Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барацьба за вызваленьне Міхаіла Марыніча будзе працягвацца


Уладзімер Глод, Менск Барацьба за вызваленьне вядомага беларускага палітыка Міхаіла Марыніча, якога напярэдадні Новага году асудзілі на пяць год зьняволеньня, будзе працягвацца. Пра гэта заяўляюць адвакаты асуджанага, ягоныя родныя, прадстаўнікі беларускай апазыцыі, замежныя палітыкі й грамадзкія дзеячы. Яня не могуць зьмірыцца з жорсткім прысудам, які вынесены 64-гадоваму палітвязьню.

“Дадзены працэс – гэта перасьлед за дэмакратычныя погляды, за актыўную працу ў грамадзтве, за бачаньне эўрапейскага шляху разьвіцьця для Беларусі, за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары”, – так заявіў спадар Марыніч падчас свайго апошняга слова ў судзе 30 сьнежня.

Якія дзеяньні ў падтрымку Міхаіла Марыніча могуць быць самымі першымі ў 2005 годзе? Зразумела, што перадусім трэба чакаць юрыдычных дзеяньняў. Згодна зь беларускім заканадаўствам, афіцыйную копію прысуду, без якой нельга пачынаць працэдуру абскарджаньня, суд мусіць выдаць на працягу пяці дзён з моманту абвяшчэньня прысуду. Простыя падлікі паказваюць, што апошні тэрмін выдачы гэтага дакумэнту – сёньняшні дзень.

У адвакатаў Марыніча, такім чынам, застаецца яшчэ пяць дзён – паколькі, адпаведна таму ж заканадаўству, скаргу на прысуд трэба падаць на працягу 10 дзён з моманту абвешчаньня прысуду. І вось што гаворыць пра гэта адвакат спадара Марыніча Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Мы чакаем афіцыйнай копіі прысуду, і пасьля таго, як мы яе атрымаем, будзем зьвяртацца ў Менскі абласны суд са скаргай на гэты прысуд, таму што мы лічым яго незаконным, неабгрунтаваным і нематываваным у той частцы, якая тычыцца абвінавачваньня”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму менавіта ў Менскі абласны суд?”

(Страмкоўская: ) “Таму, што такі парадак існуе ў заканадаўстве. Калі справу разглядаў менскі раённы суд, то наступная над ім касацыйная інстанцыя будзе Менскі абласны суд”.

Якія бліжэйшыя пляны самых блізкіх родных былога амбасадара й міністра? У мяне адбылася размова з сынам Міхаіла Марыніча – Ігарам. Ён упэўнены, што як прысуд ягонаму бацьку, так і сама гэтая справа сфальсыфікаваныя. Гэта помста чалавеку, які перадусім хацеў бачыць Беларусь нармалёвай эўрапейскай краінай. Таму, як лічыць Ігар Марыніч, немагчыма было патрапіць у судовую залю тым людзям, якія хацелі падтрымаць яго бацьку. Сын зьняволенага сказаў адмыслова для нашага Радыё, што ён абавязкова будзе працягваць барацьбу за вызваленьне бацькі.

(Ігар Марыніч: ) “Адвакаты будуць рабіць юрыдычную справу, мы – сваю. Зразумела, што гэту справу мы так не пакінем. Мы зробім усё, каб кожны, хто мае дачыненьне да гэтай бруднай справы, потым пра гэта пашкадаваў. Усе яны патрапяць у чорны сьпіс. І мы даможамся гэтага любой цаной”.

Згодна з апытаньнем, якое праводзілі незалежныя беларускія сацыёлягі, большасьць апытаных у Беларусі лічаць, што справа Міхаіла Марыніча не крымінальная, а палітычная. Нагадаю, што былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў і амбасадар Міхаіл Марыніч у 2001 годзе сышоў у адстаўку і спрабаваў, няхай і няўдала, зарэгістравацца кандыдатам на тагачасных прэзыдэнцкіх выбарах. Пазьней ён перайшоў у адкрытую апазыцыю да беларускага рэжыму і заявіў пра сваё жаданьне балятавацца на выбарах 2006 году. Шанцы Марыніча на перамогу разглядаліся як дастаткова вялікія.

Але, як мне падаецца, прысуд Марынічу – гэта ня толькі жаданьне выбіць яго з прэзыдэнцкай гонкі, але й папярэджаньне іншым кандыдатам. Дарэчы, менавіта так ацэньвае прысуд былы міністар замежных справаў Беларусі, магчымы патэнцыйны кандыдат на чарговых выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы Пётр Краўчанка.

(Краўчанка: ) “Гэта ўсё невыпадкова. Лукашэнка гэтым адмыслова папярэджвае сваіх патэнцыйных супернікаў. Гэта – пагроза для іншых. Гэта спроба запалохаць усіх астатніх людзей, каб яны, робячы адпаведныя высновы, сядзелі ціхенька й нічога не рабілі. Але нас не запалохаць”.

Што тычыцца міжнароднай рэакцыі, то пакуль вядома, што вырак суду ў справе Марыніча ўжо асудзіў Дзярждэпартамэнт ЗША. Сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат кіпрскага парлямэнту Хрыстас Пургурыдэс, які быў аўтарам справаздачы аб зьніклых палітыках у Беларусі, зазначае, што ён быў шакаваны і засмучаны гэтым рашэньнем: “Зразумела, што рэжым Лукашэнкі паказвае сьвету сваё сапраўднае аблічча. Я вельмі спадзяюся, што міжнародная супольнасьць пасьля гэтага судовага рашэньня зразумее: калі не прадпрымаць сур’ёзныя акцыі супраць гэтага рэжыму і не прымушаць яго адыйсьці ад улады, падзеі ў Беларусі месяц за месяцам будуць разьвівацца ўсё горш. Гэта трагічная заканамернасьць, якой я вельмі расчараваны і спадзяюся, што міжнародная супольнасьць будзе рашуча рэагаваць на гэтае судовае рашэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG