Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая міністарка дэмакратыі: “У нас – швэдаў і беларусаў – супольная будучыня”


Аляксей Дзікавіцкі, Стакгольм У часе візыту ў Швэцыю нечаканасьцю для мяне было тое, што ў гэтай краіне існуе Міністэрства дэмакратыі. Поўны назоў – Міністэрства дэмакратыі, інтэграцыі і гендэрнай роўнасьці. Яшчэ большай нечаканасьцю было тое, што заснаванае гэтае міністэрства было зусім не на пачатку швэдзкага шляху да дэмакратыі, але ў 1996 годзе. Здавалася б, Швэцыя ў гэтым сэнсе – прыклад для дзясяткаў краінаў. Тут кожны грамадзянін мае права патрабаваць тлумачэньняў, чаму тое ці іншае міністэрства зрабіла так а не іначай, ва ўрадзе палова жанчынаў, а ў парлямэнце каля ўваходу ляжаць брашуры дзе паведамляецца, колькі зарабляе дэпутат, як яго можна кантраляваць і гэтак далей. Навошта ў гэтай краіне 8 гадоў таму было створанае міністэрства дэмакратыі? Чым яно займаецца?

Пра гэта, а таксама пра сёньняшнюю Швэцыю, ў будынку швэдзкага парлямэнту – Рыкстагу, што месьціцца на асобнай маляўнічай высьпе ў цэнтры Стакгольму, я размаўляю з былой міністаркай дэмакратыі, а цяпер дэпутаткай парлямэнту ад сацыял-дэмакратычнай партыі спадарыняй Брытай Лэён.

(Лэён: ) У Швэцыі адмысловае міністэрства ў справах дэмакратыі было створанае ў 1996 годзе. Навошта гэта было зроблена? Нягледзячы на тое, што Швэцыя належыць да гэтак званых “старых дэмакратыяў”, мы лічым, што нашая краіна стала дэмакратычнай пасьля 1921 году, калі жанчыны атрымалі роўныя з мужчынамі выбарчыя правы. Швэдам трэба нагадваць, што стан нашае дэмакратыі залежыць ад нас саміх, ад таго, як мы пра яе дбаем. Сёньня мы бачым, што шмат швэдаў – каля 20% – не галасуюць, нягледзячы на тое, што маюць на гэта права. Я бачу на вашым твары зьдзіўленьне, але 20% для нас гэта зашмат, хаця, канечне, я ведаю, што ў параўнаньні з іншымі краінамі 80% галасуючых гэта добры паказчык. Але раней у нас нармальная выбарчая актыўнасьць складала 90% і гэта значыць, што ўладам ёсьць над чым працаваць. Чаму людзі думаюць, што іхны голас ня мае значэньня? Вось навошта было заснаванае міністэрства – мы можам палепшыць сытуацыю ў гэтай справе, зрабіць лепшымі саміх сябе”.

(Карэспандэнт: ) “Дык значыць вы пераконваеце людзей, што варта браць удзел ў выбарах, карыстацца з правоў якія дае дэмакратыя?”

(Лэён: ) “Так, пераконваем, але таксама, і можа гэта нават больш важна, спрабуем абмеркаваць і зразумець, што азначае факт, што гэтыя людзі ня хочуць галасаваць. Мы бачым, што асабліва тыя швэды, што мала зарабляюць і ня маюць добрай адукацыі, беспрацоўныя – яны, перадусім, часта не карыстаюцца правам голасу. Гэта знак, што адлегласьць паміж тымі, хто добра зарабляе і лічыцца ў грамадзтве і такімі людзьмі, павялічваецца. Гэта дрэнна для дэмакратыі.

(Карэспандэнт: ) “Грамадзяне Швэцыі маюць права доступу да практычна любых дакумэнтаў кожнага міністэрства, ці парлямэнту, за выключэньнем, натуральна, некаторай колькасьці інфармацыі якая належыць да дзяржаўнай таямніцы. Гэта падаецца неверагодным ня толькі нам беларусам, але й грамадзянам іншых эўрапейскіх дэмакратычных краінаў. Я запытаўся ў спадарыні Лэён, як рэалізацыя гэтага права выглядае на практыцы”.

(Лэён: ) “Гэта надзвычай жыцьцёва важная частка швэдзкай дэмакратыі. Такое права ў сваіх заканадаўствах маем толькі мы і фіны. Дарэчы, каб карыстацца з гэтага права, не абавязкова быць грамадзянінам Швэцыі – дастаткова тут жыць. Тады можна пайсьці ў дзяржаўныя ўстановы – урад, парлямэнт, ці органы мясцовага самакіраваньня, ці патэлефанаваць туды, ці паслаць запыт праз інтэрнэт і даведацца, што яны робяць, чаму яны вырашылі зрабіць менавіта так? Зь якімі экспэртамі кансультаваліся перад гэтым, якія дадзеныя выкарыстоўваліся, як праходзіла дыскусія перад тым як ухваліць рашэньне і гэтак далей. Такім чынам вы маеце права ведаць, як прымаюцца рашэньні і хто іх прымае. Кожны мае права на інфармацыю. Надзвычай важна, што кожны можа даведацца, што тыя, хто ва ўладзе, робяць з гэтай уладай!”

(Карэспандэнт: ) “Ці карыстаюцца швэды гэтым правам?”

(Лэён: ) “Гэтае права выкарыстоўваюць, перадусім, журналісты. Але таксама і школы, як частку адукацыі ў справах дэмакратыі. Гэта, так бы мовіць, “жывое” права, але выкарыстоўваюць яго ў асноўным журналісты”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі нярэдка гавораць, што Швэцыя, гэта адзіная краіна ў сьвеце, дзе атрымалася пабудаваць сапраўдны сацыялізм”.

(Лэён: ) “А мы кажам, што Нарвэгія, гэта адзіная краіна, у якой гэта атрымалася!” Але калі сур’ёзна паспрабаваць адказаць на пытаньне, ці мы пабудавалі сацыялістычную дзяржаву... Раней мы казалі, што намагаемся знайсьці шлях паміж абсалютна вольнай гаспадаркай і сацыяльнай дзяржавай. Мы разумеем, што прыватны бізнэс неабходны для таго, каб стварыць заможную дзяржаву. Але мы таксама павінны мець правілы – што кампаніі могуць рабіць, гэта не абсалютна свабодны рынак, як некаторыя думаюць. Гэта добра – мець зьмяшаную сыстэму”.

(Карэспандэнт: ) “У Швэцыі адны з саміх высокіх у сьвеце падаткаў. Як да гэтага ставяцца бізнэсоўцы ды й простыя падаткаплацельшчыкі – пагаджаюцца, ці дамагаюцца зьніжэньня падаткаў?

(Лэён: ) “Дыскусія аб тым, ці сыстэма падаткаў, якую мы маем, аптымальная, не спыняецца ніколі! Вось прыкладам нядаўна некаторыя падаткі былі зьмененыя, каб зрабіць палёгку для бізнэсоўцаў. І такія зьмены нярэдкія. Справа ў тым, што швэды разумеюць, што аддаючы свае грошы ў якасьці падаткаў яны атрымліваюць шмат чаго ўзамен – бясплатную адукацыю, мэдычнае абслугоўваньне, спраўную судовую сыстэму і гэтак далей. Людзі разумеюць, што гэта добра працуе. Мы маем лібэральныя партыі, якія дамагаюцца ў парлямэнце зьмяншэньня. Калі людзі пераканаюцца, што яны маюць рацыю, што іхныя прапановы карысныя для краіны, швэды папросту прагаласуюць за іх на парлямэнцкіх выбарах.

(Карэспандэнт: ) “Але, як падаецца, швэдам падабаецца сацыяльная накіраванасьць сваёй дзяржавы, бо вы – сацыял-дэмакраты, пры ўладзе ўвесь час!”

(Лэён: ) “Амаль увесь час. Але варта адзначыць, што нават правыя партыі ў Швэцыі пагаджаюцца з тым, што мы павінны мець даволі высокія падаткі”.

(Карэспандэнт: ) “У Швэцыі мяне ўразіла тое, што вось напрыклад я меў тут сустрэчы з кіраўнікамі дзесятка няўрадавых арганізацыяў і ўрадавых установаў, і ўсе яны – жанчыны! Кабінэт міністраў Швэцыі складаецца на палову з жанчынаў і на палову з мужчынаў. Для Беларусі гэта выглядае незвычайна. Як гэта ў вас атрымліваецца, ці ёсьць нейкі закон у гэтай справе?”

(Лэён: ) “Не, гэта не закон, але эфэкт дзесяцігодзьдзяў барацьбы швэдзкіх жанчынаў, палітычнай барацьбы за свае правы. Але ня ўсё дасканала. Так, шмат жанчынаў кіруюць рознымі арганізацыямі, уваходзяць у склад парлямэнту і ўраду, але калі казаць пра бізнэс – у кіраўніцтве вялікіх кампаніяў жанчынаў няшмат. Што да палітыкі, дык калі ўзяць дзяржаўныя пасты, якія датычаць грошай – там амаль заўсёды кіруюць мужчыны. Так што ёсьць яшчэ над чым працаваць у справе справядлівасьці і роўнасьці мужчынаў і жанчынаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў Эўрапейскім зьвязе, хіба ні ў воднай краіне жанчыны не дамагліся для сябе такога становішча?”

(Лэён: ) “Так, нас часта называюць найбольш раўнапраўным грамадзтвам у сьвеце. Можа гэта так і ёсьць, у нас добрая сытуацыя, але гэтага не дастаткова”.

(Карэспандэнт: ) “Швэцыя – гэта канстытуцыйная манархія з парлямэнцкай дэмакратыяй. Швэды ганарацца тым, што маюць каралеўскую сям’ю, актыўна цікавяцца жыцьцём яе чальцоў. Кароль, прыкладам, штогод афіцыйна адкрывае працу парлямэнту пасьля парлямэнцкіх вакацыяў. А як ставяцца да швэдзкай манархіі швэдзкія сацыял-дэмакраты? Ці лічаць яны, што гэта нармальна?”

(Лэён: ) “Не, я б хацела, каб у нас быў прэзыдэнт, чалавек, якога абіраюць. У нашай краіне дэмакратыя, а ў дэмакратыі статус найвышэйшай дзяржаўная асобы ня можа перадавацца ў спадчыну. Трэба, каб тое, хто будзе найвышэйшай асобай у дзяржаве, вырашалі выбарцы. Але з другога боку манархія, гэта частка нашай гісторыі, культурнай спадчыны. 70% швэдаў заяўляюць, што манархія ім падабаецца, і што яны любяць каралеўскую сям’ю.

Некаторыя спрабуюць выступаць супраць гэтага. Ёсьць рэспубліканскія арганізацыі, якія патрабуюць скасаваньня манархіі. Я думаю, што ўрэшце так і будзе, але напэўна не хутка. Але ведаеце, гэта хіба не самая надзённая праблема, якая патрабуе зьменаў у швэдзкім грамадзтве. Ёсьць рэчы больш істотныя. Але калісьці, я спадзяюся, гэта зьменіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Швэцыя – краіна імігрантаў. Людзей, так бы мовіць, нескандынаўскага выгляду ў Стакгольме можна пабачыць паўсюль. І гэта ня толькі турысты, але й кіроўцы таксовак, ўладальнікі крамаў, супрацоўнікі недзяржаўных арганізацыяў. У апошнія гады ў Швэцыю прыехалі і шмат маладых беларусаў. Інтэграцыя імігрантаў у швэдзкае грамадзтва, гэта таксама частка працы Міністэрства ў справах дэмакратыі і інтэграцыі. Як Швэцыя сабе радзіць з такой колькасьцю імігрантаў? Наколькі гэта вялікая праблема для краіны?”

(Лэён: ) “У некаторых месцах краіны, асабліва ў вялікіх гарадох – Стакгольме, Мальмэ ці Гётэборгу, шмат імігрантаў ня маюць працы і не гавораць па-швэдзку, шмат асобаў нярэдка жывуць у адной невялікай кватэры, і дзеці ня маюць магчымасьці рабіць школьныя хатнія заданьні – гэта вялікая праблема і мы павінны ў гэтай справе зрабіць яшчэ вельмі шмат, каб ім было лепей”.

(Карэспандэнт: ) “А калі запытаць, што на вашую думку ёсьць цяпер найвялікшай праблемай для Швэцыі, для швэдзкага грамадзтва?”

(Лэён: ) “Магчыма мы павінны больш працаваць над інтэграцыяй імігрантаў у наша грамадзтва. Мы ідзем у правільным кірунку – цяпер больш імігрантаў маюць працу, чым, напрыклад, 10 гадоў таму. Але гэта ўсё ж вялікая праблема і гэта таксама праблема дэмакратыі. Калі ты ня маеш працы, не адчуваеш сябе часткай гэтага грамадзтва, тады і не галасуеш, бо не адчуваеш сябе важнай часткай Швэцыі”.

(Карэспандэнт: ) “А ці швэды не баяцца імігрантаў. Бо некаторыя краіны, напрыклад Данія ці Галяндыя, адкрыта заяўляюць, што гэта для іх праблема і што час закрыць свае межы для імігрантаў”.

(Лэён: ) “Не. Я думаю, што мы адчуваем адказнасьць за ўсіх тых людзей, што перасьледуюцца ў розных краінах сьвету. Мы павінны абараніць тых, хто ня можа казаць ці думаць тое што хоча, у сваёй роднай краіне. І яны нашай абароны патрабуюць. Калі мы ня зможам даць ім гэтага, што тады азначае “быць чалавекам”? Мы павінны быць салідарнымі з іншымі. З другога боку, нельга не заўважаць, што ёсьць нэанацысты, таксама і ў Швэцыі, якія спрабуюць выкарыстаць той факт, што мы маем праблемы з імігрантамі. Яны вінавацяць імігрантаў шмат у якіх праблемах, якія насамрэч ня маюць зь імі нічога агульнага. Нэанацысты спрабуюць атрымаць месцы ў органах мясцовага самакіраваньня. Але мы – сябры дэмакратычных партыяў – тлумачым і ім і выбаршчыкам, што Эўропа ўжо пацярпела ад “лекаваньня” якое вы прапаноўваеце і мы ня хочам, каб гэта здарылася яшчэ раз”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі “беларускае пытаньне” на міжнародным роўні паўстала ў Стакгольме ў 1916 годзе, у часе міжнароднай сустрэчы сацыялістаў у Швэцыі. Тады два дэлегаты ад Беларусі прасілі падтрымаць намаганьні беларусаў стварыць сваю палітычную і культурную аўтаномію. У другой палове 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя пра Беларусь сталі даведвацца ўсё больш швэдаў. На швэдзкую мову перакладзеныя творы Сьвятланы Алексіевіч, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча. Плённа супрацоўнічаюць шэраг швэдзкіх і беларускіх недзяржаўных арганізацыяў. У Стакгольме ды іншых гарадох нярэдка ладзяцца акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. У адной з такіх акцыяў у 2001 годзе брала ўдзел і тагачасная міністарка ў справах дэмакратыі Брыта Лэён. На яе думку, што цяпер робіць ці павінен рабіць швэдзкі ўрад, парлямэнт у справе Беларусі?”

(Лэён: ) “На маю думку, Швэцыя і ўвесь Эўрапейскі зьвяз павінны працягваць пільна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Швэцыя і Эўразьвяз маюць абавязак падтрымліваць дэмакратычныя сілы ўнутры Беларусі. Гэта тычыцца жаночых арганізацыяў, арганізацыяў рабочых, свабодных мэдыяў, адукацыі. Трэба пашыраць кантакты, будаваць масты паміж швэдамі і беларусамі. Падтрымліваць беларусаў асабіста і эканамічна. Тое, што мы робім цяпер – і Швэцыя і Эўразьвяз – гэтага недастаткова”.

(Карэспандэнт: ) “Нярэдка можна пачуць ад адмыслоўцаў, што вядучыя эўрапейскія краіны – Нямеччына, Францыя – ня хочуць умешвацца ў беларускія справы каб не сварыцца з Расеяй, якая пастаўляе ім газ і нафту. Я запытаўся ў спадарыні Лэён ці, на яе думку, гэта насамрэч так?”

(Лэён: ) “Я думаю, гэта так і ёсьць. Я, канечне, не настолькі добра паінфармаваная, што немцы думаюць у гэтай справе, але можна зрабіць выснову, што вы маеце рацыю. Але варта памятаць, што ўсе дэмакратычныя зьмены павінны выходзіць ад самога беларускага народу. Мы гэтага ня зробім. Але калі мы бачым, што людзі ня могуць ствараць арганізацыі, ня могуць гаварыць, тое што хочуць і думаюць, і гэтак далей, дык мы як суседзі павінны разумець, што ў нас – швэдаў і беларусаў – супольная будучыня. Дык ці не павінны мы паспрабаваць зрабіць гэтую будучыню як мага лепшай. Можа калісьці нам спатрэбіцца дапамога і тады я буду шчасьлівая, калі атрымаць гэтую дапамогу і падтрымку ад беларусаў. Цяпер дапамогі іншых эўрапейцаў патрабуюць беларусы. Паўтару яшчэ раз – у нас агульная будучыня”.
XS
SM
MD
LG