Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дакумэнтальны фільм пазнаёміў польскіх тэлегледачоў з сытуацыяй у Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Учора ўвечары ў Польшчы па дзяржаўным тэлебачаньні быў паказаны дакумэнтальны фільм “Жыцьцё – цудоўнае!”, у якім распавядаецца пра цяперашнюю грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі. Гадзінная стужка рэжысэра Марка Чункевіча выклікала сярод палякаў значны рэзананс.

Адметных рысаў я б назваў некалькі. Па-першае, фільм абсалютна новы і даволі даўгі – цяжка ўзгадаць, калі нешта такое ды ў такім аб’ёме паказвалася па польскім тэлебачаньні. Па другое, уражвае тое, што цягам гадзіны рэжысэр не падае амаль ніякіх камэнтароў да таго, што адбываецца на экране – а гэта падзеі апошняга году ў Беларусі – акрамя хіба што некалькіх караценькіх уставак інфармацыйнага кшталту, як напрыклад вось гэта:

(Устаўка: ) “Усе радыё і тэлевізійныя станцыі кантралююцца ўладай. Нешматлікія незалежныя газэты могуць быць закрытыя ў кожную хвіліну. Журналістаў караюць штрафамі і турмой”.

Рэжысэр Марэк Чункевіч меў магчымасьць зрабіць інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, у часе якога цяперашні беларускі кіраўнік усяляк ганіў апазыцыю ды пераконваў польскіх дакумэнталістаў, што ў Беларусі няма дыктатуры, бо, маўляў, сярод дэмакратычных краінаў у цэнтры Эўропы гэта немагчыма.

Паміж выказваньнямі Лукашэнкі глядач меў магчымасьць пазнаёміцца зь незалежнымі журналістамі, якія пацярпелі ад перасьледу ўладаў, ды пабачыць, наколькі дасканала менская міліцыя авалодала навукай затрымліваць ды зьбіваць дэманстрантаў – ад юнакоў ды маладых дзяўчынаў да пэнсіянэраў сталага ўзросту.

Як адрэагавалі палякі на фільм? Учора ўвечары я атрымаў некалькі паведамленьняў ды тэлефонных званкоў ад сваіх польскіх знаёмых, якія былі вельмі ўзрушаныя. Вось што сказала адна зь іх – Дамініка Ягелла:

(Ягелла: ) “Я вельмі цешуся, што ў польскім тэлебачаньні такі фільм паказалі. Спадзяюся, што тыя, хто бачыў стужку, расплюшчаць вочы, каб пабачыць, што робіцца ў Беларусі, як гэта было нядаўна ў справе Ўкраіны. Трэба нешта з гэтым рабіць! Я была шакаваная некаторымі выказваньнямі дэмагога Лукашэнкі. Я цікаўлюся тым, што робіцца ў Беларусі, і цяпер я ўпэўненая, што не памылялася – у Беларусі сапраўды дыктатура”.

Напрыканцы патлумачу, чаму фільм мае назоў “Жыцьцё цудоўнае”. Справа ў тым, што шмат якія сцэны суправаджаюцца аднайменнай песьняй у выкананьні расейскай поп-зоркі Баскава, які паказаны на фэстывалі “Славянскі базар”. Там у часе гэтай песьні Баскаву са свайго месца актыўна падпяваў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG