Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасягненьні й страты беларускага спорту ў 2004 годзе


Ігар Карней, Менск Мы працягваем падсумоўваць вынікі мінулага году ў сфэрах, дзе беларусы таксама адзначыліся. Прыканцы году шмат якія выданьні друкавалі рэйтынгі спартовых падзеяў, дасягненьняў і асобных атлетаў. Наш карэспандэнт параўнаў гэтыя сьпісы: ня трэба быць вялікім адмыслоўцам у спорце, каб канстатаваць, што галоўнай спартовай падзеяй 2004 году сталі Алімпійскія гульні ў Афінах. Пры гэтым, некаторыя адмыслоўцы перакананыя, што Алімпіяда стала галоўнай падзеяй ня толькі ў спорце, але і ўвогуле ў 2004 годзе.

Магчыма, цьверджаньне занадта безапэляцыйнае, але маштаб Алімпіяды насамрэч сьведчыў пра плянэтарнае значэньне падзеі. Пацьвярджэньнем гэтаму – нацыянальныя “шорт-лісты” у многіх краінах сьвету. Амаль ва ўсіх выпадках спартоўцам году быў названы чэмпіён Алімпійскіх гульняў.

Беларусь у гэтым шэрагу – не выключэньне. Апытаньні журналістаў, прафэсіяналаў спартовай сфэры, якія паасобку ладзілі НАК, Міністэрства спорту і турызму, спартовыя выданьні “Спортивная панорама” і “Прессбол”, інфармацыйнае агенцтва БелАПАН ды іншыя скончыліся ў першай дзесятцы амаль з аднолькавым вынікам. Аднадушна першы радок быў аддадзены беларускім алімпійскім чэмпіёнам – лёгкаатлетцы Юліі Несьцярэнцы і дзюдаісту Ігару Макараву. Далей з рознымі варыяцыямі ідуць уладальнікі срэбраных і бронзавых мэдалёў. Вось што ў гэтым зьвязку яшчэ дадае аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч:

(Аляхновіч: ) “Нягледзячы на афіцыйную прапаганду – маўляў, выступ у Афінах быў ня вельмі ўдалы, бо ня выкананы плян Лукашэнкі – я лічу, што спартоўцы выступілі вельмі добра. 15 мэдалёў – гэта цяперашні наш узровень. Асаблівы посьпех – узнагарода Ігара Макарава, бо гэта першы залаты мэдаль спартоўцы-мужчыны на Алімпіядах ад таго часу, як Беларусь атрымала статус незалежнай дзяржавы. Натуральна ж, гэта і залаты мэдаль Юліі Несьцярэнкі. Вельмі спадабалася, што Петрушэнка і Махнёў узялі бронзу ў веславаньні. Гэта сапраўдны падарунак Уладзімеру Парфяновічу, якога напярэдадні Гульняў актыўна спрабавалі дыскрэдытаваць як спартоўцу і чалавека”.

Працягваючы алімпійскую тэму варта, пэўна, адзначыць яшчэ і выступ беларускіх паралімпійцаў, якія прывезьлі з Афінаў 29 мэдалёў замест заплянаваных 25.

На якія дасягненьні яшчэ зьвяртаюць увагу складальнікі спартовых рэйтынгаў? Увогуле, у такіх сьпісах фігуруе досыць шмат спартовых дысцыплінаў, дзе беларусы небеспадстаўна прэтэндуюць на ўсясьветнае лідэрства. Гэта, перадусім, вэляспорт з Натальляй Цылінскай, шматгадовае панаваньне ў веславаньні Кацярыны Карстэн, дасягненьні беларускіх кідальнікаў і штурхальнікаў, а таксама цэлы шэраг прыкладаў пасьпяховай акліматызацыі ў мацнейшых футбольных клюбах беларускіх легіянэраў – варта толькі ўзгадаць Бялькевіча, Глеба, Рамашчанку.

Дарэчы, як перакананы журналіст Сяргей Аляхновіч, менавіта гульня футбольнай зборнай Беларусі можа пасьля Алімпіяды стаць для аматараў другой паводле значнасьці спартовай падзеяй – зборная пачала паказваць вельмі стабільную і зьмястоўную гульню.

(Аляхновіч: ) “Са станоўчых вынікаў адзначыў бы ўдалы выступ беларускай футбольнай зборнай. Пад кіраўніцтвам Байдачнага каманда зрабіла сур’ёзны крок наперад і ўпершыню ў рэйтынгу ФІФА паднялася на 69 месца (раней найвышэйшым паказчыкам была 74 пазыцыя). Таксама б адзначыў перамогу менскага “Дынама” ў чэмпіянаце краіны, якая здарылася ўпершыню за сем гадоў. Гэта аб’ектыўна, бо нават на міжнароднай арэне зь беларускіх клюбаў ведаюць перадусім менскае “Дынама”.

Варта дадаць, што мінулы год стаў яшчэ і годам стратаў у шэрагах выбітных спартоўцаў. Так, летась канчаткова прыняла рашэньне выступаць за Аўстралію бронзавая прызёрка Алімпіяды ў Сыднэі Лаліта Яўглеўская, а прыканцы году мацнейшая плыўчыха Алена Попчанка выказала намер ад’ехаць у Францыю. Таксама не зразумела, як пабудуе сваё далейшае жыцьцё знакаміты Іван Іванкоў: пасьля таго, як ён быў раскрытыкаваны за выступ у Афінах чыноўнікамі міністэрства спорту, Іванкоў канчаткова вырашыў ад’ехаць у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG