Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты Міхаіла Марыніча падрыхтавалі скаргу ў абласны суд з просьбай апраўдаць яго


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакаты Вера Старамкоўская і Валянціна Шыханцова падрыхтавалі скаргу на прысуд, які быў вынесены Міхаілу Марынічу 30 сьнежня.

Вера Страмкоўская заявіла Радыё Свабода:

(Страмкоўская: ) “Мы просім калегію Менскага абласнога суду адмяніць прысуд у частцы, дзе Марыніч быў прызнаны вінаватым ў крадзяжы маёмасьці. І таксама каб быў спынены перасьлед Марыніча ўжо ў касацыйнай інстанцыі, безь перадачы гэтай справы на новы разгляд”.

30 сьнежня суд Менскага раёну на чале з судзьдзёй Людмілай Даўжэнкай прызнаў Міхаіла Марыніча вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Гэтую арганізацыю ўзначальваў Міхаіл Марыніч. У 2002 годзе амбасада ЗША ў Беларусі перадала “Дзелавой ініцыятыве” ў часовае карыстаньне аргтэхніку для абсталяваньня офісаў рэгіянальных філіяў. Менавіта частку гэтай маёмасьці сьледчыя знайшлі летась у гаражы сына Марыніча Паўла. Былы міністар патлумачыў, што тэхніка ўтрымлівалася ў гаражы часова, пакуль шукаўся новы офіс арганізацыі. Амэрыканская амбасада ня выказала маёмасных прэтэнзіяў да кіраўніка “Дзелавой ініцыятывы” Міхаіла Марыніча, аднак сьледчыя КГБ усё роўна распачалі супраць яго крымінальную справу нібыта за крадзеж.

А ці дазваляе беларускі закон без удзелу ўласьніка перасьледаваць тых, хто падазраецца ў крадзяжы маёмасьці? У КГБ і пракуратуры лічаць, што гэта магчыма. Меркаваньні незалежных адмыслоўцаў разыходзяцца. Вядомы праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла лічыць, што справа Марыніча не крымінальная, а грамадзянская.

(Паганяйла: ) “Пытаньне, скраў ён ці ня скраў, вырашае ўласьнік. Дзяржава можа ў гэта ўмяшацца, калі ўласьнік ня можа сябе абараніць. Але трэба найперш спытаць уласьніка. Тут уласьнік (а гэта амэрыканская амбасада) пэўна кажа, што прэтэнзіяў няма. Такім чынам, гэта той выпадак, калі дзяржава незаконна ўмешваецца ў сытуацыю”.

Гары Паганяйла згадвае, што справа Марыніча — ня першы выпадак, калі крымінальны закон быў выкарыстаны там, дзе мусіў разабрацца гаспадарчы суд. “Гэта ўжо было ў справах Андрэя Клімава, Міхаіла Чыгіра. Беларускія ўлады даўно выкарыстоўваюць гаспадарчыя спрэчкі для крымінальнага перасьледу апазыцыянэраў”, — лічыць Гары Паганяйла зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Незалежны юрыст Сяргей Балыкін зьвяртае ўвагу на асаблівасьці прыватнага і публічнага абвінавачаньня ў беларускім законе:

(Балыкін: ) “Крымінальны артыкул аб крадзяжы маёмасьці зьяўляецца артыкулам гэтак званага “публічнага абвінавачаньня”. Гэта азначае, што крымінальную справу пракурор ці прадстаўнік іншага праваахоўчага органу распачынае незалежна ад таго, паскардзіўся пацярпелы ці не”.

Пры гэтым Сяргей Балыкін зьвяртае ўвагу на тое, што ў прысудзе Марынічу ўвогуле не была дадзеная ацэнка такому доказу, як заява амэрыканскага боку аб адсутнасьці прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча. Сяргей Балыкін лічыць, што ў судзе Міхаіла Марыніча мусілі апраўдаць.

Міхаіл Марыніч быў арыштаваны летась 26 красавіка і з таго часу ўтрымліваецца ў ізалятары КГБ “амэрыканка”. На судзе ён заявіў, што ўмовы ўтрыманьня там вельмі дрэнныя: цьмянае сьвятло, малы час прагулак, камэра, дзе ўвесь час паляць іншыя вязьні, не праветрываецца. Дактары яшчэ летась улетку вырашылі, што стан здароўя Міхаіла Марыніча не адпавядае гэтым умовам, але меру стрыманьня для былога міністра і амбасадара не зьмянілі. Міхаіл Марыніч заявіў на судзе, што яго перасьледуюць як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, і ў тым ліку аказваюць на яго ціск умовамі ўтрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG