Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аранжавая рэвалюцыя — міт. Усё роўна пераможа не дэмакратыя, а бюракратыя”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Лісты, якія ўвайшлі ў сёньняшні агляд пошты (а гэта першы агляд у 2005 годзе), дасланыя на Свабоду ў апошнія дні года мінулага. Якім ён запомніўся нашым слухачам? Якімі падзеямі быў адметны? Чым парадаваў, а чым засмуціў?

“Год быў цяжкім і сумным для беларусаў, — робіць выснову ў сваім лісьце на Свабоду Сьвятлана Язьмінская зь Менску. — Большасьць нашых суседзяў — Літва, Латвія, Польшча — увесну ўвайшлі ў Эўразьвяз, сталі часткай аб’яднанай Эўропы. А беларусы дазволілі свайму калісьці даўно абранаму прэзыдэнту кіраваць сабой бестэрмінова, хоць да самай сьмерці. Я пішу “дазволілі”, хоць ведаю, што рэфэрэндум быў несправядлівы і сфальшаваны. Але, калі б грамадзтва сапраўды прагнула зьменаў, яно не дало б выціраць аб сябе ногі.

Маленькую іскрынку надзеі нам падарылі напрыканцы году толькі браткі-ўкраінцы. Гледзячы на нашы сумныя беларускія рэаліі, напачатку зусім ня верылася ў іх перамогу. А яны ўзялі і перамаглі, даказалі, што яны — людзі, нацыя. Вядома, у нас іншая сытуацыя. Людзі запалоханыя. Найменшая праява нейкай грамадзкай актыўнасьці — і цябе цягнуць у міліцыю, звальняюць з працы, а то і зьбіваюць, кідаюць у турму. Але ж ня ўсе апанаваныя страхам. Урэшце, і сярод чыноўнікаў, у тым ліку высокапастаўленых, ёсьць сумленныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца, і многае могуць зьмяніць”.

Думаю, спадарыня Язьмінская, лёс тых чыноўнікаў, якія даюць падставы сумнявацца ў сваёй безагляднай адданасьці першай асобе і выяўляюць гатовасьць штосьці зьмяніць у палітычным курсе — незайздросны. Пра гэта ўлада ім пастаянна нагадвае: кожным гучным арыштам у атачэньні прэзыдэнта, кожным жорсткім прысудам.

Ліст ад Анатоля Жэрдзева з Гомелю. Перабіраючы свой архіў, слухач зьвярнуў увагу на палітычны зварот васьмігадовай даўніны, які ён, тады дэпутат Гомельскага гарсавету, разам зь іншымі актывістамі дэмакратычных партыяў накіравалі ў Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд Беларусі. У звароце яны абураліся скандальнымі падзеямі таго часу: зьбіцьцём дэпутатаў Вярхоўнага Савету, гвалтоўным разгонам апазыцыйных шэсьцяў і мітынгаў, расстрэлам у небе Беларусі паветранага шару з амэрыканскімі пілётамі. І патрабавалі стварэньня кампэтэнтнай камісіі, якая б вызначыла, ці здольны прэзыдэнт у далейшым выконваць свае абавязкі. Перачытаўшы той зварот, Анатоль Жэрдзеў піша:

“Сёньня дасыл такога ліста ва ўстановы дзяржаўнага кіраваньня можа прынесьці для аўтараў цяжкія наступствы. Вось наколькі зьмяніліся ўмовы жыцьця (калі толькі гэта магчыма назваць чалавечым жыцьцём). Ёсьць над чым задумацца. Эліта беларускага грамадзтва зьнішчана. А пра тых, хто лічыць сябе элітай, хочацца выказацца словамі незабыўнага Леніна, што такая інтэлігенцыя — “ня мозг нацыі, а…” Ну, словам, адкіды чалавечай жыцьцядзейнасьці.

Азлабленьне ўлады сьведчыць пра няўпэўненасьць тых, хто яе ўтрымлівае. Праз сваіх інфарматараў улада добра ведае сапраўдныя настроі грамадзтва. Асабліва напалохалі ўладароў падзеі ва Ўкраіне падчас прэзыдэнцкіх выбараў. А вось у народу Беларусі тыя падзеі выклікалі добры настрой і добрыя спадзяваньні. Так што новы год мы сустракаем з новымі надзеямі”.

Сапраўды, спадар Жэрдзеў, тое, пра што ў Беларусі 10 год таму публічна можна было адкрыта выказвацца, не баючыся арышту і непрыемнасьцяў на працы, сёньня многія людзі не адважваюцца гаварыць уголас. Для гэтага ёсьць падставы. Ужо не адзін чалавек у Беларусі пазбаўлены волі толькі за неасьцярожныя крытычныя выказваньні, у якіх улада ўгледзела для сябе зьнявагу і прыніжэньне. Але сьвет наўкол даўно ўжо жыве зусім па іншых законах і прынцыпах. Суседзям беларусаў у Літве ці Польшчы нават уявіць цяжка, што за крытыку ці пацьвельваньне з высокага дзяржаўнага чыноўніка (няхай нават і з прэзыдэнта) можна трапіць у турму. І менавіта гэты іншы навакольны сьвет і пакідае беларусам вялікую надзею на зьмены.

Ліст і віншаваньне ад нашай даўняй слухачкі і прыхільніцы Валянціны Аляксеевай зь Менску:

“Родныя людзі з Радыё Свабода, бліжэй за вас у мяне няма. Я вельмі ўдзячная вам за віншаваньне, за падарунак, які даслалі за ўдзел у конкурсе. У мяне цяпер адна вялікая крыўда і клопат. Мне 64 гады. Дзяцей і мужа ня маю. Сама я — сталінская сірата. Падчас вайны загінулі трое самых блізкіх мне людзей — бацька, брат і дзядзька. У 1967 годзе, працуючы на трох работах, я збудавала каапэратыўную кватэру (выплаціла і прыватызавала). А потым яшчэ хапала сілаў вучыцца на вячэрнім у інстытуце.

На парозе старасьць. Я знайшла чалавека, які дапамагаў бы мне і якому я магла б пакінуць пасьля сьмерці сваю кватэру. І тут выявілася, што ўлады наклалі на кватэру забарону. Ня толькі на маю кватэру — усіх адзінокіх грамадзянаў, нават 40-гадовых. І нельга ўзяць даведку, каб распарадзіцца кватэрай. І калі не напісаў завяшчаньня — пасьля сьмерці кватэру забярэ выканкам.

Я дапамагаю вам, наколькі магу. Напрыклад, распаўсюджваю каляндарыкі, агітую. Віншую вас з Божым Нараджэньнем і з Новым годам. Здароўя вам і няхай Пан Бог будзе з вамі. Высылаю вам копію папер аб беззаконьні. Прашу Бога, каб ня даў памерці, пакуль Беларусь ня стане свабоднай”.

Жывіце доўга і шчасьліва, Валянціна Сямёнаўна. Верце, што мы разам дачакаемся добрых зьменаў. Што да вашай праблемы. Сапраўды, ёсьць такое рашэньне Менскага гарсавету, паводле якога падобныя дамовы пажыцьцёвай рэнты з адзінокімі пэнсіянэрамі могуць быць падпісаныя толькі пасьля згоды мясцовай раённай адміністрацыі. Робіцца гэта нібыта ў інтарэсах саміх пэнсіянэраў — каб засьцерагчы іх ад рознага кшталту прайдзісьветаў. Але ў сапраўднасьці відавочны тут і прыватны чыноўніцкі інтарэс. Грувасткая працэдура збору розных даведак і ўзгадненьняў проста адпалохвае многіх пэнсіянэраў — і яны, махнуўшы рукой на магчымасьць атрымліваць рэнту, проста адмаўляюцца ад ранейшага намеру. І тады кватэра рана ці позна пераходзіць у распараджэньне чыноўнікаў.

Выйсьце тут адно — не спалохацца хаджэньняў па чыноўніцкіх кабінэтах. Знайсьці памочніка, якому давяраеце (пажадана юрыста), сабраць усе патрэбныя даведкі й дамагчыся, каб пытаньне было разгледжана на паседжаньні раённай адміністрацыі. Адмовіць вам у вашым законным патрабаваньні распараджацца ўласным жыльлём так, як вы хочаце, яны ня маюць права.

Фрагмэнт зь ліста Леаніда Каваленкі зь Менску, былога вязьня сталінскіх лягераў. Яго асудзіла ў 1945 годзе Асобая нарада НКВД — як агента СД у часе акупацыі. Абвінавачаньне грунтавалася толькі на тым, што ён пры немцах працаваў майстрам гадзіньнікаў на чыгуначнай станцыі. Леанід Каваленка быў рэабілітаваны ў 1961 годзе. Далей цытую ліст слухача:

“Пасьля турмы, лягераў і высылкі я стараўся жыць сваім розумам. Урэшце дачакаўся — рэабілітавалі, нават грошай далі (хапіла на халадзільнік). А каты прыходзяць і зьнікаюць. Я добра ведаю імёны маіх сьледчых, маскоўскіх судзьдзяў… Іх ужо няма на гэтым сьвеце. Цяпер іх за грахі толькі Бог пакарае. Але замест былых катаў прыйшлі новыя. І будзе так, пакуль існуе гэты сьвет. Мой прагноз на будучыню такі: рэпрэсіўны ціск ва ўсіх дзяржавах былога СССР будзе ўзрастаць. Дух раба моцна ўладкаваўся на ўзроўні генэтыкі ва ўсіх народах былога Саюзу. Няма ў нас свайго Майсея, які выводзіў з рабства габрэяў.

Набірае сілу і ўмацоўваецца бюракратыя. Злодзеі будуць зрастацца з уладай, як гэта ўжо адбылося ў Расеі. І працаваць яны будуць толькі на сябе. У выніку ніводзін сумленны чалавек ня будзе адчуваць сябе свабодна і ўтульна. Каб выжываць, мы вымушаны будзем усё больш плаціць хабарнікам-чыноўнікам. А іхныя апэтыты ўвесь час узрастаюць. Аранжавая рэвалюцыя — міт. Бюракратыя Ўкраіны скарыстае яе ў сваіх інтарэсах, а народ так і застанецца быдлам. Пара выйдзе ў сьвісток. Палёгку народ адчуе толькі ў сваіх думках. І працягвацца так будзе, пакуль ня зьнікне ўся сыстэма па волі Боскага закону”.

Разумею, спадар Каваленка, што да такіх невясёлых высноваў вас схіляе ўвесь ваш багаты жыцьцёвы досьвед. За многія мінулыя дзесяцігодзьдзі беларусам давялося перажыць і правадыроў, і гаўляйтэраў, і генсекаў. Цяпер вось кіруе прэзыдэнт, якога нібыта і дэмакратычна абіралі, а вось жа скончылася ўсё звыклым аўтарытарызмам, прымусам і бязьмежнай уладай тых жа чыноўнікаў. Як тут не расчаравацца і не глядзець скептычна на тую ж аранжавую рэвалюцыю ў братоў-украінцаў.

Вядома, гісторыя часам робіць самыя нечаканыя зыгзагі. Але насамрэч эпоха дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў у Эўропе мінула. Беларусь сёньня — анамалія, выключэньне, выспа пасярод акіяну. Амаль усе суседзі, зь якімі беларусы яшчэ нядаўна жылі ў адным так званым сацыялістычным лягеры, выбралі іншы шлях, і будуюць зусім іншую будучыню разам з аб’яднаным эўрапейскім кантынэнтам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG