых сацыял-дэмакратаў дэманстратыўна аб’яднацца досыць спакойна:

(Статкевіч: ) “Я заўсёды да працэсу аб’яднаньня адношуся вельмі станоўча… Я ведаю, што сытуацыя ў моладзевым сацыял-дэмакратычным руху зараз вельмі няпростая. Я не хацеў бы ўвогуле тут нешта камэнтаваць, улазіць у гэтыя справы”.

Адзін з кіраўнікоў БСДГ Аляксей Кароль выступае за аб’яднаньне і моладзевых арганізацыяў, і партыяў сацыял-дэмакратычнага кірунку ў адну моцную структуру: ён кажа, што ўжо чатыры гады працуе ў гэтым накірунку.

(Кароль: ) “І гэтае аб’яднаньне “Маладой грамады” з “Маладымі сацыял-дэмакратамі” таксама скіраванае ў гэтым агульным рэчышчы. Але ў іх гэта пайшло хутчэй і раней. Так што гэта вельмі важна для нас як прыклад, сапраўды”.

Гісторыя беларускай сацыял-дэмакратыі такая, што калі пачынаецца аб’яднаньне двух роднасных арганізацыяў ці партыяў – узьнікае трэцяя. Што да цяперашняга выпадку з моладзевымі арганізацыямі, то трэцяя ўжо ўзьнікла, яна называецца “Сацыял-дэмакратычная пэрспэктыва”. Гэтая арганізацыя нядаўна прызнаная “Народнай грамадой” братэрскай.

Старшынём каардынацыйнага сходу гэтай структуры зьяўляецца Іван Салановіч. Іван Салановіч калісьці быў сябрам і “Маладой грамады”, і “Маладых сацыял-дэмакратаў”; да ідэі іх аб’яднаньня ён ставіцца скептычна і кажа, што робіцца гэта ад безвыходнасьці, што замест аб’яднаўчых працэсаў патрэбная рэальная дзейнасьць, у тым ліку ўдзел у выбарах і вулічных акцыях.
XS
SM
MD
LG