Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інтэрнэт і мабільная сувязь дапамагаюць ахвярам цунамі ў Паўдзённай Азіі


Юры Дракахруст, Прага Як сучасныя тэхналёгіі дапамагаюць ахвярам цунамі? Праз Інтэрнэт і мабільную сувязь адны людзі шукаюць сваіх родных, іншыя ахвяруюць грошы для пацярпелых.

Дзясяткі тысячаў загіблых і зьніклых, сотні тысячаў людзей, якія страцілі жытло, велізарныя разбурэньні – такія вынікі землятрусу і цунамі, якія абрынуліся на краіны Паўдзённа-Ўсходняй Азіі. Дзякуючы Інтэрнэту каардынацыя патоку інфармацыі пра ахвяраў і тых, хто застаўся жывым, сталася больш эфэктыўнай. Шмат якія сайты ў Інтэрнэце сталі своеасаблівымі дошкамі інфармацыі пра жывых і загіблых у катастрофе.

Перавага Інтэрнэту палягае ў тым, што да адпаведных сайтаў мае доступ любы чалавек зь любой краіны. На мінулым тыдні швэдзкі хлопчык, які перажыў цунамі, быў знойдзены ягоным бацькам, пасьля таго, як дзядзька хлопчыка знайшоў інфармацыю пра месцазнаходжаньне пляменьніка на адным з сайтаў.

У сеціве вельмі актыўна дзейнічаюць дабрачынныя арганізацыі, якія зьбіраюць грошы для пацярпелых. Паводле экспэртаў праз Інтэрнэт зьбіраць грошы хутчэй і таньней, чым, скажам, праз пошту ці тэлефонныя кампаніі.

Новы нават больш сучасны сродак збору грошай – праз мабільныя тэлефоны. Дабрачынная арганізацыя заключае дамовы з кампаніяй апэратарам мабільнай сувязі, уладальнік мабільнага тэлефона, які хоча далучыцца да кампаніі ахвяраваньняў, пасылае адмысловае СМС-паведамленьне, кампанія мабільнай сувязі здымае адпаведную суму зь ягонага рахунку. Паколькі мабільныя тэлефоны мае значна больш людзей, чым тых, хто мае доступ да Інтэрнэту, гэты шлях збору сродкаў робіцца надзвычай папулярным.

Чэская дабрачынная арганізацыя АРДА, якая на мінулым тыдні пачала падобную кампанію збору сродкаў для ахвяраў цунамі, была ўражаная вынікам, прыкладна за тыдзень было даслана прыблізна паўмільёна СМС-ак і ў выніку ўжо атрымана каля 500 тысячаў даляраў.

Прадстаўнік АРДА Віцэслаў Вурст тлумачыць, што ў праекце аб’ядналіся ўсе асноўныя дабрачынныя фонды Чэхіі. Ён гаворыць, што для посьпеху такога праекту неабходная добрая падрыхтоўка.

(Вурст: ) “Каб праект быў пасьпяховым неабходна некалькі элемэнтаў. Вы павінныя зрабіць вашымі партнэрамі мэдыі, бо без розгаласу ў мэдыях ніякі праект такога кшталту ня можа быць пасьпяховым. Калі вы можаце данесьці свае паведамленьне толькі да невялікай купкі людзей – гэта няўдача. Наступны партнэр – гэта вэб-майстры старонак у Інтэрнэце, якія разьмясьцілі ў сябе наш банэр. Кожны, хто цісьне на яго, даведваецца пра нашую кампанію збору сродкаў. І як толькі вы забясьпечылі галоснасьць, вы павінны забясьпечыць празрыстасьць. Гэта вельмі важна, каб і публіка і вашыя партнэры маглі пераканацца, што маюць справу з сур’ёзным праектам”.

Апошняя ягоная заўвага наконт празрыстасьці сапраўды мае вялікае значэньне, паслаць электроннае паведамленьне ці СМС, абвясьціць збор грошай можа любы, і таму гарантыяй посьпеху, гарантыяй таго, што грошы сапраўды пойдуць на дапамогу пацярпелым, а не ў кішэні махляроў, ёсьць рэпутацыя арганізатараў падобных кампаніяў. Брытанская паліцыя, напрыклад, паведаміла, што арыштавала чалавека, які пасылаў электронныя лісты родным брытанцаў, якія зьніклі падчас цунамі, паведамляючы, што зьніклыя насамрэч загінулі.
XS
SM
MD
LG