Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна беларуская турыстка датэрмінова прыпыніла адпачынак у Тайляндзе; 9 чалавек вярнуліся дадому пасьля заканчэньня аплачаных пуцёвак


Ігар Карней, Менск У краінах, пацярпелых ад разбуральнага цунамі 26 сьнежня, застаецца да паўсотні грамадзянаў Беларусі. У Міністэрстве спорту і турызму кажуць, што ніводзін з турыстаў, апроч віцяблянкі Сьвятланы Драздовай, якая вярнулася ў Беларусь праз два дні пасьля трагедыі, не згадзіўся датэрмінова прыпыніць адпачынку ў тым рэгіёне. Між тым, нават адказныя за пошук чыноўнікі прызнаюць: колькасьць беларусаў, якія ад’ехалі на Новы год у краіны Індыйскага акіяну, можна называць толькі прыблізна.

Начальніку ўпраўленьня турызму галіновага міністэрства Сяргею Дароніну было даручана “праінспэктаваць” усе беларускія турыстычныя фірмы, якія маглі накіраваць у тыя краіны беларускіх турыстаў. Паводле падлікаў, такіх аказалася блізу пяці дзясяткаў чалавек. Каля дзесяці ўжо вярнуліся дадому, а зь пяцьцю турыстамі сувязі навязаць так і не ўдалося.

(Даронін: ) “Няма выпадкаў, каб турыст датэрмінова вярнуўся, практычна ўсе дабываюць да канца. Я разумею чалавека таксама: калі ён пачувае сябе ў бясьпецы, калі яго эвакуавалі на нармалёвую тэрыторыю, дзе ён ня бачыць бедзтва, дык чаму ён мусіць зьбірацца і адлятаць адтуль? Усе турысты, а іх застаўся 41, добра сябе адчуваюць і цягам найбліжэйшых дзён вернуцца на радзіму. Натуральна, ёсьць людзі, якія наўпрост паехалі праз Маскву і яны па-за нашым кантролем, бо мы ня можам пракантраляваць расейскіх турфірмаў. Але мяркую, што іх ня вельмі шмат, можа зь дзясятак”.

Старшыня Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга разыходжаньні ў лічбах тлумачыць нягнуткасьцю зацікаўленых структураў. Перадусім, так і не была арганізаваная тэлевізійная “гарачая лінія”, на нумары якой маглі б затэлефанаваць сваякі ці знаёмыя тых, хто паехаў адпачываць у Тайлянд, на Мальдывы ці Шры-Лянку.

(Шульга: ) “Самае надзейнае, дзе можна было б даведацца інфармацыю — гэта ў амбасадах краінаў, якія пацярпелі ад стыхіі. У іх агульная кампутарная сыстэма, і яны ведаюць, колькі зь Беларусі было атрымана візаў у гэты пэрыяд — незалежна ад таго, дзе яны іх атрымлівалі. І гэта лічба была б найбольш дакладнай. Хоць магла быць пагрэшнасьць у тым пляне, што чалавек адчыніў візу ў Сынгапур, а адтуль паехаў у Тайлянд. Але гэта досыць складана, бо ўсё давялося б рабіць праз Расею, а Расея сама толкам разабрацца ня можа, бо абрала самы просты варыянт: сваякі і знаёмыя, дайце ведаць, хто з вашых родных ад’ехаў. Дарэчы, гэтыя заклікі ідуць паўсюль — і па радыё, і на тэлебачаньні. А ў нас у інфармацыйных праграмах я нідзе ня ўбачыў такой “гарачай лініі”. Напэўна, палічылі, што 20–50 чалавек ня так ужо і важна. Чым кіраваліся, чаму нічога не было?”

Бальшыня беларускіх турыстаў у складзе арганізаваных расейскіх турыстычных групаў пачне прылятаць на маскоўскія лётнішчы ўжо заўтра.
XS
SM
MD
LG