Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывала ўкраінская аранжавая рэвалюцыя на настроі беларусаў?


Валер Каліноўскі, Менск У Кіеве пачынаецца дэмантаж намётавага мястэчка на Храшчаціку, з будаўніцтва якога 22 лістапада пачалася аранжавая рэвалюцыя. Рэвалюцыя выканала свае задачы: прэзыдэнтам абраны лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка, прэм’ер Віктар Януковіч пайшоў ў адстаўку, перад Украінай адкрываюцца вялікія дэмакратычныя пэрспэктывы нацыянальнага разьвіцьця і эўрапейскай інтэграцыі. Адна зь лідэраў украінскай апазыцыі Юлія Цімашэнка заявіла, што хоча “крышку аранжавай рэвалюцыі экспартаваць у суседнюю Беларусь, каб настрой там стаў таксама крышку аранжавым”. Наш карэспандэнт падчас навагодніх сьвятаў на сабе выпрабаваў, як рэагуюць людзі на аранжавую сымболіку на менскіх вуліцах.

Трэба адразу сказаць, што аранжавыя шалікі і сьцяжкі менчукі пераважна пазнавалі як сымбалі ўкраінскай рэвалюцыі, многія віталі нас, махалі рукой, крычалі “Ю-шчан-ка”, некаторыя падыходзілі і пыталі, ці мы не з Украіны часам. Група студэнтаў спытала, чаму мы за Юшчанку, самі ж пры гэтым зазначылі, што яны апалітычныя.

Некаторыя маладыя людзі таксама мелі аранжавыя шалікі ці нейкія іншыя элемэнты гардэробу, гэты колер і ў Менску стае модным. Але быў і адзін прыкры выпадак, калі адзін п’яны мужчына гадоў пад 50 літаральна кінуўся на нас з лаянкай, але ягоны спадарожнік здолеў яго стрымаць ад немінучай сутычкі. Так што прапаганда беларускіх і расейскіх СМІ часам спрацоўвае.

Падчас камандзіровак у рэвалюцыйны Кіеў я сустракаў там беларусаў. Іх было даволі лёгка знайсьці, яны зьбіраліся да бела-чырвона-белых сьцягоў на Майдане. Цягам двух месяцаў гэты былі сотні і сотні людзей – як палітычных актывістаў, гэтак і звычайных грамадзянаў, маладых і сталых. Былі таксама беларускія назіральнікі на выбарах. Многія з іх хоць на гадзінку імкнуліся патрапіць на Майдан, каб прасякнуцца атмасфэрай свабоды і перамогі.

Палітычныя актывісты, якія жылі ў намётавым гарадку на Храшчаціку, наўпрост казалі, што прыехалі пераймаць досьвед негвалтоўнай зьмены ўлады. На гэтых людзей кіеўская атмасфэра паўплывала вельмі станоўча. Яны везьлі ў Беларусь ня толькі аранжавыя стужкі і шалікі, але і зусім іншы адрозны ад беларускіх рэаліяў настрой.

Перад новым годам я нечакана сустрэў на Храшчаціку знаёмага супрацоўніка МЗС Беларусі, даволі высокапастаўленага чыноўніка, ён прыязна прывітаўся, але зазначыў, што нешта камэнтаваць ня мае права. Ён таксама купіў сабе памаранчавых сувэніраў. Я спытаў яго, ці будзе ён насіць у Менску аранжавы шалік, і той адказаў, што гэта не абавязкова, бо сэрца ў яго і так аранжавае. Такім чынам украінскія падзеі несумненна паўплывалі на беларусаў, нават у навагодніх паштоўках некаторыя мае сябры пісалі пажаданьне: каб Беларусь стала падобнай на Ўкраіну.
XS
SM
MD
LG