Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагоднія пажаданьні слухачам Свабоды ад мастака Сяржука Цімохава


Валянціна Аксак, Менск З-пад алоўкаў і пэндзляў мастака Сяржука Цімохава вылятаюць чароўныя вобразы і барвы, якія прыносяць яму творчае задавальненьне, а людзям, што сутыкаюцца зь ягонымі творамі, сьветлае адчуваньне жыцьця. А мінулы год прынёс мастаку яшчэ і славу: напачатку года Цімохаў стаў уладальнікам Гран-пры сёмага міжнароднага біенале графікі “Залатое пяро Бялграду”, а напрыканцы – акадэмікам Беларускае акадэміі выяўленчага мастацтва. Навагоднія пажаданьні слухачам Свабоды ад шаноўнага мастака-чараўніка Сяржука Цімохава запісала нашая карэспандэнтка.

(Цімохаў: ) “Хочацца, каб сапраўды жыцьцё працягвалася, і працягвалася са станоўчым нейкім рэзанансам. Вельмі хацелася б, каб у нас была іншая палітычная сытуацыя, каб мы былі ня так ізаляваныя, каб мы мелі магчымасьць сапраўды ў пляне творчасьці й ня толькі паказаць сябе сярод іншых краінаў – паказаць свае лепшыя творы й свае лепшыя дасягненьні, каб на нас не пазіралі, што мы незразумелы асяродак у Эўропе.

Гэтага вельмі хочацца, бо ад гэтага залежыць яшчэ, калі спускацца бліжэй да свайго дабрабыту, наш дабрабыт, нашых блізкіх, сяброў, знаёмых і незнаёмых, і наогул усяго нашага беларускага народа. Таму гэтага вельмі хацелася б, і я спадзяюся, што зь цягам часу – калі не ў наступным годзе, дык праз пэўны час, гэта будзе абавязкова.

Што яшчэ? Хацелася б, каб проста тварылася, каб палітра не засыхала. Сьветлых дзён хацелася б пажадаць і сабе, і іншым людзям”.

Калядная выстава акадэмікаў Беларускае акадэміі выяўленчага мастацтва з удзелам Сяржука Цімохава, якога вы толькі што чулі, адчыненая 28 сьнежня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры краіны і будзе доўжыцца два першыя тыдні новага году, творча зьнітоўваючы непарушную плынь часу. Наведайце яе, і вы паверыце ў праўдзівасьць калядных мрояў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG