Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе наступным прэзыдэнтам Польшчы?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У часе сьвятаў стала вядома, што ў Польшчы на пачатку лета разам з прэзыдэнцкімі адбудуцца і датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Хто можа перамагчы ў адных і ў другіх выбарах, і як гэта можа адбіцца на польска-беларускіх дачыненьнях?

Напачатку – некалькі словаў пра тое, чаму парлямэнцкія выбары адбудуцца датэрмінова. Справа ў тым, што кіруючыя цяпер у Польшчы посткамуністы з Саюзу левых дэмакратаў (СЛД) цягам трох гадоў згубілі ўсіх сваіх кааліцыйных партнэраў, і цяпер у Сэйме практычна няма трывалай большасьці, якая патрэбная для таго, каб нармальна працаваць. СЛД згубіў папулярнасьць і сярод выбаршчыкаў – гэтую партыю падтрымліваюць цяпер толькі каля 5% палякаў.

Выбары напэўна, выйграюць правыя : дзьве партыі, “Грамадзянская плятформа” і “Закон і справядлівасьць”, паводле апытаньняў, атрымаюць большасьць у парлямэнце і будуць здольныя стварыць урад.

Тут адзначу, што менавіта прадстаўнікі гэтых дзьвюх партыяў летась найбольш актыўна ўздымалі беларускае пытаньне як у польскім, так і ў эўрапейскім парлямэнце. Можна ўзгадаць намаганьні дэпутатаў гэтых партыяў у справе эўрапейскага радыё для Беларусі, шматлікія ініцыятывы ў Эўрапарлямэнце, пікеты 50 дэпутатаў каля беларускай амбасады і гэтак далей.

Такім чынам, можна спадзявацца, што калі да ўлады прыйдуць правыя, палітыка Варшавы ў справе Беларусі будзе больш актыўнай, бо посткамуністы традыцыйна больш стрыманыя ў такіх справах.

А як наконт прэзыдэнцкіх выбараў? Летась шмат гаварылася, што іх магла б выйграць жонка цяперашняга прэзыдэнта Польшчы, Іалянта Квасьнеўская. Апытаньне грамадзкай думкі, што было праведзенае за некалькі дзён да сьвятаў, сьведчыць, што палякі падтрымалі б жонку цяперашняга кіраўніка краіны ў прэзыдэнцкіх выбараў мацней, чым іншых. Спадарыня Квасьнеўкая, аднак, ня будзе балятавацца. Вось што напярэдадні сказаў у гэтай справе сам Аляксандар Квасьнеўскі:

(Квасьнеўскі: ) “Думаю, што гэта немагчыма. Мая жонка прыняла канчатковае рашэньне – яна ня будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў наступных выбарах. Ведаеце, яна лічыць, што быць са мной і жыць нармальным жыцьцём – гэта лепшая пэрспэктыва на наступныя гады, чым жыцьцё ў палітыцы”.

У Польшчы пакуль ніхто не бярэцца прадказаць пераможцу наступных прэзыдэнцкіх выбараў. Шанцы маюць некалькі даволі папулярных палітыкаў ад правых партыяў, левыя (калі здолеюць вылучыць адзінага кандыдата), але таксама і некалькі асобаў, якія раней палітыкай не займаліся.

У Беларусі была зьмененая канстытуцыя, каб даць магчымасьць цяперашняму кіраўніку балятавацца яшчэ раз. Некаторыя адмыслоўцы кажуць, што такі варыянт разглядаецца і ў Расеі. А што ў Польшчы? Аляксандар Квасьнеўскі – надалей вельмі папулярны, яго дагэтуль падтрымліваюць каля 60% палякаў. Але тут пра рэчы кшталту “беларускага варыянту” ніхто нават ня ўзгадвае. Ёсьць Канстытуцыя, паводле якой адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта ня больш чым два разы запар, і, напэўна, нікому ў галаву ня прыйдзе зьмяняць яе пад канкрэтную асобу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG