Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

3 студзеня – 100 гадоў з дня нараджэньня паэта Ўладзімера Хадыкі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 2 і 3 студзеня

Спачатку – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

2 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканскі пісьменьнік-фантаст Айзэк Азімаў родам зь мястэчка Пятровічы на Смаленшчыне, літаратуразнавец Базыль Белаказовіч, які шмат пісаў пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі, і сьпявачка Валянціна Пархоменка зь вёскі Каменка Чачэрскага раёну, заслужаная артыстка Беларусі, якая жыве ў ЗША.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

3 студзеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Пракоп. Казалі: “Пракоп па сьнегу ступае, дарогу капае”.

3 студзеня 1850 году нарадзілася Соф’я Кавалеўская, матэматык і мэханік, пісьменьніца й публіцыстка, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Яна прыйшла на сьвет у Маскве ў беларускай шляхецкай сям’і Корвін-Крукоўскіх. Вучылася ў Нямеччыне й Швэцыі, напісала навуковыя працы па матэматычным аналізе і нябеснай мэханіцы. Кавалеўская мысьліла настолькі матэматычна, што нават у сваіх літаратурных творах імкнулася растлумачваць паводзіны людзей з дапамогай лёгікі лічбаў. Сярод ейных шматлікіх званьняў ёсьць і тытул доктара філязофіі.

Сёньня спаўняецца 100 гадоў Уладзімеру Хадыку, аднаму з самых таленавітых паэтаў “Маладняка”. Пры жыцьці Хадыка пасьпеў выдаць тры зборнікі вершаў. У 1936-м яго арыштавалі. Загінуў паэт у ГУЛАГу.

3 студзеня 1855 году памёр Антон Марціноўскі – выдавец і пісьменьнік, які ўвасобіў у сабе шматкультурнасьць Віленскага краю. Нарадзіўся Марціноўскі ў Радашкавічах, скончыў Менскую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт. Заснаваў Віленскае друкарскае таварыства. Стаў рэдактарам сатырычнага часопіса “Брукавыя ведамасьці”, газэты “Кур’ер літоўскі“, першага ў Беларусі і Літве навукова-літаратурнага часопіса “Віленскі дзёньнік“. У сваёй друкарні ў Вільні Марціноўскі выдаў больш за 400 назваў кніг, пераважна гістарычнай літаратуры.

3 студзеня 1951 году ня стала самага яркага менскага архітэктара ХХ стагодзьдзя – Іосіфа Лангбарда. Опэрны тэатар і Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмія навук у сталіцы вядомыя кожнаму. Нарадзіўся Лангбард у Бельску-Падляскім напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Яшчэ да рэвалюцыі скончыў Пецярбурскую акадэмію мастацтваў. Апроч згаданых твораў, Лангбард спрычыніўся да стварэньня генэральных плянаў забудовы Менску і Гомеля ў 1944 годзе – гэта значыць, адразу пасьля вайны, калі разбураныя гарады меліся набыць зусім іншы, новы выгляд.

А яшчэ ў гэты дзень у розныя гады нарадзіліся такія розныя людзі як савецкі перадавік сацыялістычнай працы Стаханаў, прадусар “Бітлз“ Джордж Марцін і нямецкі аўтагоншчык “Формулы 1” Міхаэль Шумахер.
XS
SM
MD
LG