Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тураве звальняюць галоўнага ўрача, якая пры фінансавай падтрымцы амбасады ЗША стварала рэабілітацыйны цэнтар


Казімер Яноўскі, Жыткавіцкі раён У Тураве ўлады ўразаюць мэдычную дапамогу мясцовым жыхарам. Гэтаму пярэчыла галоўны ўрач шпіталю Ірына Сяргейчык. Цяпер жа яе саму звальняюць з працы.

Прафсаюз мэдыкаў ужо папярэджаны пра звальненьне Ірыны Сяргейчык з пасады галоўнага ўрача Тураўскага шпіталю. Фармальнай падставай зьявілася выснова атэстацыйнай камісіі, якую ачольваў намесьнік начальніка Гомельскай абласной ўправа аховы здароўя Міхаіл Прыступін і куды ўваходзілі прадстаўнікі Жыткавіцкага тэрытарыяльна-мэдычнага аб`яднаньня.

Спадарыню Сяргейчык вінавацяць у залішняй самаўпэўненасьці, схільнасьці да кар`ерызму і няздольнасьці прызнаваць свае памылкі.

Прычыну такога стаўленьня камісіі да сваёй пэрсоны галоўная лекарка з Тураву бачыць ў іншым:

(Сяргейчык: ) “Я выступіла супраць улады. Гэта – першае. Па-другое, мы ў шпіталі ствараем цэнтар рэабілітацыі на амэрыканскія грошы”, – сказала Радыё Свабода Ірына Сяргейчык.

Будаўніцтва шпіталю ў Тураве яшчэ ў 80-я гады дамогся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. У той час ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР ад гэтага Палескага краю.

Апошнім часам пры фінансавай падтрымцы амбасады ЗША ў Беларусі Ірына Сяргейчык займалася стварэньнем у шпіталі рэабілітацыйнага цэнтру дзеля прафіляктыкі розных захворваньняў у мясцовых жыхароў. Амэрыканскія грошы ішлі напрасткі будаўнікам за выкананую працу, абмінаючы фінансавы аддзел райвыканкаму. Гэта ў раёне многім не падабалася.

Галоўны ўрач Сяргейчык выступала таксама супраць закрыцьця ў Тураўскім шпіталі радзільнага, гінэкалягічнага, хірургічнага ды дзіцячага аддзяленьняў.

Такую рэформу мэдычнай дапамогі насельніцтву, калі нават цяжарныя жанчыны вымушаны за дзесяткі кілямэтраў дабірацца да лекара ў райцэнтар на грамадзкім транспарце, Ірына Сяргейчык катэгарычна не прымала. І цяпер яна не атэставана камісіяй управы аховы здароўя.

Скарачэньне мэдычнай дапамогі насельніцтву непасрэдна ў Тураве вядзецца, нягледзячы на абвешчанае Аляксандрам Лукашэнкам адраджэньне гэтага старажытнага паселішча.
XS
SM
MD
LG