Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве спынілі першы блёк Ігналінскай АЭС


Тацяна Поклад, Вільня. Сёньня ў Літве цалкам спыняецца дзейнасьць першага блёку рэактару Ігналінскай атамнай электрастанцыі. Ігналінская АЭС, пабудаваная 21 год таму, такога самага тыпу, як і Чарнабольская АЭС.

Абавязацельствы закрыць Ігналінскую АЭС, пабудаванай па ўзоры Чарнобыльскай і прызнанай небясьпечнай, Літва узяла на сябе пры далучэньні да Эўразьвязу. Эўрапейская камісія ўжо вылучыла на закрыцьцё першага блёку 10 мільёнаў эўра, яшчэ 14 мільёнаў эўра мае быць вылучана з нацыянальнага фонду закрыцьця АЭС.

Першы блёк рэактару РБМК сёньня пачаў спыняцца пасьля 15.00, да вечара ён быў спынены цалкам. Паводле прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса Літва застанецца ядзернай дзяржавай.

(Адамкус: ) “Літва павінна пабудаваць трэці рэактар, які б адпавядаў найноўшым патрабаваньням і быць цалкам незалежнай ад паставак энэргіі зь іншых краінаў. На пабудову трэцяга рэактару ня будуць выдаткоўвацца грошы зь дзяржаўнага бюджэту, ёсьць шмат зацікаўленых інвэстараў. Літва павінна стварыць для іх умовы, каб у 2009 годзе, калі плянуецца закрыць другі рэактар, мы мелі новую крыніцу электраэнэргіі”.

Пасьля закрыцьця першага блёку з працы вызваленыя 200 супрацоўнікаў станцыі, 500 чалавек застаюцца дзеля абслугоўваньня закрытага першага блёку, пакуль ён ня будзе ачышчаны цалкам ад ядзернага паліва.

Кіраўнік станцыі Віктар Шэвалдзін паведаміў, што вызваленым супрацоўнікам будзе прапанаваная альтэрнатыва – праца на новым прадпрыемстве. Усяго на Ігналінскай АЭС працуе 3525 чалавек, сярэдні заробак на станцыі – 2600 літаў (1040 даляраў).

Паводле адмыслоўцаў, Літва будзе мець і надалей дастаткова электраэнэргіі для ўнутранага спажываньня, але экспарт, у тым ліку і ў Беларусь, зьменшыцца.

Прадстаўнікі руху зялёных заяўляюць, што і пасьля закрыцьця АЭС застаюцца экалягічныя праблемы, зьвязаныя зь ядзернымі адкідамі.

Калі другі блёк ядзернага рэактару будзе спынены, як плянуецца, у 2009 годзе, канчаткова АЭС будзе ачышчаная ад ядзернага паліва не раней чым у 2013 годзе, да гэтага часу на АЭС будуць заставацца супрацоўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG