Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве галоўнымі дзейнымі асобамі навагодняй ночы сталі міліцыянты


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў “У нас у Магілёве ў гэтым сэзоне найбольш моднае адзеньнне для Дзеда Мароза – гэта міліцэйская форма!” – такі самы актуальны навагодні анэкдот у абласным цэнтры. І сачынілі яго магілёўцы задоўга да навагодняй ночы.

Напярэдадні каталіцкіх Калядаў у цэнтры горада усталявалі дзьве галоўныя ёлкі: адну на плошчы Леніна, перад Домам саветаў (вялікую канструкцыю з 2-х соцень ёлак), і на плошчы Зорак (там ёлка штучная, але вельмі прыгожая). У сувязі з тым, што на сьвяточную ілюмінацыю магілёўскія ўлады выдаткавалі шмат грошай – больш за 100 мільёнаў рублёў, маёмасьць вырашылі пільна ахоўваць. Не хацелася паўтарыць мінулагоднія памылкі, калі сьветлавыя гірлянды злодзеі паздымалі нават зь верхавінаў блакітных ёлак перад будынкам мэрыі. Таму цяпер каля галоўных ёлак стаіць кругласутачны міліцэйскі патруль. Адсюль і жарт пра Дзедаў Марозаў у міліцэйскай форме.

Нечакана для магілёўцаў, гісторыя атрымала працяг у навагоднюю ноч. Беларуская тэлевізія паведаміла ўвечары 1 сьнежня пра пагрозу тэракту, якая была ў Магілёве, і што ўсё абышлося. Магілёўцы таксама даведаліся пра гэту гісторыю апасьля, затое пагалосак, чутак было шмат.

А насамрэч адбылося вось што: 30 сьнежня у міліцыю патэлефанаваў чалавек і паведаміў, што на адным з магілёўскіх паштовых аддзяленьняў ёсьць інфармацыя, якая павінна зацікавіць праваахоўныя органы. Там быў канвэрт з дыскетай, якая ўтрымлівала наступную інфармацыю: калі не выплацяць пэўную суму грошай (якую канкрэтна – міліцыя не паведамляе), то ў часе навагодніх мерапрыемстваў адбудуцца выбухі.

У сувязі з пагрозай 31 сьнежня ў Магілёў сьцягнулі сілы для прадухіленьня магчымых тэрактаў. Паводле інфармацыі, якая не пацьверджаная афіцыйна, у абласным цэнтры ў навагоднюю ноч было і кіраўніцтва МУС. Былі прынятыя вялікія меры бясьпекі. Гэта маглі назіраць усе, хто выйшаў пасьля 12 ночы прагуляцца ў цэнтры горада. Быў моцны туман, і насустрач магілёўцам, якія рухаліся да галоўнай ёлкі, з туману зьяўляліся толькі міліцыянты.

Іх было вельмі шмат вакол месца правядзеньня сьвяточнай гарадзкой праграмы на плошчы Зорак: стаялі аўтобусы з АМАПам; у сквэрах, дзе звычайна зьбіраецца моладзь, выключылі асьвятленьне; усе вуліцы, якія вядуць да плошчы, былі перагароджаныя патрулямі. Міліцыянты абшуквалі падазроных асобаў і заварочвалі кампаніі, якія мелі сьпіртовыя напоі. Усё гэта не садзейнічала сьвяточнаму настрою людзей. Аднак апасьля, праз колькі гадзінаў, калі пагроза выбухаў мінула, сьвяточная праграма пачалася, былі музыка і танцы, і магілёўцам, якія падцягваліся з ускраінаў горада у цэнтар, гавораць, не хапала месцаў у грамадзкім транспарце.

Хто ж пагражаў Магілёву выбухамі на сьвяты? Міліцыя паведамляе, што гэта 40-гадовы магілёвец і прычыны яго ўчынку ў тым, што ён не хацеў, каб яго дачка пайшла на навагоднюю дыскатэку. Няма інфармацыі, якая б пацьвярджала, што ён сапраўды рыхтаваў выбухі. Аднак да адказнасьці яго прыцягнуць, і тут мера пакараньня будзе залежыць ад памеру нанесенай шкоды. Максымальная мера – 5 гадоў пазбаўленьня волі.

У астатнім сьвяткаваньне Новага году ў Магілёве было звычайнае. Шкада толькі, што не пашанцавала з надвор’ем. Невялікі сьнег адразу ж раставаў пад нагамі, марозу не было, і нават горкі, асноўная забава малых, не замерзьлі. Аднак вялікага ўплыву на настрой людзей гэта ня мела. Магілёўцы спадзяюцца, што ў 2005 годзе ўсё будзе значна лепей, і жадаюць гэтага ўсім!
XS
SM
MD
LG