Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Латвіі для Радыё Свабода: “Прысуд Марынічу выглядае як палітычна матываваны”


Юры Сьвірко, Юрмала Нягледзячы на тое, што ў Латвіі выходны дзень, прэзыдэнтка дзяржавы Вайра Віке-Фрэйбэрга, якая рыхтавалася ў сваёй юрмальскай рэзыдэнцыі сустрэць Новы год, дала эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода з нагоды прысуду Міхаілу Марынічу, былому амбасадару Беларусі ў Латвіі.

(Віке-Фрэйбэрга: ) “Мы зьдзіўленыя ды шакаваныя тым прысудам, які быў вынесены спадару Марынічу. Вырак яму й высунутыя супраць яго абвінавачваньні абсалютна беспадстаўныя. Калі ён быў амбасадарам тут у Латвіі, ён ня толькі заслужыў павагу сярод сваіх калег у дыпляматычным корпусе, але таксама ўсіх людзей нашай краіны.

Я ніколі ня мела ўражаньня, што Міхаіл Марыніч можа зьдзейсьніць злачынства. Я таксама лічу, што трэба судзіць аб людзях паводле іх папярэдняй дзейнасьці. Спадар Марыніч заўсёды быў адданы сваёй краіне. Ён таксама хацеў, каб у ягонай краіне была дэмакратыя.

Калі ён пакінуў Латвію, ён вярнуўся ў сваю краіну, каб удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах як кандыдат. Гэта значыць, спаборнічаць са спадаром Лукашэнкам. Для любой нармальнай краіны гэта натуральна – канкурэнцыя на выбарах.

Мне вельмі цяжка ўявіць, каб спадар Марыніч зьдзейсьніў усё тое, што яму прыпісваюць. Тыя абвінавачваньні, паводле якіх ён быў асуджаны, былі абвергнутыя амэрыканскай амбасадай. Гэты прысуд выглядае як палітычна матываваны. Судовая сыстэма не павінна выкарыстоўвацца для ўціску свабоды слова або апазыцыі. Гэта ўсё вельмі сур''ёзна”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня прэзыдэнт, пасьля сустрэчы з Вамі, дзе абмяркоўваліся спосабы магчымай дапамогі Міхаілу Марынічу, прэм''ер-міністар Латвіі Айгарс Калвітыс сказаў, што Ваша краіна можа зьвярнуцца з гэтай нагоды ў міжнародныя інстытуцыі. Ці не маглі б Вы расказаць пра гэта больш падрабязна – што можа зрабіць Латвія?”

(Віке-Фрэйбэрга: ) “Вельмі цяжка што-небудзь зрабіць у дачыненьні да судовай сыстэмы іншай краіны. Відавочна, што паказаньні супраць Міхаіла Марыніча сфабрыкаваныя. Можна спадзявацца, што пасьля абскарджваньня ў вышэйшы суд гэты вырак можа быць зьменены. Аднак Латвія будзе намагацца зрабіць усё, што можа, каб скасаваць гэты несправядлівы прысуд”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня прэзыдэнт, мы з Вамі размаўляем у самы пярэдадзень Новага году. Што Вы можаце пажадаць беларусам?”

(Віке-Фрэйбэрга: ) “Я хацела б прывітаць народ Беларусі й сказаць, што заўсёды трэба мець надзею на лепшае жыцьцё. Я б хацела нагадаць, Латвія цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў змагалася й чакала незалежнасьці. Таксама важна, каб людзі ведалі пра свае правы й ведалі, да чаго падобная павінна быць іх краіна. Ёсьць шмат нядаўніх прыкладаў таго, як сытуацыя зьмянялася вельмі хутка на карысьць дэмакратыі. Я б хацела пажадаць народу Беларусі, каб новы год стаў для яго шчасьлівым”.
XS
SM
MD
LG