Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Уладыслаў Завальнюк


Уладыслаў Завальнюк, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Сваімі каляднымі развагамі, навагоднімі думкамі ды пажаданьнямі са слухачамі Свабоды дзеліцца ксёндз-магістар Уладыслаў Завальнюк, пробашч касцёлу сьвятога Сымона і сьвятой Алены.

1.

У гэтым годзе ў нашай парафіі, касьцёле сьвятога Сымона і сьвятой Алены, адбыліся досыць цікавыя, неардынарныя падзеі. Прыгатаваньне да прыёму дзяцей і моладзі (42 асобы) з базавай школы вёскі Мілашова-Ідолта, Мёрскага раёну на сьвяты Божага Нараджэньня і Новага году. Моладзь і дзеці будуць адпачываць у Менску на працягу тыдня ў нашых сем’ях.

Ведаеце, гэты сьвяточны рух ускалыхнуў усю парафію. Людзі радуюцца, моляцца, прыносяць дзецям падарункі, запрашаюць да сябе на сьвяточны стол.

У мінулым годзе летам дзеці й моладзь зь Менску адпачывалі над возерам у Ідолце. Таму ўпершыню арганізаваны гэткі выпачынковы абмен дзяцей: вёска — гораду, горад — вёсцы. Лічу, што гэта стане добрай традыцыяй, прынамсі, для дзяцей зь Менску. А хто ведае, магчыма, гэта стане добрай традыцыяй і для ўсёй Беларусі.

Дзяцей часта прывозяць на экскурсію ў сталіцу, але яны маюць вельмі мала часу, толькі некалькі гадзін, і бачаць горад толькі праз вокны аўтобуса. У наступным годзе летам мы плянуем завесьці намнога больш дзяцей зь Менску на адпачынак над возерам, а зімою прыняць на сьвяты больш дзяцей у Менску ў сем’і. Прагнем паступова разгортваць гэтую акцыю — бацькі і дзеці абодвух бакоў вельмі задаволеныя.

Дзеці і моладзь сябруюць, разам ходзяць на набажэнствы, сьпяваюць, танчаць, арганізоўваюць вечарамі вогнішчы, гульні; і ўсё гэта без алькаголю, бяз брыдкіх словаў і дрэннага захаваньня. Такое захаваньне менскіх дзяцей і моладзі на адпачынку ў Мілашова зьдзівіла ўвесь раён.

2.

У гэтым годзе наша сьвятыня ўпрыгожаная ялінкамі, але сасновымі. Чаму? У мінулым годзе перад Галоўным Алтаром паставіў дзьве сасновыя ялінкі, і яны стаялі, прыгожыя, аж да заканчэньня сьвяточнага пэрыяду, а вось ялінкі абсыпаліся і прыйшлося вынесьці іх з храму намнога раней.

Калі ў сьвятыні цёпла, як і дома ў кватэры, ялінкі вельмі хутка абсыпаюцца, нават ужо на Новы год. Але “ялінка-сасна” будзе стаяць хоць да вясны і не абсыплецца.

3.

Перад Божым Нараджэньнем 18 сьнежня адбылася пілігрымка ў Санктуарый у Будславе. Наведалі разам з пасламі Англіі і Нямеччыны і іх семьямі Маці Божую Будслаўскую. Адбылася сустрэча з айцамі-манахамі Бэрнардынамі, якія цікава расказалі пра гісторыю цудадзейнага Абраза і саму Сьвятыню, пра яе дзеі і яе духоўную будучыню.

Вігілія Божага Нараджэння... 24 сьнежня... Гэты дзень таксама значны тым, што мы ўспамінаем дзень нараджэння славутага паэта Адама Міцкевіча. У гэтым годзе адзначылі 206-ю гадавіну з дня яго нараджэньня. На просьбу людзей ушанаваць памяць паэта ля цудоўна выкананага помніка атрымалі ў гарвыканкаме дазвол на правядзеньне сьвяточнага сходу. На што ўлады былі вельмі прыхільныя, за што ім шчыра дзякуем…

У сквэры А.Міцкевіча, што на Валадарцы, у 13 гадзін 24 сьнежня была праведзена ўрачыстая малітва памяці вялікага паэта-песьняра ў прысутнасьці пяці паслоў замежных краін і людзей, якія шануюць памяць А.Міцкевіча. Прысутныя сьпявалі калядкі на розных мовах сьвету, дзяліліся аплаткай, чыталі вершы А.Міцкевіча, паслы і прадстаўнікі пасольстваў усклалі кветкі, моладзьдзю зь Беняконь было прывезена сена з радзімы А.Міцкевіча, дзе ў дзяцінстве ён босымі нагамі бегаў па тых далінах і траве...

У гэтай акцыі памяці Адама Міцкевіча ўдзельнічалі толькі сьвятары парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены.

4.

У гэтым годзе ў касьцёле сьвятога Сымона і сьвятой Алены мы сьвяткавалі Вігілію Божага Нараджэньня з 19.00 да 1.00 ночы.

Былі адслужаны тры Сьвятыя Літургіі, а менавіта; а 19-й гадзіне — на беларускай мове, а 21-й гадзіне — на польскай мове, у 22.30 — ва ўсходнім абрадзе служылі нашыя браты Грэка-Каталікі.

Пасьля кожнага набажэнства сьвятары дзяліліся з прысутнымі вернікамі аплаткай. Жадалі ўзаемна спакою Божага і згоды ў кожную сям’ю і сэрца.

Вельмі непрыгожа і цяжка было на душы, што ў яме Незалежнасці рабочыя не маглі ўстрымацца ад працы ў такое вялікае Сьвята Божага Нараджэньня і працавалі, грукацелі як 25 сьнежня, так і ў нядзелю, 26 сьнежня.

5.

27 сьнежня адзначылася прыездам дзяцей зь Мілашоўскай базавай школы. Для многіх сем’яў менчукоў гэтыя сьвяты сталі больш поўнымі, калярытнымі. Прымаючы дзіця ў сваю сям’ю, да сваіх дзяцей, яны перажываюць больш поўную сьвяточную радасьць.

Парадніліся... Лічу, што гэта стане добрай традыцыяй — і ня толькі ў нашай парафіі...

Сьвяточныя праграмы для дзяцей вельмі насычаныя: дзеці наведваюць тэатры, цырк, музэі, сьвяточныя ялінкі. Заплянавана паездка ў Раўбічы, на Курган славы. У сувязі з тым, што прыехалі дзеці праваслаўнага і каталіцкага веравызнаньняў, яны наведаюць нашых Менскіх Ярархаў для віншаваньня з Божым Нараджэньнем і Новым годам і атрымаюць Божае блаславеньне ад Яго Эмінэнцыі Кардынала Казіміра Сьвёнтака і Яго Высокапершасьвятарства Мітрапаліта Філарэта. Дзе на памяць сфатаграфуюцца...

6.

1 студзеня а 13-й гадзіне ў Менскай сьвятыні сьвятога Сымона і сьвятой Алены адслужыць сьвятую Літургію за Беларусь і Божае блаславенства для ўсяго народу часова выконваючы абавязкі пасла Сьвятога Пасаду Ватыкану паважаны ксёндз доктар Гэнрык Ягадзінскі. Радасна, што ў першы дзень Новага году наш народ атрымае такое малітоўнае блаславенства.

Дзеці зь Мілашова будуць прысутнічаць на гэтым набажэнстве і атрымаюць Божае блаславеньне і памяткі...

Ксёндз доктар Гэнрык на Новы год, першага студзеня, адзначае свой дзень нараджэньня, шчыра яго віншуем...

7.

Па традыцыі, штогод мы сустракаем Новы год у Храме на малітве, набажэнствах і ў духоўных разважаньнях...

Набажэнствы распачынаюцца а 20-й гадзіне, і да поўначы сьвятыня напоўненая людзьмі, дзецьмі і моладзьдзю... Людзі слухаюць Слова Божае, казань, дзякуюць Богу за пражыты год…

Сьвятар-пробашч перад Богам і вернікамі робіць разьлік дзейнасьці касьцёлу і парафіі за мінулы год. Паведамляе, колькі адбылося Хростаў, Шлюбаў, Першай Святой Камуніі дзяцей і дарослых, колькі адышло ў вечнасьць. Разважаньні над пастаўленымі плянамі на наступны год. Што зроблена і што трэба зрабіць....

За пятнаццаць хвілін да поўначы ўвесь прысутны народ сьпявае гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”, і далей настаюць хвіліны ціхай малітвы і прыватнай адарацыі, кожны перапрашае Госпада за свае і сваёй сям’і правіны за ўвесь мінулы год…

У 00.00 гадзін сьвятар Блаславіць Найсьвяцейшым Сакрамантам ад Вялікага Алтара на чатыры бакі сьвету, жадае Божага спакою ўсім прысутным і апекі Маці Божай. Сьпяваецца гімн “О, Дух Сьвяты, прыйдзі!”

З Новым годам!

1 студзеня — Урачыстасьць Марыі Багародзіцы. Пад яе апеку аддаем увесь год.

8.

У гэтым годзе ў цэнтры двара пры касьцёле ўсталявана ялінка з нагоды прыезду дзяцей з Ідолты, дзе на Новы год, 1 студзеня, будуць праводзіцца хараводы дзяцей: менчукоў і гасьцей...

З 12.30 да 15.00 будзе працаваць палявая кухня, абеды для ўсіх дзяцей, як гасьцей, так і для мясцовых, каля 500 чалавек, каб дзеці увесь дзень маглі радавацца са Сьвятаў Божага Нараджэньня і што дачакаліся Новага году...

Дзякую Менскай вайсковай акрузе за аказаную дапамогу, молімся за вас...

Шкада толькі, што няма зусім сьнегу...

Вось так служым і працуем з Божай дапамогай для будучыні Беларусі! Служым і працуем, працуем і служым!

Радасьці ўсім вам і шчодрага Божага Блаславеньня на ўвесь наступны год! Сардэчныя сьвяточныя пажаданьні для ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода, вашым сем’ям і сябрам! Божага блаславеньня Дзіцяткі Езуса на далейшую працу ў Новым годзе! Здароўя вам, шчасьця і спакою ў вашыя дамы!

І яшчэ вельмі жадаю, каб вы ў наступным годзе разбагацелі й купілі адну сярэднюю ці доўгую хвалю-частату, каб усе людзі маглі вас слухаць, бо слухаць вас маюць магчымасьць толькі 0,5% радыёслухачоў.

Посьпехаў вам! Сардэчныя сьвяточныя пажаданьні для ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода, вашым сем’ям і сябрам! Божага блаславеньня Дзіцяткі Езуса на далейшую працу ў Новым годзе!
XS
SM
MD
LG