Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці павінна Беларусь аказаць дапамогу пацярпелым ад землятрусу й цунамі краінам Паўднёва-Ўсходняй Азіі?


Міхал Стэльмак, Менск Міжнародная супольнасьць зьдзейсьніць буйнамаштабную дапамогу краінам Паўднёва-Ўсходняй Азіі, што пацярпелі ад землятрусу і цунамі ў Індыйскім акіяне. Як паведаміў 1 студзеня кіраўнік Упраўленьня ААН у пытаньнях каардынацыі гуманітарнай дзейнасьці Ян Эгеланд, гэтая дапамога складзе каля 2 мільярдаў даляраў. Сярод прыблізна 40 дзяржаваў, што адгукнуліся на трагедыю, найбольшы ўнёсак – 500 мільёнаў – даляраў зьбіраецца зрабіць Японія. Пра дапамогу ў 350 мільёнаў даляраў абвясьцілі Злучаныя Штаты. Вялізныя ахвяраваньні на ліквідацыю наступстваў прыроднай стыхіі зробяць Вялікабрытанія, Італія, Кітай. Ці павінна Беларусь аказаць дапамогу пацярпелым ад землятрусу й цунамі краінам Паўднёва-Усходняй Азіі? Наш карэспандэнт правёў апытаньне жыхароў Менску на гэты конт.

(Спадарыня Ніна: ) “Я думаю, што трэба дапамагчы”.

(Спадар Іван: ) “Трэба, вядома”.

(Спадарыня Вера: ) “Абавязкова. Людзі пазнаюцца ў бядзе”.

(Спадар Адам: ) “На гэта ёсьць начальства. Калі нам дапамагаюць, то трэба, каб дапамаглі і мы”.

(Спадарыня Марыя: ) “Мне здаецца, што трэба. Бо людзі ж гэтага ня чакалі. Людзі ж не працягвалі руку, каб ім даць. Там жа такое бедзтва. Людзі засталіся бяз анічога. Дахі пазносіла, хаты. Гэта ж вада – гэта ж сіла. Усё зьнесла. А там жа ў іх такіх ураджаяў няма. Там жа яны жылі за кошт турыстаў. Трэба дапамагчы”.

(Спадар Мікалай: ) “Гэта не прывядзі Гасподзь. Такое гора, пацярпелі бязьвінныя людзі”.

(Спадар Аляксей: ) “Людзі пацярпелі ад бедзтва. Трэба ім крыху дапамагчы. Па магчымасьці”.

(Спадарыня Ганна: ) “Яны таксама людзі, і ім вельмі цяжка. У такое страшнае гора трэба адзін другому дапамагаць”.

(Спадар Рыгор: ) “Чалавек чалавеку мусіць дапамагаць заўжды, дзе б гэта ні было. Гэта па-чалавечы. У нас усе такія беды таму, што людзі адзін ад другога адвярнуліся і робяць адзін другому не дабро, а зло. Дапамажы бліжняму, і табе дапамогуць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Я лічу, што ўрад павінен пра гэта думаць. І я думаю, што ў нашым бюджэце знойдуцца грошы, каб дапамагчы. Ня дай Бог, але каб здарылася бяда ў Беларусі – нам, відаць, таксама б дапамаглі. Вядома, адзін другому мы павінны дапамагаць. Так вучыць Ісус Хрыстос”.

(Карэспандэнт: ) “Ці павінна Беларусь аказаць дапамогу пацярпелым ад землятрусу й цунамі краінам Паўднёва-Ўсходняй Азіі?”

(Спадарыня Натальля: ) “Вядома. Таму што па Божым Законе мы павінны дапамагаць тым, каму цяжка, хто ў бядзе”.

(Спадарыня Алена: ) “Трэба дапамагчы. Абавязкова”.

(Спадарыня Ірына: ) “Людзі наагул павінны дапамагаць адзін другому. Дапамагаць і любіць адзін другога”.

(Спадар Хведар: ) “Я думаю, што ўсе краіны мусяць дапамагаць у такіх глябальных катастрофах. Гэта вельмі разумна і карысна. Трэба стварыць фонды. І я думаю, што кожны сумленны беларус абавязана сваю долю ўнесьці, каб адчувалася, што мы не ўбаку ад такой людзкой бяды, што адбылася ў Азіі”.

(Спадарыня Віка: ) “Дапамога павінна быць заўжды. Павінны дапамагаць адзін другому. Калі нам спатрэбіцца дапамога, то мы таксама захочам, каб іншыя адгукнуліся на нашу бяду. Так што і мы павінны дапамагчы, не такія мы ўжо і бедныя”.

(Спадар Уладзімір: ) “Хрысьціянская пазыцыя такая, што мы павінны аказаць дапамогу пацярпелым людзям. Я мару, што мы ў бліжэйшы час станем моцныя, і Беларусь дапаможа ня толькі сабе, але й зможа дапамагаць ў поўную моц іншым народам і духоўна, і матэрыяльна”.
XS
SM
MD
LG