Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць беларусы пра прысуд Міхаілу Марынічу?


Альгерд Невяроўскі, Менск Былы міністар замежнаэканамічных сувязяў і амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за крадзеж амэрыканскіх кампутараў у грамадзкай арганізацыі, якую ён узначальваў. Амэрыканскі ўрад ня мае да Міхаіла Марыніча ніякіх прэтэнзіяў, а рашэньне ў ягонай справе называе злоўжываньнем судовай сыстэмай рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў менскіх мінакоў: што яны думаюць пра прысуд у справе Міхаіла Марыніча?

(Карэспандэнт: ) “Былы міністар замежнаэканамічных зносінаў Беларусі Міхаіл Марыніч быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі за нібыта крадзеж кампутараў у грамадзкай арганізацыі, якую ён узначальваў. Скажыце, як вы ставіцеся да гэтага прысуду і ці лічыце вы яго справядлівым?”

(Спадар: ) “Я ня думаю, што былы міністар будзе красьці кампутары”.

(Спадарыня: ) “Як я лічу, няважна. Суд павінен лічыць. Я пра гэта ня ведала. Калі гэта справядліва, то гэта правільна. Калі несправядліва — то я супраць турмы і ўсялякага гвалту”.

(Спадар: ) “Несправядліва. У мяне прозьвішча Марыніч”.

(Хлопец: ) “Марыніч — гэта ўнікальны чалавек. Гэта ж былы амбасадар у Рызе, так? Увогуле яго асудзілі не за гэта, гэта было толькі падставай. Насамрэч шкада, што так адбылося. Марыніч, Казулін, Лябедзька, яны ўсе з адной “опэры”. Шкада, але нічога ня зробіш”.

(Спадар: ) “Пэўна ж не. Прысуд вельмі жорсткі, і тое, што робіцца ў гэтай краіне, вельмі дрэнна. Марыніч — гэта можа ідзе нейкая падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Будзем думаць, што ўсё ў нас неяк наладзіцца”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта несправядліва. Так рабіць нельга. Павінна быць свабода і добрыя адносіны да людзей. Я думаю, што ён чалавек інтэлігентны, шмат гадоў працаваў. Тут трэба добра разабрацца і аддаць гэтаму чалавеку павагу”.

(Хлопец: ) “Справядлівы. Таму, што, разумееце, спачатку ў чым яго несправядліва абвінавачвалі, тое скасавана, а крадзеж застаецца крадзяжом. Хто б гэта ні быў — Марыніч ці хто іншы”.

(Спадар: ) “Гэта гульня ў нейкую палітыку. Тут вінаватага цяжка знайсьці”.

(Спадар: ) “Думаю, што несправядлівы. Бо наўрад ці даказана ўсё так, як трэба”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што калі гэта так — значыць, правільна. Хочацца спадзявацца, што ўсё справядліва”.

(Спадарыня: ) “Не, я не лічу гэта справядлівым. Таму, што кожны мае права выбару свабоды, выбару жыцьця і сваіх дзеяньняў. І выбару выразаў сваіх дзеяньняў”.
XS
SM
MD
LG