Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Не магу ўявіць Міхаіла Марыніча злодзеем”


Ганна Соусь, Менск Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць прысуд былому міністру замежнаэканамічных сувязяў і экс-амбасадару Міхаілу Марынічу. Меркаваньні Станіслава Шушкевіча, Сяргея Калякіна, Анатоля Красуцкага і Міколы Статкевіча запісала наша карэспандэнтка.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць вынесены Міхаілу Марынічу прысуд — пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці — выключна палітычным рашэньнем.

(Шушкевіч: ) “Марыніч — чалавек вядомы, якога ня трэба “раскручваць”. Ён быў мэрам Менску, дэпутатам Вярхоўнага Савету, амбасадарам, ён быў адмысловым пасланьнікам у Нямеччыне, калі быў урад Кебіча. Ён працаваў з усімі. Што хочаце магу сябе ўявіць, але, каб Марыніч быў злодзеем, я сабе ўявіць не магу. Гэта палітычны захад, выкананьне загаду зьверху, таму што не такія дурныя ў нас судзьдзі, не такія дурныя пракуроры, каб не ўсьведамлялі, што робяць. Але гэта ганьба, што яны гэта робяць, таму што гэтым яны, як мне здаецца, пілуюць сук пад сабой”.

А вось меркаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Анатоля Красуцкага:

(Красуцкі: ) “Каб даць ацэнку судоваму рашэньню, трэба ведаць матэрыялы крымінальнай справы. Я сам працаваў доўгія гады ў органах і ведаю, што гэта такое. Наколькі я ведаю, пракурор прасіў 6 ці 7 гадоў пазбаўленьня волі… У любым выпадку любы прысуд, калі ён не адпавядае рэаліям дня, павінен быць абскарджаны, і я ўпэўнены, што такой магчымасьцю адвакаты Марыніча скарыстаюцца, і суд вышэйшай інстанцыі дасьць ацэнку вынесенаму прысуду”.

Камэнтар лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча:

(Статкевіч: ) “Я ацэньваю гэты прысуд як спробу запалохваньня ўсіх тых, хто спрабуе яшчэ публічна выступаць супраць дыктатуры, якая ўжо, можна казаць, рэальна ўсталявалася ў нашай краіне”.

Несправядлівым і палітычна матываваным назваў рашэньне суду лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Я думаю, што гэта зроблена дзеля навучаньня астатніх, тых, хто працаваў ці працуе ў намэнклятуры, што нельга выступаць супраць рэжыму. Я ацэньваю гэта як палітычнае рашэньне супраць аднаго з актыўных барацьбітоў з рэжымам Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG